Уласніку стала цесна…

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Як знайсці кампраміс паміж “інтарэсамі” спадчыны і патрэбамі яе карыстальнікаў?
Выпадкова ці не, але апошняе на сёння пасяджэнне Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны амаль цалкам прысвячалася адной і той самай праблеме ў некалькіх яе праявах. Уласніку або карыстальніку гістарычнага будынка стала замала наяўных плошчаў, і ён імкнецца іх пашырыць — з дапамогай сучасных матэрыялаў.

У заканадаўстве гэты від работ характарызуецца як “дапаўненне”, а ў прастамоўі яго звычайна безапеляцыйна называюць “навадзелам”. І тут непазбежна паўстае дылема: па-першае, спадчына ёсць спадчына, і нельга яе крыўдзіць. А па-другое… і людзям таксама трэба неяк жыць і развівацца. Спецыялістам застаецца хіба лавіраваць паміж двух агнёў, улічваючы гэтыя часам рознавектарныя інтарэсы.

Сутарэнні як цэнтр ініцыятыў

Падчас разгляду першага ў той дзень пытання на пасяджэнні прысутнічаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Гутарка вялася пра дазвол на будаўніцтва духоўна-асветніцкага цэнтра побач са знакамітым Чырвоным касцёлам. На прапанаваных да азнаямлення рэндарах і нават макеце — камяніца памерам 10 на 30 квадратных метраў, выкананая з неатынкаванай цэглы і стылізаваная пад архітэктуру касцёла. Відавочна, аўтары праекта імкнуліся, каб будынак у агульным ансамблі выглядаў “як родны”.

Прычыну новага будаўніцтва яго заказчык патлумачыў проста і шчыра. Так, былі спасылкі і на ўвасабленне першапачатковай задумы Эдварда Вайніловіча, і на відавочную незавершанасць ансамбля. Але самая галоўная матывацыя ўсё ж іншая: парафія патрабуе плошчаў для ажыццяўлення сваёй дзейнасці.

І з гэтым, дарэчы, цяжка не пагадзіцца. Стараннямі пробашча Уладзіслава Завальнюка і, як дадаў бы сам ксёндз-магістар, Божай ласкай Чырвоны касцёл даўно стаў не проста храмам, але пляцоўкай для самых розных добрых ініцыятываў. Завітаўшы туды, можна здзівіцца таму вірліваму руху, што пануе з ранку да вечара ў лёхах — не толькі ў залах, але нават і ў калідорах. Нярэдка там адбываецца па тры-чатыры мерапрыемствы адначасова, і не перашкаджаць адзін аднаму іх удзельнікі не могуць чыста фізічна. Тым больш, як справядліва заўважыў Яго Эксэленцыя, сутарэнні самі па сабе не надта пасуюць, скажам, для нядзельнай школкі.

Агрэсіўным прыхільнікам секулярнай мадэлі грамадства, якія абавязкова запярэчаць, што праблемы царкоўнікаў іх не хвалююць, мы прапануем наступны контраргумент. Апрача грэка-каталіцкіх набажэнстваў і катэхітычных заняткаў, у тых сутарэннях ладзіцца і процьма свецкіх пачынаў: выставы, канцэрты, імпрэзы, сустрэчы ўдзельнікаў руху ананімных алкаголікаў і нават пчаляроў… Па сутнасці, ужо і сёння Чырвоны касцёл з’яўляецца не толькі духоўна-асветніцкім, але і грамадска-культурным цэнтрам. Там ёсць і бібліятэка, дзе на паліцах далёка не толькі рэлігійная літаратура.

Цяжка не пагадзіцца і з тым, што новая пабудова дадасць ансамблю цэльнасці, утварыўшы ўнутраны дворык і аддзяліўшы прыкасцёльную тэрыторыю ад наваколля, якое не надта з ёю гарманіруе. Сёння ж тая галерэя, што адгаліноўваецца ад касцёла, па сутнасці, нікуды не вядзе. Да ўсяго, неўтаймоўны ксёндз Завальнюк ужо бачыць у тым дворыку прыгожы фантан… Цяпер там, нагадаю, аўтастаянка.

У той самы час, гістарычны базіс новай пабудовы выглядае даволі хісткім, прычым у дадзеным выпадку цяжка спаслацца нават на ўвасабленне нерэалізаванай аўтарскай задумы — а менавіта гэты аргумент для дапаўненняў, прадугледжаны заканадаўствам, выкарыстоўваецца найчасцей.

Балкон прыгожы, але…

Старшыня рады, намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко мудра прапанаваў падзяліць праблему на два складнікі: ці магчымае будаўніцтва цэнтра наогул, і калі так, дык ці магчымае яно ў прапанаваных праектантамі выглядзе і аб’ёмах? На першае пытанне большасць прысутных адказала станоўча, а вось наконт другога распаліліся дыскусіі.

Сапраўды, першапачатковая архітэктурная задума, мяркуючы па ўсім, уключала і плябанію леваруч ад касцёла, але… як сведчыць тагачасны “рэндар”, выкананы ад рукі, архітэктарам тады яна ўяўлялася трохі іначай, чым уяўляецца сёння. Найперш, у куды больш сціплых аб’ёмах. Дарэчы, пазней прыбудовы да храма ўсё ж з’явіліся, аднак… задуме яны ўжо зусім не адпавядалі ды і ўвогуле атрымаліся даволі каструбаватымі. Падчас грунтоўнай рэканструкцыі 1971 года іх знеслі, і пра гэта наўрад ці выпадае шкадаваць.

Адпаведна, нічога падобнага на запраектаваную ў нашы дні камяніцу не толькі ніколі ў гісторыі не існавала, але і не планавалася. Аргументуючы праект, яго аўтары некалькі разоў ужылі слова “прыгожа” — пэўна, не зусім разумеючы, што ў дадзеных варунках яно можа гучаць як маветон, бо крытэрыі ў выпадку са спадчынай мусяць быць іншыя.

У чым жа тоіцца небяспека такіх стылізаваных дапаўненняў? Як адзначыла загадчык аддзела архітэктуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Гаранская, яны нівеліруюць розніцу паміж новым і старым. Зліваючыся ва ўспрыяцці чалавека з самім помнікам, чые камяні набрынялі гісторыяй, навабуд у пэўнай меры дэвальвіруе яго каштоўнасць.

Прэтэнзіі з боку членаў Рады гучалі таксама і адносна запланаваных памераў новага цэнтра — ажно чатыры паверхі разам з цокальным і мансардным. На пасяджэнні не раз гучала пытанне: наколькі новы будынак паўплывае на ўспрыняцце як самога касцёла, так і ўвогуле ансамбля плошчы Незалежнасці? Тым больш, прадстаўлены праектантамі візуальны матэрыял адказу на яго не даваў.

Апошні паверх цэнтра, дарэчы, меўся прызначацца для апартаментаў высокіх прадстаўнікоў каталіцкага кліру. Запраектаваны нават балкон, з якога яны маглі б звяртацца, так бы мовіць, urbi et orbi. У звязку з тым, што Мінск плённа пазіцыянуе сябе як цэнтр экуменічнага дыялогу, і замежныя біскупы прыязджаюць да нас часта, такая задума падаецца цалкам дарэчнай. Але… магчыма, ад яе ўсё ж мэтазгодна адмовіцца на карысць “інтарэсаў” самога Чырвонага касцёла?

У пытанні будаўніцтва цэнтра была пастаўленая не кропка, а шматкроп’е: члены Рады адправілі праект на дапрацоўку. І паколькі ўсе зацікаўленыя бакі выяўляюць здаровую схільнасць да кампрамісаў, можна не сумнявацца ў тым, што “залатую сярэдзіну” паміж інтарэсамі спадчыны і патрабаваннямі сучаснасці ў выніку ўдасца знайсці.

Дабудова да прыбудовы

Два наступныя пытанні, якія разглядаліся на тым самым пасяджэнні, былі ў нечым падобнымі, хіба што значнасць аб’ектаў куды меншая. Даўно закінутая стагадовая камяніца на вуліцы Камсамольская ў Віцебску ўрэшце прычакала інвестара, які хоча пераўтварыць яе ў рэспектабельны гатэль. Плошчаў яму замала, і таму было вырашана зрабіць прыбудову, выкарыстоўваючы ў ёй візуальныя цытаты з даўно няіснага мадэрнавага будынку гатэля “Брытоль”, які некалі месціўся побач. Архітэктурным шэдэўрам атрыманы праект я не назваў бы, але і “аграгламурам” — таксама. У выніку — станоўчы вердыкт Рады.

Другі выпадак — нават трохі кур’ёзны. Уласнік захацеў зрабіць, па сутнасці, дабудову да прыбудовы: у савецкі час да старасвецкай камянічкі на мінскай Рэвалюцыйнай прыляпілі дзіўнай формы будан, і вось яго цяперашняму ўласніку стала зацесна… Варыянт пашырэння плошчаў абраны ўжо звыклы для цэнтраў нашых вялікіх гарадоў — мансардны паверх. Напэўна, менавіта яны калісьці будуць успрымацца як архітэктурны сімвал гэтага прагматычнага і не ў меру капіталістычнага часу. Як адзначыла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка, гістарычны цэнтр Мінска такія дэталі зусім не ўпрыгожваюць. Але паколькі само архітэктурнае выкананне атрымалася даволі густоўным, праект таксама ўхвалілі.

Урэшце, усе гэтыя — і шматлікія іншыя — выпадкі непазбежна ставяць пытанне: калі дапаўненні непазбежныя, дык якімі яны тады павінны быць? Адказы на яго ў нашым прафесійным асяроддзі, мяркуючы па ўсім, даволі няпэўныя.

На Захадзе, дзе ў гістарычных ансамблях таксама нярэдка з’яўляюцца функцыянальна абумоўленыя інтэрвенцыі, праблема суадноснасці старога і новага вырашаецца праз рэзкі кантраст. Наваўводзіны выглядаюць настолькі сучаснымі, што са “старабудамі” іх ніяк не зблытаеш. Напрыклад, небезвядомая шкляная піраміда ў Луўры… Але, мяркуючы па выказваннях некаторых аўтарытэтных членаў Рады, такі радыкальны падыход у нас мае шансы ўкараніцца яшчэ няхутка.

Вядома, тут можна задаваць і яшчэ адно пытанне: а чаму ж дзяржаўныя органы, адказныя за справу аховы спадчыны, гэтак лёгка ідуць на кампраміс з уласнікамі? Адказ на яго відавочны — хочам мы таго ці не, але менавіта ад іх, уласнікаў, і залежыць захаванне помнікаў. Рыгарызм у гэтай сферы здатны яшчэ больш зменшыць іхнюю інвестыцыйную прыцягальнасць — і, што зусім немінуча, павялічыць і без таго немалы лік “нічыйных” аб’ектаў. Будзе як у Індыі са святарнымі каровамі: іх там вельмі шануюць і ні ў якім разе не крыўдзяць, але пры гэтым таксама і не даглядаюць…

Напрыканцы пасяджэння быў агучаны факт: сядзібны ансамбль у Снове больш не выкарыстоўваецца і неўзабаве пойдзе з малатка. Шыкоўны класіцыстычны комплекс, які доўгі час быў закрыты для наведвання, бо належаў сілавым ведамствам, можна будзе купіць менш чым за паўмільёна рублёў. Прычым супрацоўнікі Міністэрства культуры нават не спадзяюцца, што аўкцыён будзе з першага разу выніковым. А між тым, у палацы ўжо, як кажуць, пачынае працякаць дах… Гэта, уласна, да таго, што дапаўненні — усё ж не самая вялікая на сёння праблема ў сферы аховы спадчыны.