Элегантна— калі вока не рэжа

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Выдатны прыклад дзелавога стылю нам прадстаўляюць з тэлеэкранаў вядучыя АТН Белтэлерадыёкампаніі. Іх усіх, дарэчы, ужо даўно апранае вядомы дызайнер Аляксандр ВАРЛАМАЎ, які даў нам некалькі дзелавых парад.

— Вядучыя АТН працуюць у касцюмах, якія называюцца класічнымі, дзелавымі. Іх стыль пазбаўлены яўнай рамантычнасці, эмацыянальнасці, бо ў дзелавой сферы падкрэсліваць гэтыя якасці недапушчальна. А жанчына, якая іх падкрэслівае, лічыцца чалавекам невысокіх дзелавых якасцей. Яна павінна выглядаць абсалютна строга. Паглядзіце, як някідка апранута англійская каралева. А гэта традыцыя каралеўскага англійскага двара: элегантнасць — гэта калі няма за што зачапіцца воку, акрамя твару. У Беларусі жанчына, бывае, апранаецца ў дзелавой атмасферы рамантычна, і гэта вынік таго, што ёй няма дзе, акрамя працы, з’явіцца ў касцюме.

— Ёсць такі панятак — дзелавая сукенка?
— Ёсць, але гэта складаны асартымент адзення. У ім падкрэсліваецца талія, увогуле фігура. Таму дзелавыя жанчыны схіляюцца да касцюма альбо да тандэма сукенка + жакет. Выгадна шыць да аднаго жакета спадніцу, сукенку і штаны. Сёння ў модзе двухбортны пінжак, але заўважу, што касцюм з ім — у большай ступені вячэрні, клубны і ў меншай ступені дзелавы.
— Мы прывыклі, што гадзіннік — аксесуар дзелавога чалавека…
— Насамрэч гэта не так. Гадзіннік, ручка, абутак, гальштук, аўто — гэта адзнака пэўнага ўзроўню жыцця. Але касцюм павінен быць абсалютна нейтральным і якасна пашытым. Паўшарсцяныя тканіны, сінтэтыка не лічацца падыходзячымі. Звычайна гэта добрага вырабу тонкая шэрсць з кручанай ніткі, якая не мнецца. Яе прывозяць з Германіі і Італіі, Беларусь такую не вырабляе.
— Заўсёды выдатныя касцюмы  нашага Прэзідэнта…
— Так, і адзін з сакрэтаў гэтага — майстэрства краўца “пасадзіць” касцюм на канкрэтнага чалавека. Пасля 25-ці гадоў фігура кожнага вельмі індывідуальная і патрабуе такога ж індывідуальнага крою. Добрая тканіна, добры пашыў і добрая пасадка — больш нічога не трэба для дзелавога касцюма.