Мова сумоўя — паэзія

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

15 мая на святочнай імпрэзе ў рамках культурнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў Доме дружбы да серыі кніг “Светлыя знакі: паэты Кітая” далучылася новае выданне — зборнік вершаў паэта Мэн Хаожаня ў перакладзе на беларускую мову Мікалая Мятліцкага.

Дарэчы, ён сам, перакладчык кітайскай паэзіі, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусі імя Янкі Купалы, выказаўся вельмі літаратурна наконт кітайскай паэзіі: “Гэта вялікі пяты акіян, яго духоўна напорыстыя хвалі імкнуцца ў нашу сучаснасць з глыбокай старажытнасці. Гэта адзіная цывілізацыя, якая стагоддзямі развівалася, якая бесперапынна здзейсніць вялікі чалавечы подзвіг існавання пад адзіным небам. Я вельмі рады, што нашы паэты цягнуць рух дружбы і маюць перакладчыцкі клопат, знаёмяцца з вялікай паэзіяй вялікай краіны”.

У беларуска-кітайскі фонд, апрача таго, уваходзяць і іншыя кнігі, на старонках якіх асвятляюцца пытанні ўзаемаабмену вопытам (“Беларусь — Кітай: на шляху ўсебаковага супрацоўніцтва”), нацыянальнага мастацтва і літаратуры (“Пад крыламі драконаў. 100 паэтаў Кітая”), дыпламатычных адносін (“Беларуска-кітайскія адносіны ва ўспамінах беларускіх паслоў”) і іншыя.

А ў планы ўваходзіць падрыхтоўка новых зборнікаў перакладаў Сюй Чжымо і Вэнь Ідо.

З урачыстага слова міністра культуры Беларусі пачалася прэзентацыя новай кнігі. Барыс Святлоў адзначыў, што праз некалькі дзён у Пекіне адбудзецца пасяджэнне беларуска-кітайскага падкамітэта па культурных сувязях, якое, дарэчы, будзе праходзіць падчас свята лодак драконаў, прысвечанага і паэзіі, і руху супраць гвалту ды вайны.

— Мы возьмем з сабой у Кітай не толькі нарматыўная дакументы, але і вялікую культурную праграму, якая пачнецца за межамі Пекіна ў іншым горадзе, дзе будзе святкавацца 25-годдзе станаўлення беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін, а пасля ў Пекіне адкрыецца беларускі культурны цэнтр — наш адказ на адкрыццё падобнага кітайскага цэнтра ў Мінску.

Намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, які з’яўляецца адным з заснавальнікаў кніжнай серыі “Светлыя знакі: паэты Кітая”, дадаў, што гэты зборнік — творчы праект, які дапамагае ўявіць мноства значных падзей за шматвяковую гісторыю кітайскай літаратуры. Літаральна за адзін год выдавецкі дом “Звязда” выдаў 8 кніг з творамі такіх знакамітых кітайскіх пісьменнікаў як Ван Вэй, Ду Фу, Лі Бо, Ай Цін, Лі Хэ, Лі Цінчжаа і Ван Ганчжэня.

— Наша выдавецтва вылучыла ідэю яднання культур нацыянальных літаратур менавіта праз мастацкі пераклад, таму ў кнігах серыі можна ўбачыць, што першапраходцамі ў прадстаўленні кітайскага мастацкага слова ў Беларусі былі Уладзімір Дубоўка, Рыгор Барадулін.

Новая кніга зборніка “Светлыя знакі: паэты Кітая” з вершамі Мэн Хаожаня з’яўляецца яскравым прадстаўніком росквіту танскай пейзажнай лірыкі, таму і там закранаюцца асноўныя тэмы творчасці пісьменніка — пейзажы і гісторыя месца яго жыхарства.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"