Вектар дзён культуры

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

У Каралеўстве Камбоджа з 20 па 23 мая прайшлі Дні культуры Беларусі.

/i/content/pi/cult/639/14220/2-3.jpgУ Пнампені ў канцэртнай зале 21 мая адбылося іх адкрыццё. На цырымоніі гасцей віталі намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік, які ўзначальвае афіцыйную дэлегацыю Беларусі, і міністр культуры і выяўленчага мастацтва і музыкі Камбоджы Фаеурнг Сахона. Гаспадары прадставілі невялікую канцэртную праграму: выступіў танцавальны калектыў Міністэрства культуры і выяўленчага мастацтва і музыкі.

Як адзначыў Васіль Чэрнік, народы Беларусі і Камбоджы маюць гістарычны вопыт і багатыя культурныя традыцыі, знаёмства з нацыянальнай спадчынай краін здольна ўзаемна ўзбагаціць культуры. “Дзякуючы старажытным традыцыям і высокаму ўзроўню культуры Камбоджы ўдалося перажыць усе цяжкія часы і захаваць сваю ўнікальнасць. Беларускі народ таксама вылучаецца сваёй арыгінальнай самабытнай культурай, карані якой ідуць у векавую гісторыю”, — сказаў намеснік міністра. Ён выказаў надзею, што правядзенне абменных Дзён культуры стане добрай традыцыяй, якая паслужыць укладам у пашырэнне і ўмацаванне дружбы паміж народамі краін.

Камбаджыйскія гледачы цёпла прымалі выступленні Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, заслужанай артысткі Беларусі, салісткі Маладзёжнага тэатра эстрады Вікторыі Алешка. Перад пачаткам канцэрта адкрылася выстава Нацыянальнага гістарычнага музея “Беларусь і беларусы” і персанальная выстава беларускага мастака Васіля Ясюка.

/i/content/pi/cult/639/14220/2-4.jpgЯркім выступам беларускіх майстроў мастацтваў адкрыліся ў Ханоі Дні культуры Беларусі ва В’етнаме.

На канцэрце выступілі заслужаны калектыў Беларусі Дзяржаўны ансамбль танца, салістка Маладзёжнага тэатра эстрады, заслужаная артыстка нашай краіны Вікторыя Алешка, артыст Анатоль Тарас. У в’етнамскім цэнтры выставы мастацтва і культуры адкрыліся экспазіцыі мастака Васіля Ясюка “Промні натхнення” і Нацыянальнага гістарычнага музея “Беларусь і беларусы”.

Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця падзеі намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік, у апошнія гады развіццё беларуска-в’етнамскіх адносін актывізавалася ва ўсіх сферах. Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, дзяржавы пастаянна знаходзяць новыя магчымасці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Культурныя сувязі паміж Беларуссю і В’етнамам таксама мацнеюць. Год ад года добрыя традыцыі напаўняюцца новым зместам у выглядзе рэальных культурных праектаў.

Васіль Чэрнік таксама сустрэўся 25 мая з намеснікам міністра культуры В’етнама Выог Зуі Біццё. Прадстаўнікі ведамстваў абмеркавалі такія тэмы, як супрацоўніцтва паміж музеямі і бібліятэкамі, установамі адукацыі, арганізацыю абменных гастроляў тэатраў, а таксама рэалізацыю іншых сумесных праектаў у галіне культуры і мастацтва.

Дні культуры працягваліся ў в’етнамскай правінцыі Лаокай 26 мая. У адказ Дні культуры В’етнама ў Беларусі плануецца правесці ў 2018 годзе.