Быў ці не быў? або Геаграфія першадрукара

№ 22 (1305) 03.06.2017 - 09.06.2017 г

Падарожжа вакол свету з “Малой падарожнай кніжыцай” і не толькі
Як Полацк прадвызначыў лёс Францыска Скарыны і чаму беларускі першадрукар вырашыў распачаць сваю выдавецкую дзейнасць менавіта ў Празе? Пра шляхі знакамітага асветніка 500 гадоў таму “К” распавёў даследчык яго дзейнасці, культуролаг, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.

/i/content/pi/cult/640/14231/6-1.jpg— Да нядаўняга часу было прынята казаць пра рэаліі жыцця Скарыны ў кантэксце нашага сучаснага разумення тагачаснага свету, — кажа спецыяліст. — Вельмі часта можна сустрэць звесткі пра Скарыну ў Беларусі, Чэхіі, Германіі ці ў Італіі, але мы павінны ўсвядоміць, што ў той час такіх краін яшчэ не існавала — былі зусім іншыя з пэўнымі адметнасцямі, якія могуць прынцыпова адрознівацца ад нашага разумення гэтых тэрыторый сёння. Часам складана вызначыць храналогію перамяшчэнняў Скарыны. Вядома, што ў некаторыя краіны ён прыязджаў не раз, пра некалькі з іх мы можам наогул толькі выказваць версіі.

Полацк. Вялікае Княства Літоўскае. Каля 1490 — 1504 года

Нарадзіўся, правёў першыя гады жыцця і атрымаў пачатковую адукацыю.

— Ёсць шэраг гіпотэз пра час нараджэння Скарыны ў Полацку. Найбольш верагодная версія, што гэта адбылося каля 1490 года. Дакладных звестак не захавалася ці яны не выяўленыя, а гіпотэзы грунтуюцца на ўскосных сведчаннях. Вядома, што Францыск быў сынам купца Лукі Скарыны і што прадстаўнікі яго сям’і валодалі нерухомасцю ў Замку — на тэрыторыі непадалёк ад полацкай Сафіі. Магчыма, менавіта ў Полацку Скарына мог атрымаць сваю пачатковую адукацыю: у сям’і ці пры манастыры — мы таго не ведаем. Па адной з гіпотэз, ён мог вучыцца пры бернардзінскім манастыры. Ёсць меркаванне, што Скарына пражыў у Полацку гадоў да чатырнаццаці, пакуль не паехаў паступаць у Ягелонскі ўніверсітэт у 1504 годзе. Полацк як старажытная духоўная культурная сталіца Беларусі ў чымсьці прадвызначыў лёс Скарыны.

Вільня. Вялікае Княства Літоўскае. 1520 — 1530-я гады

Адкрыў друкарню, ажаніўся, працаваў сакратаром біскупа, магчыма, удзельнічаў у стварэнні батанічнага сада.

— Па дарозе з Полацка ў Кракаў Скарына мог заехаць у Вільню, вучыцца там, атрымаць першыя кантакты і сувязі, магчыма, пэўную фінансавую падтрымку. Падчас сваёй выдавецкай дзейнасці ў Празе Скарына бясспрэчна супрацоўнічаў з віленскімі ўплывовымі персонамі. На многіх ранніх пражскіх выданнях на тытульных аркушах ці ў іншых месцах нярэдка можна знайсці рукапісны запіс прыблізна наступнага зместу: “Гэта адбылося накладам Багдана, Онкава сына, радцы месца Віленскага”. Гэта сведчыць пра тое, што Багдан Онкаў быў адным з фундатараў дзейнасці Скарыны і займеў частку наклада для рэалізацыі альбо нейкім чынам саўдзельнічаў у выпуску гэтых кніг. Ужо падчас працы ў Вільні Скарына сам узгадвае яшчэ аднаго мецэната — Якуба Бабіча, у доме якога знаходзілася друкарня. Гэта была першая падобная ўстанова ў Вялікім Княстве Літоўскім. У ёй каля 1522 года пабачыла свет “Малая падарожная кніжка”.

Пасля выпуску “Апостала” ў 1525 годзе і дзесьці да сярэдзіны 1530-х Скарына працаваў сакратаром ці пісарам віленскага біскупа Яна. Якраз у той перыяд пры бернардзінскім манастыры быў заснаваны батанічны сад. Хто ведае, магчыма, Скарына, які меў медыцынскія ў шырокім сэнсе, а значыць, і батанічныя веды, мог мець дачыненне да стварэння сада.

У Вільні ён пабраўся шлюбам з Маргарытай — удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка. Скарына жыў з жонкай у доме непадалёк ад Гандлёвай плошчы. Там у яго, відаць, нарадзіліся дзеткі. У дакументах яны згадваюцца ў множным ліку, але ўпэўнена можам казаць толькі пра двух. Малодшы Францішак загінуў у полымі пажару ў Празе ў 1541 годзе. Старэйшы сын Сымон жыў потым у Чэхіі. Маргарыта памерла адносна хутка пасля нараджэння дзетак.

Кракаў. Польскае Каралеўства. 1504 — 1506 год

Атрымаў вышэйшую адукацыю — ступень бакалаўра вольных навук у Ягелонскім універсітэце.

— Кракаў на той час быў горадам, дзе знаходзіўся адзіны ва Усходняй Еўропе і найбліжэйшы да Вялікага Княства Літоўскага ўніверсітэт, таму многія папярэднікі і сучаснікі Скарыны таксама вучыліся там ці ў іншых еўрапейскіх установах. Скарына паступіў у Ягелонскі ўніверсітэт у 1504 годзе і ў 1506-м завяршыў навучанне, атрымаўшы ступень бакалаўра — у вольных навуках. Прасцей кажучы, у філасофіі. Універсітэт у Кракаве быў не горшым за сярэднія еўрапейскія ўніверсітэты, у ім выкладалі вядомыя навукоўцы. Там давалі і першасную медыцынскую адукацыю. Магчыма, менавіта ў Кракаве Скарына вучыўся медыцыне, бо ў Падуі ён толькі абараніў доктарскае званне.

Верагодна, яшчэ ў Кракаве Скарына вызначыў, чым будзе займацца ў далейшым, бо там узнікла першая ў свеце друкарня, якая выпускала кнігі з кірылічным шрыфтам у 1491 — 1493 гадах. З-за пэўнага ўціску, арганізацыйных і ідэалагічных цяжкасцей яна вельмі хутка скончыла сваю працу, і яе выданні на царкоўнаславянскай мове, відаць, не атрымалі шырокага распаўсюджання. Гэта была не адзіная ў горадзе друкарня, таму з вопытам кракаўскіх друкароў Скарына быў бясспрэчна знаёмы.

Скарына з Жыгімонтам Старым — каралём польскім і вялікім князем літоўскім — фігуруюць разам у адных лістах. Магчыма, мела месца асабістае знаёмства, бо кароль пастаянна знаходзіўся ў Кракаве.

Капенгаген. Дацкае Каралеўства. 1509 — 1512 год

Працаваў сакратаром караля.

— Пры здачы экзамена на ступень доктара ў лекарскіх навуках у Падуі ў лістападзе 1512 года Скарына называе сябе сакратаром караля Даніі. Ёсць меркаванне, што ён трапіў у Капенгаген у якасці аднаго з дыпламатаў ад Вялікага Княства Літоўскага ў 1509 годзе. У той час Данія фактычна кантралявала рэгіён ад Балтыйскага да Паўночнага мора, у некаторых пытаннях падтрымлівала Маскоўскую Дзяржаву, таму стасункі паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Дацкім Каралеўствам тады былі не вельмі спрыяльнымі. Жыгімонт I накіраваў у Капенгаген дэлегацыю для заключэння дамовы аб сяброўстве паміж краінамі. Скарына мог быць адным з яе ўдзельнікаў. Магчыма, ён застаўся ў Капенгагене працаваць пры двары ці вучыцца ў мясцовым універсітэце.

Рым. Папская Вобласць. 1512 год

Магчыма, прыязджаў на Пяты Латэранскі Сабор.

— Скарына мог быць удзельнікам Пятага Латэранскага Сабора ў 1512 годзе. Каталіцкі сусветны сабор — справа важная, куды прыязджалі дыпламаты з многіх краін, таму ў Рыме ў гэты час вяліся перамовы і па палітычных пытаннях. Скарына як спецыяліст па Усходняй Еўропе мог быць у складзе дэлегацыі Даніі ў якасці аднаго з сакратароў караля. Магчыма, у Рыме ён зрабіў сваю справу і вяртаўся назад праз Падую.

Падуя. Венецыянская Рэспубліка. 1512 год

Атрымаў ступень доктара медыцынскіх навук.

— Падуанскі ўніверсітэт — унікальная навучальная ўстанова, дзе захоўвалася талерантнасць па палітычных, рэлігійных і іншых пытаннях. Гэты плюралізм, ідэі гуманізму і вальнадумства, магчыма, і прывабілі Скарыну.

У Падуанскім універсітэце ён як небагаты чалавек бясплатна дапускаецца да здачы іспытаў. У той час не трэба было пісаць дысертацыю, каб атрымаць доктарскую ступень, а толькі адказваць на іспыце на пытанні ўсіх вучоных і спецыялістаў. На працягу двух дзён у дыспутах з вучонымі Скарына абараняў свае навуковыя тэзісы. Ён бліскуча вытрымаў іспыт і 9 лістапада атрымаў дыплом доктара ў лекарскіх навуках. Хутчэй за ўсё, гэта адбылося ў палацы падуанскіх епіскапаў.

Сёння мы не можам убачыць будынкі ўніверсітэта таго часу, бо да сярэдзіны XVI стагоддзя яго памяшканні былі раскіданыя па горадзе, пакуль адмыслова пад патрэбы ўніверсітэта не аддалі Палац дэль Бо. Гэты стары будынак XVI стагоддзя найчасцей паказваецца, калі размова ідзе пра Падуанскі ўніверсітэт, і там вісіць мемарыяльная дошка Скарыну, але ён у ім ніколі не быў. Там жа створаная “Зала сарака”, дзе стаіць кафедра Галілеа Галілея, з якой ён нібыта чытаў лекцыі, і вісяць партрэты 40 найбольш вядомых выпускнікоў. У тым ліку і партрэт Скарыны, напісаны ў 1942 годзе.

Прага. Каралеўства Чэхія. Каля 1515 — пачатак 1520-х, 1530-я — каля 1551 года

Выпусціў першую кнігу і праславіўся сваёй друкарскай справай, працаваў каралеўскім медыкам і садоўнікам, памёр.

— На думку даследчыкаў, Францыск Скарына прыехаў у Прагу каля 1515 года. Па адной з гіпотэз, у складзе дэлегацыі вялікага князя літоўскага і польскага караля Жыгімонта Старога ён прымаў удзел у Венскім кангрэсе, адкуль мог разам з каралём Чэхіі пераехаць у Прагу, дзе працягнуў сваю працу ў якасці пасла ці сакратара. Тым больш што кароль Уладзіслаў ІІ быў родным братам Жыгімонта Старога.

У жніўні 1517 года выйшла першая кніга — “Псалтыр”. У тым жа годзе Скарына апублікаваў чатыры кнігі Старога Запавету, а на працягу наступных двух гадоў — яшчэ не менш за дзевятнаццаць. Апошняя магла выйсці ў 1520-м годзе. Мы не ведаем, ці надрукаваў ён усе кнігі Старога Запавету. Магчыма, былі іншыя невядомыя нам сёння выданні. Мы дакладна не ведаем і тое, дзе Скарына выдаваў свае кнігі. Найбольш верагодна, што ён скарыстаўся паслугамі адной з пражскіх друкарняў, якая знаходзілася ў Старым горадзе.

Невыпадкова для здзяйснення сваіх выдавецкіх планаў абраў Скарына Прагу. Кнігадрукаванне ў Чэхіі развівалася недзе з 1460-х гадоў. Менавіта чэхі першымі пераклалі і надрукавалі Біблію на сваёй мове ў 1488 годзе. Самы знакаміты чэшскі пераклад, верагодна, актыўна выкарыстаны Скарынам у якасці прыклада, быў выдадзены ў Венецыі ў 1506 годзе. У Празе таксама была вельмі добрая школа майстроў гравюры, чым не мог не скарыстацца Скарына. Таму тую ж самую гравюру, што мы бачым на адной з першых старонак “Псалтыра”, можна знайсці ў больш ранніх чэшскіх выданнях.

Другі раз у Празе Скарына з’яўляецца ў другой палове 1530-х, калі прыязджае па запрашэнні Фердынанда I працаваць у якасці каралеўскага медыка і садоўніка ў нядаўна адкрытым батанічным садзе. Сёння гэта адзін з найстаражытнейшых дзеючых батанічных садоў у Еўропе. З Чэхіяй звязаныя апошнія гады жыцця Скарыны. Верагодна, што ён памёр каля 1551 года, бо пачаткам 1552 года датуецца ліст Фердынанда да Сымона Скарыны ўжо з прапановай забраць маёмасць памерлага бацькі. Але дзе ён пахаваны, невядома.

Масква. Вялікае Княства Маскоўскае. 1520-я гады

Магчыма, прыязджаў прадаваць кнігі і іх там спалілі.

— У сваіх лістах сярэдзіны XVI стагоддзя кароль Жыгімонт Аўгуст піша, што ў часы яго бацькі Жыгімонта Старога быў друкар кніг рускіх, які выдаў Біблію і паехаў прадаваць свае кнігі ў Маскву. Там іх спалілі, і сам ён ледзь выратаваўся ўцёкамі. Акрамя Скарыны, іншых друкароў рускіх кніг за часамі Жыгімонта Старога не было. На гэтай падставе часта выказваецца меркаванне, што ў 1520-я Скарына спрабаваў наладзіць гандаль з Масквой ці адкрыць там сваю друкарню. Але дакладна пра гэта нічога невядома.

Вітэнберг. Курфюрства Саксонія. Сярэдзіна 1520-х гадоў

Магчыма, пазнаёміўся з Марцінам Лютарам.

— Паводле сведчанняў Філіпа Меланхтона, аднаго з дзеячаў Рэфармацыі і самага блізкага сябра ідэолага нямецкага рэфармацыйнага руху Марціна Лютара, недзе ў сярэдзіне 1530-х гадоў у Вітэнберг прыязджаў адзін “паляк” — доктар Францыск. Ён уразіў Лютара сваёй вучонасцю, і размова ў іх была доўгая. Лютар прапанаваў сустрэцца на наступны дзень, але ўначы яму прымроілася, што гэты Францыск — пасланнік польскіх епіскапаў, прысланы звесці яго са свету. Уначы Лютар збег з горада і напісаў лісты ў мясцовую мэрыю з просьбай злавіць госця і катаваць. Арыштоўваць яго ніхто не стаў, патлумачылі сітуацыю і папрасілі з’ехаць. Яшчэ ў XIX стагоддзі вядомы славенскі мовазнаўца і даследчык старажытных пісьмовых помнікаў Варфаламей Копітар выказваў меркаванне, што гэта мог быць Францыск Скарына, але сцвярджаць гэта мы не можам.

Познань. Польскае Каралеўства. Канец 1520-х — пачатак 1530-х гадоў

Сядзеў у турме.

— У выніку неаднаразовых скаргаў варшаўскіх яўрэяў на Францыска Скарыну за тое, што ён атрымаў у спадчыну ад свайго брата Івана пэўную маёмасць і не разлічыўся па рахунках, яго арыштавалі і пасадзілі ў познаньскі астрог. Сапраўды, Скарына атрымаў пэўную маёмасць брата і стаў яшчэ абавязаны людзям, пра якіх нічога не ведаў. Ёсць меркаванне, што справу сфабрыкавалі, бо было каму і за што на яго злавацца. Падчас разбіральніцтва ў Познань прыехаў пляменнік Скарыны Раман і сказаў, што ён сын свайго бацькі і яму разбірацца з пазыкамі, але ўсё ж такі спатрэбіліся яшчэ і асабістыя ахоўныя лісты з боку караля і вялікага князя Жыгімонта Старога на імя Скарыны, каб справа вырашылася і яго адпусцілі.

Кёнігсберг. Прускае Герцагства. 1530 год

Вывез з краіны каралеўскага друкара і лекара.

— Наш першадрукар трапіў туды па запрашэнні герцага Альбрэхта Гагенцолерна, з лістоў якога зразумела, што Скарына мусіць праявіць свае лекарскія здольнасці. Даследчыкі звязваюць запрашэнне з эпідэміяй, што спустошыла ў той час многія еўрапейскія краіны і дайшла да Прусіі. Існуе і меркаванне, што ў Кёнігсберг Скарына прыехаў менавіта для таго, каб падтрымаць сваю выдавецкую дзейнасць. Яго талент у Прусіі быў высока ацэнены, Скарына прыняты ў набліжанае да герцага кола людзей. Калі ён з’язджаў, то патаемна вывез з сабой каралеўскага друкара і лекара. Яго ўчынак выклікаў жорсткую рэакцыю герцага і потым уводзіў у ступар усіх даследчыкаў. Упэўнены, што тое было здзейснена зусім не выпадкова.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"