І ў Пекіне, і ў Чанчуне

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Сёння ў Пекіне распачаліся Дні культуры нашай краіны ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы.

У Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь паведамляюць, што мерапрыемствы будуць доўжыцца да 30 мая, а культурная праграма Дзён складаецца з балета Пятра Чайкоўскага “Лебядзінае возера”, які пакажа Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, выставы сучаснай беларускай графікі з фондаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і майстар-класаў старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцы.

У дзелавых планах — правядзенне другога сумеснага пасяджэння камісіі па культурным узаемадзеянні Беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве. На пасяджэнні плануецца абмеркаваць пытанні стану і прыярытэту двухбаковых стасункаў Беларусі і Кітая ў гуманітарнай сферы. Натуральна, на двухбаковых сустрэчах будуць закранутыя і сумесныя культурныя захады.

Мяркуецца, што міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў падпіша Пагадненне аб супрацоўніцтве Міністэрстваў дзвюх краін і Галоўнага дзяржаўнага ўпраўлення па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання Кітайскай Народнай Рэспублікі ў сферы кінематаграфіі.

У адпаведнасці з Пратаколам даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, дадзеных 10 — 12 мая 2015 года па выніках афіцыйнага візіту ў нашу краіну Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна, Міністэрства культуры Беларусі плануе 30 мая адкрыць у Пекіне Цэнтр культуры Беларусі (Цэнтр культуры Кітая ў Мінску адкрыўся 21 снежня мінулага года). Ва ўрачыстых мерапрыемствах з гэтай нагоды будуць браць удзел міністр культуры нашай краіны, прадстаўнікі Міністэрства культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі, адміністрацыі Пекіна, дыпламатычнага корпуса і творчай інтэлігенцыі.

А ў горадзе Чанчуне з 26 па 31 мая пройдзе Тыдзень дружбы паміж Беларуссю і Кітаем, прысвечаны 25-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных зносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. 28 мая адкрыюцца Дні беларускага кіно, міністр Барыс Святлоў прэзентуе ў Цзіліньскім універсітэце Чанчуна культурны патэнцыял Беларусі. Выступіць Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь — ансамбль беларускай песні “Церніца”.

Паводле інфармацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь