Палётны стан Станюты

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Жыццё “гімнастычнага чалавека”
У канцы мінулага года знакамітая гімнастка Меліціна СТАНЮТА — 16-ціразовы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь — падвяла вынік уласна спартыўнай кар’еры. Але ў 23 гады жыццё толькі пачынаецца! Чым яно напоўнена ў Меліты сёння?

/i/content/pi/cult/639/14211/6-1.jpg— Пачну з “рэкламнай паўзы”. Апошнім часам вы глядзіце на нас з вялізных банераў, подпіс на якіх — “Напоўні жыццё тым, што важна”. А што сёння важна асабіста для вас? На тых выявах вы не ў час выступленняў — дык з гімнастыкай “скончана”?

— Чаму ж? Яна і дагэтуль застаецца для мяне важнай. Ёй былі аддадзены 20 гадоў жыцця, і маё сэрца, душа заўсёды будуць ёй належаць. Але гэта не значыць, што ў жыцці няма месца больш ні для чаго. Так, я завяршыла сваю спартыўную кар’еру, але мяне часта запрашаюць правесці майстар-класы: літаральна штотыдзень накіроўваюся ў новую краіну. Такія паездкі дапамагаюць папулярызаваць мастацкую гімнастыку. А я з радасцю адгукаюся на іх яшчэ і таму, што люблю падарожнічаць. Чула, некаторыя людзі ў канцы жыцця шкадуюць, што мала любілі і мала падарожнічалі. Не хачу паўтараць іх памылак.

— Вось адсюль, калі ласка, больш падрабязна.

— Мне і раней даводзілася шмат ездзіць па розных кантынентах. Але тады ўсё было скіравана на спаборніцтва і перамогу. Сёння ёсць больш магчымасцяў убачыць, асэнсаваць культурна значныя месцы. Заўважыла нейкую дзіўную заканамернасць: чым горад меншы, тым ён бывае цікавейшы. Тыя ж Верона, Венецыя — там літаральна з кожным сантыметрам плошчы столькі ўсяго звязана! Можа, справа яшчэ ў тым, што ў такіх гарадах, у адрозненне ад мегаполісаў, іншая аўра?

— Самае яскравае ўражанне — гэта…

— …разнастайнасць. Свет такі розны — папраўдзе ўсеабдымны! І адначасова — неабдымны. Амерыка — уся такая яркая, пярэстая, часам “крыклівая”. У Астане, сталіцы Казахстана, — спрэс вялізныя найсучасныя збудаванні, побач з якімі, здараецца, пачуваеш сябе ліліпутам у краіне гулівераў. У Японіі — наадварот, усё маленькае, кампактнае, цалкам іншая культура, спасцігнуць якую — мабыць, тое ж самае, што спасцігнуць космас. І так паўсюль! А ці ж не космас — наша Беларусь?..

— Наконт падарожжаў усё зразумела, а наконт любові — дакладней, кахання?

— Гэта была і застаецца гімнастыка. Разумею, наспеў час і іншых прадметаў, спосабаў любові. Але я ўсё яшчэ ў пошуках — і далейшай дзейнасці, і асабістага жыцця.

— Гэткі “пераходны перыяд”? Ці наступствы вашага знаку Задыяку? Вы Скарпіён. Каго больш “джаліце” — сябе ці атачэнне?

— Гадоў у 14 — 15, у пераходным узросце, джаліла сябе. Нават трэнер мне ўвесь час гаварыла: “Не ясі сябе, ты ж сябе знутры з’ядаеш!” Але я максімалістка, і калі што не атрымліваецца, прычыны шукаю найперш у сабе. На тых, хто побач, кідаюся рэдка: спорт навучыў цярплівасці. Але часам магу ўджаліць — і вельмі балюча, нават калі ўкус будзе зусім маленькім.

— Цікава, якім уяўляецца вам ваша сямейная будучыня — арыентуецеся на бацькоў?

— Хачу, каб у мяне было яшчэ лепей! У дзяцінстве я пра гэта, як іншыя дзяўчынкі, не задумвалася. Але ж сталею, мудрэю. Увогуле, у мяне цудоўныя бацькі!

— Так, абодва — журналісты. Абодва — са шляхетных сем’яў з даўнімі традыцыямі.

— Ды справа не ў гэтым! Яны вельмі многа для мяне зрабілі, заўжды дапамагалі мне, падтрымлівалі і працягваюць гэта рабіць. А галоўнае — у дзяцінстве далі мне магчымасць паспрабаваць сябе ва ўсім, адвялі ў студыю ранняга развіцця Палаца дзяцей і моладзі. Чым я толькі ні займалася! Але гімнастыку ўпадабала больш за ўсё. Тое ж, пэўна, прапаную і свайму дзіцяці: каб зразумець, што тваё, а што не, чалавек павінен дакрануцца да як мага больш разнастайных сфер дзейнасці.

— Мяркуючы па тым, што вы зняліся ў песенным кліпе, можа, і ў музыцы сябе спрабавалі?

— Так, але не склалася. Памятаю, папрасілі мяне штосьці праспяваць, ды мне гэта не спадабалася. Падвялі да фартэпіяна, а там клавішы — на ўзроўні майго носа. Як тут не разгубіцца? А гады два-тры таму захацела навучыцца іграць на гітары. Паспрабавала — з усёй шчырасцю, без прымусу. Але шкада стала манікюру і згубленага часу. Так што лепш я буду добрым слухачом!

— А як з артыстычнай кар’ерай? Вы ж зняліся ў стужцы “Вышэй за неба”.

— Так, але ж я не актрыса і не хачу ёй быць! Можа, хтосьці гэтаму і здзівіцца, але гэта вельмі складаная прафесія, і акрамя схільнасцей-здольнасцей ёй таксама трэба вучыцца. Неяк мяне запрасілі паўдзельнічаць у адным тэлепраекце: апранулі ў сцэнічны строй маёй прабабулі Стэфаніі Станюты, далі ў пару артыста-купалаўца Ігара Дзянісава — паспрабавалі аднавіць адну са сцэн колішняга спектакля “Гаральд і Мод”, у якім яны разам ігралі многа гадоў запар. Было, вядома, цікава “прымерыць” на сябе не толькі касцюм, але і ролю маёй прабабулі. Побач са знаным акцёрам я яшчэ раз пераканалася, што, каб пачуваць сябе на сцэне разняволена, трэба вучыцца ды вучыцца.

— Лепей быць добрым гледачом? Вы часцяком наведваеце тэатры, асабліва Нацыянальны акадэмічны імя Янкі Купалы.

— Так, вельмі яго люблю — і не толькі таму, што тут ледзь не 70 гадоў працавала мая прабабуля. У гэтым калектыве сабраліся найталенавітыя акцёры, здольныя на любыя пераўвасабленні, таму сыходжу адтуль звычайна з натхненнем. Двойчы глядзела “Самотны Захад” — шкада, што гэты спектакль знялі з рэпертуару, бо схадзіла б на яго яшчэ. Гэтак жа двойчы глядзела “Пінскую шляхту” — цудоўная пастаноўка, дзе ёсць месца і гумару, і сатыры, і глыбокай трагедыі, і інтэлектуальнаму роздуму. Вельмі цікавымі былі колішнія праекты, калі за дні фестывалю маладыя рэжысёры спрабавалі ажыццявіць хаця б невялічкую пастаноўку. З новых спектакляў купалаўцаў я вылучыла б “Школу падаткаплацельшчыкаў” і “Арт”. Суцэльнае сузор’е ўдалых спектакляў — і найперш паводле беларускай драматургіі, у тым ліку п’ес маладых аўтараў — з’явілася ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. “Дажыць да прэм’еры” Мікалая Рудкоўскага ў пастаноўцы Паўла Харланчука — гэта ўжо, можна сказаць, сучасная класіка. Вельмі хачу паглядзець “Мабыць?”, але пакуль ніяк не атрымлівалася. У Тэатры-студыі кінаакцёра мяне ўзрушыў “Механічны чалавек”. Ды пра ўбачанае на розных пляцоўках я магу гаварыць бясконца! Праўда, бываюць спектаклі, якія, як ні цяжка пра тое гаварыць, мяне зусім не захапляюць. Разумееш, што і тэма актуальная, і артысты добрыя, але няма той іскры, што ператварае мёртвыя літары тэксту ў жывую тэатральную дзею. Даводзілася нават, як ні сорамна ў тым прызнавацца, сыходзіць у антракце, каб час дарма не марнаваць.

/i/content/pi/cult/639/14211/6-2.jpg— Сваю прабабулю вы паспелі ўбачыць на сцэне?

— На жаль, не давялося. Але бачыла фільмы з яе ўдзелам, відэазапісы спектакляў, прачытала ўсе кнігі, пра яе напісаныя. У дзяцінстве ж яна была для мяне проста любай бабуляй. Мне падабалася хадзіць да яе ў госці. Адчуванне было, бы трапляеш у нейкую казку: бабуля і распавесці магла шмат цікавага, і паказаць. А колькі ў яе было пацеркаў, масак! Яна сама іх рабіла — з розных прыродных рэчаў, тыя ж жалуды, арэхі, семачкі ператварала ў выбітныя творы мастацтва. У мяне і дагэтуль яе падарункі захоўваюцца. А ў бабулі, як у далёкую даўніну, усё гэта ляжала ў куфры, які мне ўяўляўся папраўдзе чароўным.

— Дык вось адкуль у вас прага да біжутэрыі! Нават краму сваю адчынілі — “Variety”.

— Не зусім так. Трэба было падтрымаць сяброў, правесці, так бы мовіць, рэбрэндынг. І ў мяне з’явілася ідэя — чаму б не выпускаць упрыгожванні з гімнастычнай сімволікай? У замежжы гэта вялізная галіна вытворчасці — гэтак жа, як, да прыкладу, музычная сфера: выявы інструментаў, нот, скрыпічнага ключа. У той жа Італіі ці Іспаніі на кожным спаборніцтве — стэнд з аксесуарамі, прысвечанымі мастацкай гімнастыцы. Дзяўчынкі яго не мінаюць: літаральна кожная штосьці купляе, каб падкрэсліць сваю прыналежнасць да гэтага віду спорту. У нас пакуль гэта не распаўсюджана. Але ж можна паспрабаваць? Пачалі з мяне — зрабілі фігуркі з маёй выявай. Планавалі запусціць і іншых вядомых гімнастак, але распаўсюджванне ідзе пакуль цяжкавата. У чэрвені павінна адкрыцца інтэрнэт-крама, каб можна было разлічваць яшчэ і на замежны продаж, але на ўсялякую справу і яе “раскрутку” патрабуюцца грошы. Паглядзім, як будзе развівацца попыт.

— Асабіста на вас ёсць попыт нават на подыуме! Ведаю, вы неаднойчы выступалі ў якасці топ-мадэлі, што цалкам зразумела пры вашай знешнасці і фігуры.

— Проста я лёгкая на пад’ём, звычайна з радасцю пагаджаюся на прапановы паспрабаваць сябе ў чымсьці новым, што наўпрост ці ўскосна можа папулярызаваць гімнастыку і беларускія брэнды. Калі гады чатыры таму Ірына Бойцік запрасіла мяне паказаць сваю калекцыю, я здзівілася, канешне, але доўга не раздумвала. Так я даведалася, колькі ў нас таленавітых дызайнераў і мадэльераў, здольных на свежыя, цікавыя ідэі. Праз Беларускі тыдзень моды людзі больш дазнаюцца пра айчынныя вырабы, і я ганаруся тым, што таксама спрычыньваюся да гэтага. З задавальненнем такое адзенне не толькі дэманструю, але і набываю. Калі ў той жа Японіі я апранула вырабы “ад Вольгі Кардаш”, усе былі не проста зачараваныя, а яшчэ і здзіўленыя: якая прыгажосць і дасканаласць!

— Яшчэ адзін кірунак, у якім вы сябе паспрабавалі (у прыватнасці, на леташнім Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета), — напаўтанцавальна-гімнастычнае выступленне пад жывы аркестр на сцэне нашай філармоніі. Ці не думалі працягваць штосьці падобнае? Памятаю, калісьці той жа Раду Паклітару, які сёння стаў сусветна прызнаным харэографам і ўзначальвае ўласны калектыў “Кіеў Мадэрн-балет”, ставіў спектакль на беларускіх гімнастак — па матывах Федэрыка Гарсія Лоркі.

— Мне пакуль прапаноў ад харэографаў не паступала. Але ж калі будуць — чаму б і не? Танга для фестывалю Башмета я рыхтавала сама. А наконт працягу — з падобным выступленнем мяне запрасілі ўвосень на фестываль у Германіі, зараз ідуць перамовы. Увогуле, мастацкая гімнастыка і сучасная харэаграфія вельмі блізкія: іх сыходным пунктам можна лічыць творчасць Айседоры Дункан.

— Неяк вы гаварылі, што хацелі б калі-небудзь напісаць кнігу ўспамінаў. Вас натхнілі творы вашага дзеда — пісьменніка і літаратуразнаўцы Аляксандра Станюты?

— Калі яны выходзілі, я была яшчэ падлеткам, і тыя кнігі здаліся для мяне складанымі. Цяпер збіраюся перачытаць іх нанова: дарасла! Ну, а наконт “пра сябе”… Калі буду бачыць, што маё жыццё таго вартае, напішу. Але сёння пра тое загадваць рана. Адна жыццёвая старонка завершана — наперадзе, спадзяюся, многа не менш цікавых і насычаных.

На здымках: Меліціна Станюта; маленькая Меліціна з прабабуляй — народнай артысткай Беларусі, народнай артысткай СССР Стэфаніяй Станюта.

Фота з архіва гераіні інтэрв'ю

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"