“Самаходы” з Сібіры

№ 22 (1305) 03.06.2017 - 09.06.2017 г

Тры з паловай тысячы кіламетраў да радзімы продкаў
Аграгарадок Рагінь Буда-Кашалёўскага раёна з 2 па 4 чэрвеня прымае сваіх суродзічаў — нашчадкаў перасяленцаў, якія ў канцы ХІХ стагоддзя з прычыны малазямелля выехалі ў Сібір і заснавалі на тэрыторыі сучаснага Вікулаўскага раёна Цюменскай вобласці Расіі некалькі вёсак — Ермакі, Асінаўка, Ялоўка. За беларусамі ў Сібіры замацавалася назва “самаходы”. Арганізацыі гэтага візіту паспрыяла доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга ЛАБАЧЭЎСКАЯ, якая вывучала побыт беларусаў Сібіры. Даследчыца распавяла “К” пра здымкі фільма “Самаходы” (2017), іх памяць пра радзіму продкаў і цяперашні стан беларускай культуры ў Сібіры.

/i/content/pi/cult/640/14230/11-1.jpg— Нашчадкі перасяленцаў-самаходаў ідэнтыфікуюць сябе як беларусы. Яны захавалі традыцыйныя беларускія абрады: Купалле, Каляды, штогадовы перанос на Раство абраза-свячы, у сваёй гаворцы — шмат беларускіх назваў, багаты песенны фальклор, традыцыю варыць піва на святы. Варта разумець, што перасяленцы пачатку ХХ стагоддзя, падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы, — гэта ўжо позняя хваля адносна тых, хто пераехаў у 1880-х. Яны вельмі часта перасяляліся ўжо да сваіх родных.

Супольнасць прымае ўдзел у беларуска-расійскай сацыяльна-культурнай праграме “Вяртанне”, якая мае на мэце пашырэнне ведаў аб лакальнай гісторыі і культуры жыхароў аграгарадка Рагінь, а таксама стварэнне культурнай прасторы для ўзнаўлення мясцовых традыцый і сваяцкіх сувязей з суродзічамі з сяла Ермакі Вікулаўскага раёна Цюменскай вобласці Расіі.

Што пабачаць “самаходы” на радзіме

— З Ермакоў прыязджае 11 чалавек, у тым ліку начальнік адміністрацыі Ермакоўскага сельскага пасялення Святлана Ажгібесава і народны фальклорны калектыў “Расіяначка” пад кіраўніцтвам загадчыцы Ермакоўскага сельскага клуба Надзеі Вычужанінай. Госці наведаюць музей славы Рагінскай школы, куды перададуць матэрыялы аб першых перасяленцах з Ермакоўскага краязнаўчага музея. У Рагінскім цэнтры народнай творчасці абмяркуюць радаводы сем’яў Мельнікавых, Новікаў і Чарняковых, якія пачаліся ў Рагіні, паглядзяць дакументальную стужку “Самаходы” і сустрэнуцца з яе творчай групай. 4 чэрвеня адбудзецца свята вёскі Рагінь, у якім свае траецкія абрады прадэманструюць як мясцовыя калектывы “Крыніца” і “Верасок”, так і “Расіяначка”. Будзе праведзена дэгустацыя самаробнага піва, рэцэпт якога захавалі сібірскія самаходы.

Гэты візіт стаўся магчымым дзякуючы Міжнароднаму грамадскаму аб’яднанню “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Буда-Кашалёўскаму райвыканкаму, Рагінскаму сельскаму савету, Адміністрацыі Вікулаўскага муніцыпальнага раёна Цюменскай вобласці Расіі і Цэнтру культуры і дасуга Вікулаўскага раёна.

Беларушчына на сібірскай глебе

— Было цікава паглядзець, якія аспекты беларускай традыцыйнай культуры захаваліся ў перасяленцаў. Першым разам мы былі адзін дзень, які мяне вельмі ўразіў. Другі раз я туды трапіла ў 2014-м разам са студэнтамі кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, у якога дзейнічае дамова з адпаведнай установай у Цюмені. Гэту паездку аплочваў наш універсітэт. З дзвюма нашымі студэнткамі, Палінай Курановіч і Марынай Шэлег, пасля іх удзелу ў фальклорным конкурсе ў Цюмені мы паехалі ў беларускія вёскі. Тады нарадзілася ідэя зафіксаваць праявы мясцовай культуры. Старое пакаленне, дзеці першых перасяленцаў, што нарадзіліся ўжо ў Сібіры, але ад бацькоў успрынялі беларускую культуру, традыцыі, мову, паступова адыходзіць. Гэта людзі 1920-х гадоў нараджэння. З інфармантамі такога ж узросту мы працуем і ў Беларусі.

У Сібіры сітуацыя троху адрозніваецца ад беларускай. Там перасяленцы, што заснавалі вёскі ў перыяд з 1880-х гадоў да 1900-х (населеныя пункты Асінаўка, Ермакі, Ялоўка, Жыгулі), фактычна займалі неабжытыя месцы, дзе не было мясцовага насельніцтва. Такое кампактнае пасяленне дазволіла ім захаваць сваё, яны вельмі моцна трымаліся традыцый. “Самаходамі” звалі перасяленцаў, бо яны прыйшлі добраахвотна і “сваім ходам”, хаця гэта не зусім так. Яны ехалі чыгункай да Цюмені і Ішыма, а адтуль ужо ішлі пешкі, наймалі коней, падводы. Гэта яшчэ пару соцень кіламетраў, а то і больш. Мясцовыя звалі беларусаў “самаходы”, а яны, у сваю чаргу, мясцовых — “чалдоны” (рускае старое насельніцтва Сібіры, што там з’явілася ў XVII стагоддзі). Потым “самаходы” стала і саманазвай. Прадстаўнікі ж старэйшага пакалення кажуць, што іх продкі прыйшлі не з Беларусі, а з Расіі, бо гэта была тэрыторыя Расійскай імперыі. Калі ўтварылася БССР, з’явілася ўсведамленне, што іх карані менавіта там. Калі першым перасяленцам выдавалі пашпарты, то ў якасці месца нараджэння пазначылі Магілёўскую вобласць, а не губерню. Калі мужчыны ішлі на вайну, то імкнуліся паглядзець на радзіму бацькоў, у 1960-х вялося ліставанне. І сёння ўсе кажуць, што хацелі б пабываць на радзіме продкаў.

Для вяскоўцаў ермакоўскі клуб з’яўляецца вельмі істотным месцам. Шмат робіць яго загадчыца Надзея Вайчужаніна, збірае людзей. На Дзень вёскі, Дзень пажылога чалавека запрашае бабуль. Спеўны гурт, што дзейнічае пры клубе, завецца “Расіяначка”, аднак, у іх рэпертуар, запісаны ад старых бабуль, што валодалі беларускай традыцыяй. У спявачак, дарэчы, вельмі добрыя галасы.

Спачатку захоўваўся шырэйшы спектр з’яў, у Ермаках я нават запісала ўспаміны аб выкліканні дажджу. Былі адметныя памінальныя звычаі, на могілках завязвалі ручнікі. Перасяленцы прывезлі з сабой у Сібір тэкстыль. А з пераноснай Свячой не зусім зразумела: ці то абраз быў прывезены з Беларусі, ці то набыты ў Сібіры. Але звычай гэта беларускі, падняпроўскі, нават калі аброк на Свячу быў зроблены ўжо ў Сібіры. Адзін чалавек можа абракнуцца, а потым абраз са свячой становіцца агульным, можа пераходзіць між жыхарамі ўсёй вёскі ці яе асобнай часткі. Я схіляюся да думкі, што сам абраз быў набыты ўжо ў Сібіры, але афармленне ківоту зроблена па старых, падняпроўскіх, традыцыях. Ды і структура звычаю пераносу Свячы — таксама беларуская. Свяча становіцца цэнтрам, што аб’ядноўвае калектыў, мабыць, таму свячныя абрады маюць такую высокую ступень захаванасці як у Беларусі, так і сярод сібірскіх перасяленцаў. Да таго ж, у вёсцы доўга не было царквы, толькі пару гадоў таму зрабілі каплічку з будынка былой крамы. Таму абраз-Свяча выконваў і ролю сакральнага цэнтра.

Вёска Ермакі адрозніваецца ад беларускай. Тых хат, што ўзвялі адразу пасля перасялення, не захавалася. Спачатку будавалі як у Беларусі, але новыя ўмовы патрабавалі новых тэхналагічных прыёмаў, перасяленцы прыгледзеліся да мясцовых і сталі будаваць, як яны: хаты з высокай падлогай, якая не прамярзае, чатырохсхільныя дахі замест двухсхільных. Таму можна сказаць, што матэрыяльная культура там больш сібірская, чым беларуская. Але ментальнасць гэтых людзей, антрапалагічны тып захавалі беларускасць. Знаходзячыся там тыдзень, забываешся, што ты не дома.

Пра здымкі фільма “Самаходы”

— Трэцім разам у Сібір мы паехалі ў жніўні 2016-га ўдзвюх з рэжысёркай Ірынай Волах, скажам так, “выбраць натуру”. Мы разам зрабілі ўжо не адзін фільм, добра спрацаваліся (першыя стужкі з “Белвідэацэнтрам” здымалі яшчэ ў 2010-м). Везці адразу здымачную групу не рызыкнулі — паездка дарагая, далёкая. Тады мы патрапілі на свята вёскі. Паглядзелі, як людзі трымаюцца сваіх песень, звычаяў, кулінарных традыцый. Нас вельмі цікавіла піва. Яны прывезлі ў Сібір з сабой рэцэпт, хмель. Калісьці ў Беларусі быў шырока распаўсюджаны выраб гэтага напоя як рытуальнага, абрадавага. У Беларусі хатняе піва выціснула гарэлка, а тут яны былі далёка ад іншых вёсак і буйных паселішчаў (там і сёння да райцэнтра амаль 70 кіламетраў, і дарога кепская, толькі апошнім часам яе зрабілі), таму жыхары Ермакоў дасюль вараць піва на ўсе святы: дні народзінаў, гадавыя царкоўныя святы, калі з’язджаюцца родныя... Яшчэ, я мяркую, істотны фактар, што так рабілі іх дзяды. Яны трымаюцца і іншых звычаяў: акрамя абраза Свячы на Каляды, спяваюць... Яны прывезлі ўсё гэта з Беларусі і для іх гэта вельмі істотныя праявы культуры.

Нашы здымкі праходзілі ў канцы верасня — на пачатку кастрычніка. Тады святкавалі Дзень пажылога чалавека. Мы жылі ў Ермаках амаль тыдзень. Хадзілі па вёсцы, назіралі, размаўлялі. Быў час троху ўжыцца ў мясцовыя рэаліі. Мяркую, у фільме гэта адчуваецца. Там паказана супольнае застолле ў клубе, для якога было зварана піва. Мы здымалі працэс гатавання як ён ішоў, адмыслова не прасілі нам прадэманстраваць нешта. Людзі ў кадры робяць тое, што рабілі б і без нас.

Над “Самаходамі” працавала вельмі прафесійная здымачная група. Ты можаш напісаць сцэнарый, а ў выніку атрымаць зусім не тое, што планавалася. Аператар глядзіць скрозь аб’ектыў, мае пэўны падыход да здымак. Матэрыялу было адзнята вельмі шмат, таму пытанне было і што пакінуць падчас мантажу. Можа, не ўсё мы змаглі ўціснуць у канчатковы варыянт, але я спадзяюся, што фільм дае адчуванне рытму жыцця беларускай вёскі ў Сібіры, раскрывае пытанні самаідэнтыфікацыі герояў. Для іх істотна адчуванне повязі з Беларуссю, што яны лічаць сябе беларусамі, спяваюць беларускія песні, дзеці вучаць вершы.

Вывучэнне любых перасяленцаў з тэрыторыі Беларусі, і “самаходаў”, і стараабрадцаў, якіх выганялі з Веткі — патрэбны напрамак даследаванняў. Шкада, што ў нас ён зусім не распрацаваны. Патрэбныя сумесныя экспедыцыі расійскіх і беларускіх навукоўцаў.

Апошнім часам да мяне ўсё часцей звяртаюцца жыхары Расіі, якія шукаюць свае беларускія карані. Напрыклад, “магілі” — перасяленцы 1914 года з Магілёўскай губерні ў Яраслаўскую. Яны запісвалі звесткі ад старэйшых людзей, апублікавалі шэраг артыкулаў... Нядаўна быў у прэсе матэрыял пра тудаўлянаў — таксама расійская народнасць беларускага паходжання. Ёсць імкненне быць не проста расіянамі, а ведаць свае карані, традыцыі. Я лічу, гэта стратэгічны кірунак для Беларусі — падтрымка беларусаў за мяжой, даследаванне іх культуры. Гэта істотна для разумення механізмаў фармавання і падтрымання нацыянальнай ідэнтычнасці.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"