Як і куды знікаюць творы?

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Гісторыя страчанага ў калейдаскопе шматкроп’яў
"К" працягвае расповед пра лёс мастацкіх твораў, якія аказаліся страчанымі ў віры гісторыі.

/i/content/pi/cult/639/14201/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у № 20.)

Можна ўспомніць і назаўсёды страчаны манументальны роспіс у тэхніцы энкаўстыкі “Стары і новы Вільнюс” Зоі Літвінавай і Святланы Катковай у былым кінатэатры “Вільнюс” (зараз — Цэнтр спартыўных адзінаборстваў), вітражы Веранікі Віткоўскай у дзіцячым кафэ “Церамок” у Серабранцы, мазаікі “Юнацтва” Віталя Карнеева ў фае аўтавакзала ”Усходні” (у час рамонту будынка яе моцна зашылі металічнымі лістамі). Не так даўно пры рамонце Палаца культуры Мінскага камвольнага камбіната былі знішчаны манументальныя творы Гаўрылы Вашчанкі і Уладзіміра Стальмашонка, якія ў 1960-я лічыліся ледзь не лепшымі ў манументальным летапісе краіны.

Мала хто ведае, але калісьці на Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкай) плошчы праектаваўся будынак для гістарычнага музея. Для яго інтэр’ера былі заказаны вялікія фрэскі Гаўрылу Вашчанку, Аляксандру Кішчанку і Уладзіміру Стальмашонку. Тэма: гісторыя і культура Беларусі ад старажытнасці да нашых часоў. На вельмі высокім ўзроўні былі зроблены эскізы і кардоны “Кастрычніцкая рэвалюцыя” і “Дэкрэты Савецкай улады”. Гэта быў першы этап работы гэтага цудоўнага трыа мастакоў — на той час найлепшых манументалістаў краіны. Але так здарылася, што будынак аддалі музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а гістарычны “перанеслі” на вуліцу Карла Маркса. Пры гэтай ператасоўцы роспісы аказаліся непатрэбнымі: эскізы з кардонамі “спісалі за непатрэбнасцю” і спалілі… Цудам засталася толькі адна чорна-белая фатаграфія…

У пачатку 1990-х згарэлі ў пажары вітражы “Свята зямлі беларускай” (670 на 4200 см) Уладзіміра Стальмашонка і Валерыя Даўгалы ў весцібюлі мінскага Дома быту па вуліцы Мельнікайтэ. Я добра памятаю гэтую работу: бела-малочны фон — пескаструйна-матавае шкло розных адценняў і фактур, а сэнсавыя акцэнты кампазіцыі — партрэты выдатных беларусаў: ад Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны да дзеда Талаша і касманаўтаў. А ў сярэдзіне 1970-х сумны канец спасціг буйны вітраж “Саюз працы і навукі” на класічнай свінцовай жыле (500 на 1600 см), здзейснены чацвёркай маладых мастакоў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Стальмашонка для галоўнага фасада Палаца культуры калгаса “Рассвет” Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Перад самай устаноўкай архітэктар палаца Георгій Заборскі раптам вырашыў вітраж наогул не ўстанаўліваць, маўляў, будзе замінаць агляд прыгажосці далёкай панарамы сучаснай новабудовы і замест вітража дастаткова і празрыстага шкла. Заборскі пераканаў у гэтым і заказчыка — тагачаснага старшыню калгаса. Вітраж разабралі па кавалачках, пазабівалі ў каробкі і скінулі ў гаражы. Праз нейкі час калгаснікі з вёскі Мышкавічы дабраліся да гэтага “вострава скарбаў” і “апрыходавалі” тое, што засталося ад вітража, для сваіх хатніх патрэбаў.

Штосьці падобнае адбывалася і ў нашым “каралеўстве скульптур”, асабліва ў 1990-я гады. Тады “новыя” крутыя хлопцы займаліся тым, што за добрыя грошы сплаўлялі ў суседнія краіны тоны спілаванай бронзы, нікеля, медзі — у выглядзе фрагментаў прасторавых бронзавых статуй і кампазіцый, мемарыяльных дошак, алегарычных фігур пуці, плакальшчыц, муз, задрапіраваных урнаў з надмагільных збудаванняў. Спачатку ахвярамі злачынцаў сталі могілкі — “Усходнія”, “Паўночныя”, “Чыжоўка” ды, мабыць, і іншыя. Вядомы журботны факт, калі па-варварску была кімсьці адпілаваная бронзавая скульптура з надмагільнага агульнага помніка бацьку-генералу і старэйшаму брату архітэктара Армэна Сардарава. А калі яго маці пазнала пра гэта, у яе не вытрымала сэрца… Армэн Сяргеевіч звяртаўся ў Першамайскі РАУС, каб знайсці злачынцаў, але… Праўда, пакаралі сяржанта-міліцыянта, які тады дзяжурыў на могілках. А яшчэ памятаю, як скралі кавалак бронзавай касы дзяўчынкі з шматфігурнай кампазіцыі мемарыяла, прысвечанага Якубу Коласу, на плошчы яго імя (скульптар Заір Азгур). Такім жа чынам знік амаль двухметровы “Арфей” са сквера па вуліцы Мініна. А ў скверы паміж плошчай Бангалор і вуліцай Карастаянавай падпілавалі скульптуру “Хлопчык з вавёркай”. Пасля гэтага на тэрыторыі сквера зрабілі агароджаны будынак “Зяленбуда”, куды і звалілі гэтую параненую скульптуру. Што з ёю стала — не ведаю…

У пачатку 1990-х журботны лёс спасцігнуў і чатыры бронзавыя скульптуры разца Уладзіміра Слабодчыкава, Паўла Лука, Анатоля Баразеннікава і Аляксандра Мятліцкага, якія ўпрыгожвалі фантан у сталічным скверы па вуліцы Жудро. Праз кароткі час ад усіх гэтых твораў засталіся толькі… фрагменты пастаментаў. Рэшткі фігур у заснежаным скверы адшукаў жыхар мікрараёна Віталь Арлоўскі і яго чацвераногі сябра — сабака Дарсан. І Віталь патэлефанаваў у рэдакцыю газеты “Культура”. На месца тэрмінова выехалі тады журналістка Людміла Крушынская і фотакарэспандэнт Генадзь Жынкоў. І вялікі праблемны матэрыял пра гэта і пра іншае на гэтую ж тэму з адпаведнымі ілюстрацыямі з’явіўся на старонках “К” (1993, № 10) пад назвай “Шукай, Дарсан!”

Ну пра зніштажэнне скульптурна-архітэктурных помнікаў з прычыны, так бы мовіць, “маральнага зносу” — у сувязі з ідэалагічнымі ўзрушэннямі, я расказваць не буду. Гэта тэма асобная, існуючая на працягу не аднаго тысячагоддзя, пачынаючы, мабыць, з XIV стагоддзя да нашай эры (а мо і раней) — пасля знакамітага “амарнскага перыяду” праўлення егіпецкага фараона Аменхатэпа IV (Эхнатона), калі яго праціўнікамі-пераемнікамі была па-варварску знішчана практычна ўся выяўленча-пластычная культура, выбудаваная гэтым рэлігіёзным рэфарматарам-“ератыком”. Так заўсёды было: новыя часы — новыя песні. Асабліва гэтыя “новыя песні” прагучалі ў гады Кастрычніцкай рэвалюцыі. Тады ў мэтах выканання Ленінскага дэкрэта “Аб зняцці помнікаў, збудаваных у гонар цароў і іхніх слуг…” былі знішчаны дзясяткі манументаў “старога рэжыму”, куды трапілі і творы высокай мастацкай якасці. Цудам ацалелі толькі некалькі, прысвечаных Пятру I, Кацярыне II, Мікалаю I, Аляксандру III у Петраградзе і ў некаторых іншых гарадах.

Але я трошкі адхіліўся ад тэмы. Цікавы факт, нашай моладзі мала вядомы. У ноч з 2 на 3 лістапада 1961 года на Цэнтральнай плошчы Мінска быў зняты 10-метровы бронзавы помнік “правадыру ўсіх народаў” Сталіну, які прастаяў тут з верасня 1952 года. Зразумела, яго аўтараў — Заіра Азгура, Андрэя Бембеля, Аляксея Глебава і Сяргея Селіханава — на гэтую гістарычную акцыю не паклікалі. У Мінску былі дэмантаваны і іншыя помнікі Сталіну: у парку “Прафінтэрн” (зараз Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага), ля ўваходу ў бібліятэку імя Уладзіміра Леніна, у рабочым пасёлку Грушаўка (вуліца Чыгуначная), а таксама на сметнік (ці на пераплаўку) з інтэр’ераў розных будынкаў у розныя часы былі выкінутыя і многія бюсты правадыра ды яго паплечнікаў. Але некаторыя са спісу вялікай палітычнай эліты гісторыі ўсё ж захаваліся. Так, буйныя азгураўскія бронзавыя помнікі-бюсты Маркса і Леніна, якія стаялі з 1980 года перад будынкам ЦК КПБ, аказаліся не на пераплаўцы, а ў музеі-майстэрні Заіра Азгура. І гэта, на мой погляд, слушна.

Наогул, вось каб хутчэй у нашай краіне з’явіўся музей-парк з мэтай захавання лепшых (ды і не вельмі) мастацкіх узораў сацрэалізму — помнікаў часоў камунізму. Там і знайшлі б сваё месца (дарэчы, вельмі цікавае і для замежных турыстаў) гістарычныя асобы, якія рабілі (не мае значэння — з якім “знакам якасці”) даўнюю і не такую даўнюю нашу гісторыю. І думаю, дарэмна мы спяшаліся (не ў такой ступені як многія суседзі) з разбурэннем помнікаў: якія яны ні былі б, аднак гэта наша ўласная гісторыя, а яе павінны ведаць і мы, і нашчадкі нашы.

Урэшце, гэта тычыцца і метамарфоз ва ўсім беларускім выяўленчым мастацтве. Напрыклад, дзесьці ў сховішчах знаходзіцца каля дзесяці жывапісных партрэтаў Леніна, якія Міхаіл Савіцкі ў 1970-я ствараў па заказе ЦК КПБ, Мінскага абкама КПБ, Савета Міністраў БССР.

Працяг — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"