Санорыка як фестываль

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Музычная капэла “Санорус” адзначыла 25-годдзе “звычайна-незвычайным” канцэртам у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

/i/content/pi/cult/639/14210/8-3.jpgЮбілейныя вечарыны — жанр асаблівы. Часцяком такія канцэрты складаюцца калі не цалкам, дык хаця б напалову з “хітоў”. Бо з чым яшчэ можа асацыявацца свята, як не з папулярнай музыкай, хай сабе і класічнай! Кампазітары ж, адзначаючы юбілеі, імкнуцца ўключыць у праграму сваіх самых “пакрыўджаных” увагай дзяцей — творы ці ўвогуле невядомыя, ці напаўзабытыя, ці проста не аблашчаныя славай.

Дык вось, праграма юбілею “Саноруса” нагадвала менавіта кампазітарскую творчую вечарыну. З тым хіба адрозненнем, што свята ўласных прэм’ер павінны былі спраўляць адразу тры аўтары з розных краін — быццам гэта нейкі прэстыжны міжнародны фестываль. Дарэчы, чым не ідэя? Той жа “Санорус” мог бы з поспехам ладзіць уласныя фестывалі — куды больш “пакручастыя” паводле мастацкай “сюрпрызнасці” ў лепшым сэнсе слова, чым некаторыя прызнаныя форумы. Бо тыя прапануюць найперш набор зорных імёнаў і, за рэдкім выключэннем, самыя растыражаваныя творы. “Санорус” жа “спецыялізуецца” на адкрыцці новых не выканальніцкіх, а кампазітарскіх дасягненняў, шчодра звяртаецца да вельмі добрай музыкі, невядомай нашай публіцы. Прычым галоўным крытэрыем адбору, які ажыццяўляе кіраўнік калектыву Аляксандр Хумала, становіцца не проста “невядомасць” (здараецца, на той ці іншы твор забываюцца цалкам справядліва, бо ён, скажам так, атрымаўся “не вельмі”), а менавіта мастацкая якасць. Густ у дырыжора выдатны, дасведчанасць — энцыклапедычная, жаданне рабіць маленькія ды вялікія адкрыцці — неўтаймоўнае, творчая энергія — цераз край. Гэтыя якасці і адбіваюцца на канцэртных праграмах, а ўсё разам — на калектыве, дзе сабраліся папраўдзе адданыя сваёй справе музыканты, здольныя ствараць цуды за смешны заробак (капэла мае абласны статус, таму артысты іншых сталічных калектываў у параўнанні з імі — людзі “заможныя”).

Вядучая Наталля Ганул агучыла лічбу: больш за 700 падрыхтаваных і выкананых твораў, сярод якіх ёсць нават оперы і іншыя музычна-тэатральныя творы. Так, “Санорус” здаўна зарэкамендаваў сябе своеасаблівай лабараторыяй беларускай музыкі, прычым самых розных не толькі жанраў, але і кірункаў. Тут “узялі за моду” ставіць і разнастайныя дзіцячыя казкі — з жывым аркестравым гучаннем, праз таго ж “Чыпаліна”, “Стойкага алавянага салдаціка” і іншыя чароўныя прыгоды прывучаючы дзятву да сімфанічнай музыкі. Такія традыцыі заклаў арганізатар і першы кіраўнік капэлы Аляксей Шут, справу якога пасля ягонай смерці працягнуў згаданы Аляксандр Хумала — нядаўні выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, што працягваў адукацыю, стажыраваўся і праходзіў майстар-класы ў вядучых еўрапейскіх майстроў. Ён узняў калектыў на новы ўзровень, актыўна ўключаючы ў рэпертуар еўрапейскую музыку ХХ — ХХІ стагоддзяў і робячы з гэтага не толькі асобныя канцэрты, але і цыклы праграм (як прыклад — “Паўночнае дыханне”, “Паўночнае ззянне”, “Паўночныя кветкі”, што склаліся ў гэткае падабенства размеркаванага па часе фестывалю).

У лепшых еўрапейскіх традыцыях была складзена і юбілейная праграма, у цэнтры якой апынулася сусветная прэм’ера буйнога твора, прымеркаванага акурат да 25-годдзя калектыву. І гэта не якая-небудзь урачыста-пампезная ўверцюра, а канцэпцыйна-філасофская Канцэртная сімфонія Вольгі Падгайскай для фартэпіяна сола, хору, аргана і аркестра з нечаканай (як, між іншым, і ўсё астатняе ў гэтага аўтара) назвай — “Вецер ахінуў лес”. На раялі саліраваў Юрый Бліноў, у якасці арганісткі, як амаль ва ўсіх сваіх творах, выступіла кампазітар. Ведаючы яе творчасць яшчэ са студэнцкай лавы, магу канстатаваць: у згаданай сімфоніі цалкам склаўся адметны “падгайскі” почырк — ужо не проста як маладога беларускага творцы, на каго ўскладаюцца велізарныя надзеі, а як сталага, масцітага аўтара з ярка індывідуальнай манерай на ўзроўні і вобразна-тэматычнага кола, і ўласна выбару выразных сродкаў.

Чатыры часткі “Ветра...” адпавядаюць самым што ні ёсць класічным нарматывам сімфанічнага цыкла і тым самым упэўнена, бы тытаны, трымаюць на сваіх плячах агульную драматургію — лагічную і цэласную. Вельмі па-свойму выкарыстоўваючы ўлюбёную тэхніку мінімалізму, Падгайская стварае атмасферу прыроднага фэнтазі, якое дыхае ўсеабдымнай касмічнасцю. Другая частка асацыюецца з калыханкай, дзе вецер ціха гойсае ў траве, шамаціць лісцем у вершалінах дрэў — і скрозь усю гэтую лістоту надзвычай насычанага музычнага паветра гэткімі светлымі сонечнымі промнямі прабіваюцца жаночыя галасы хору, а спляценні фраз габоя з флейтай “сцякаюць” долу кроплямі, струменьчыкамі цёплага дажджу. Трэцяя частка, пачаўшыся з парываў ветру перад бурай, прыходзіць не да навальніцы, а да яе маркотнага чакання, калі быццам спыняецца час. У фінале вецер танчыць сярод дрэў, какетнічаючы з галінкамі ды сонечнымі зайчыкамі — і ўсё азорана святлом і ўзнёсла стрыманай радасцю. Сімфонія, адпаведна з сучасным разуменнем, прасякнута лейтматыўнымі рытма-інтанацыйнымі зернямі, але з кожнага ўзрастае свая “расліна”. Твор не проста прыцягваў — ён заварожваў і сапраўды заваражыў, “ахінуў” увесь лес-гушчар публікі (зала — аншлагавая) і кожнага слухача.

Сімфонія апынулася ў атачэнні “Трох танцаў” Хэнрыка Мікалая Гурэцкага і частак з “Месы міру” Карла Джэнкінса (абодва творы выконваліся ўпершыню ў Беларусі) — і не толькі не прайграла сусветна прызнанай сучаснай еўрапейскай класіцы, але і высвеціла на яе фоне пастэльныя фарбы нацыянальнай ментальнасці, быццам пазычаныя з відарысаў Бялыніцкага-Бірулі.

Вядома, пачыналася вечарына ўручэннем грамат і іншых узнагарод, завяршалася пульсуючым выбухам бясконцых апладысментаў, але галоўным уражаннем засталіся боскія музычныя гукі — адным словам, “Санорус”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"