Танцуючы горад

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Сцэнарый тэматычнай маладзёжнай дыскатэкі

Вядучы: Добры вечар усім! Добры вечар маладым жыхарам і гасцям нашага горада!

Я спадзяюся, што са сродкаў масавай інфармацыі вы ўжо ведаеце: у нашай краіне стартавала культурная маладзёжная акцыя “Мы — беларусы!”. Ёй мы і прысвячаем сённяшнюю дыскатэку.

Думаю, вы пагодзіцеся са мной, што наша краіна — надзвычай прыгожая і гасцінная. А колькі цудоўных людзей, нашых суайчыннікаў жыве і працуе дзеля таго, каб квітнела Беларусь! Але пра іх пагаворым крыху пазней. А цяпер я хачу прадставіць вам тых, каго мы добра ведаем, кім ганарымся і каго заўжды сустракаем дружнымі апладысментамі... Дыскаклуб “Флэш” Старадарожскага маладзёжнага цэнтра “Юнацтва”!

Выконваецца танцавальная кампазіцыя дыскаклуба “Флэш”. Пасля танца DJ і MC ладзяць конкурс “Праспяваем разам”. Задача ўдзельнікаў — успомніць і спець пры падтрымцы залы як мага больш беларускіх народных і аўтарскіх песень. Потым DJ і MC абвяшчаюць танцавальны марафон на 10 — 15 хвілін.

Вядучы: А я працягваю! Ні для кога не сакрэт, што моладзь — будучыня краіны, яе залаты запас. Мы — нашчадкі гераічнай і працоўнай славы нашай Радзімы! Мы ніколі не забываем, што без памяці мінулага ў нас няма сённяшняга і будучага. Так, маладосць часам упартая, але ж таленавітая і разумная!

Мы сябруем з марай і рамантыкай, спортам і творчасцю, вучымся і працуем, асвойваем сучасныя тэхналогіі і кахаем, рушым да запаветнай мары з упэўненасцю ў заўтрашнім дні. Гэтак жа ўпэўнены ў сваім паспяховым выступленні наш сябар і спявак DJ і MC Дзіма, які выйдзе зараз на сцэну.

У выкананні DJ і MC гучаць дзве песні “На парадак вышэй” і “Нежность”. Потым Дзіма абвяшчае конкурс “Юны рэпер”. Задача ўдзельнікаў — экспромтам прачытаць рэп, у тэксце якога прысутнічаюць словаспалучэнні “Мая краіна”, “Я — беларус”, “Беларусь, я табою ганаруся!”, і г. д. Пасля конкурсу пачынаецца танцавальная праграма на 10 — 15 хвілін.

Вядучы: А яшчэ маладосць — гэта час рэалізацыі нашых магчымасцей і талентаў. І я запрашаю на сцэну таленавітую дзяўчыну, якая яшчэ, мусіць, праславіць наш горад і нашу Беларусь на якім-небудзь прэстыжным музычным конкурсе. Напрыклад, на “Еўрабачанні”! Сустракайце — разумніца, спартсменка, БРСМаўка і проста прыгажуня Крысціна Аляксандрава!

Крысціна выконвае дзве песні — “Мой рай” і “Ветрам стаць”, а потым звяртаецца да сваіх равеснікаў і сяброў з пажаданнем уславіць Старадарожчыну і Беларусь працай і талентам.

Вядучы: Я ўвесь вечар назіраю за тымі, хто танцуе, спявае. Малайцы!.. А цяпер хачу прапанаваць вам свой конкурс. Прыз для кагосьці будзе прыемнай нечаканасцю. Прашу падыйсці да мяне двух удзельнікаў.

(Выходзяць два маладыя чалавекі, прадстаўляюцца.)

Дык вось, конкурс называецца “Я ведаю ўсіх”. Кожны з вас па чарзе будзе называць прозвішчы цудоўных людзей, якія ў розныя часіны праславілі Беларусь ці наш Старадарожскі раён.

Пасля конкурсу Вядучы ўручае пераможцу білет на наведванне наступнай дыскатэкі ў Маладзёжным цэнтры “Юнацтва”.

Вядучы: Я абяцаў вам, што мой прыз за ўдзел у конкурсе будзе прыемнай нечаканасцю? Увага: сюрпрыз вечара! Другі білет на дыскатэку атрымлівае другі ўдзельнік конкурсу, які таксама добра ведае сваіх землякоў і людзей, што праславілі Беларусь!

Для знаўцаў-пераможцаў я абвяшчаю выступленне дыска-клуба “Флэш”. І вы яшчэ раз пераканаецеся, што самы вялікі падарунак прыроды — гэта маладосць, у ёй — невычэрпная энергія творчасці, прыгажосці, гумару, музыкі і руху. Давайце ж рэалізуем гэтую жыццядайную энергію разам з “Флэш”!

У выкананні “Флэш” гучаць песні “Шум дажджу” і “Лета”. Потым выконваецца танцавальная кампазіцыя гурта “Step-girls” і абвяшчаецца танцавальны марафон на 15 хвілін.

Вядучы: Наша краіна чакае ад нас, маладых, смелых ідэй і іх рашэнняў, галоўнае — знайсці кожнаму з нас справу па душы: заняцца карыснай працай, спортам, творчасцю і аддзячыць шчырай любоўю родную зямлю, бацькоўскую хату, маці і сяброў. І ўбачыць, які цудоўны гэты свет! І памятаць, што “Мы — беларусы!”, а значыць мы — за моцную, здаровую і квітнеючую Беларусь!

 А.ВАСІЛЬЕВА,
дырэктар Старадарожскага маладзёжнага
цэнтра “Юнацтва”