17-е месца як перамога

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Колькі гадоў таму, шукаючы абгрунтаванне прычын аб’яднання раённых і абласных аддзелаў культуры і ідэалагічнай работы, прыйшоў да высновы, што галоўная задача дзяржаўнай ідэалогіі — кансалідацыя грамадства. Гэтаксама як і культуры. Бо нават вузкарэгіянальная культурная з’ява ў далёкай ад сталіцы палескай вёсачцы сведчыць пра разнастайнасць і багацце агульнанацыянальнай культуры не менш за пастаноўкі ў оперным ці драматычным тэатрах.

/i/content/pi/cult/638/14194/4-33.jpgМенавіта таму выступленне нашых прадстаўнікоў на сёлетнім конкурсе “Еўрабачанне” ў Кіеве выклікала ў грамадстве не толькі захапленне выканальніцкім майстэрствам гурта NaviBand, але і гонар за годную прэзентацыю Беларусі свету. І не англамоўнымі спевамі, не айчыннай фірмовай гарэлкай, а родным беларускім словам, прыязнымі і ўсмешлівымі спевакамі, роднымі матывамі ў промапрадукцыі і афармленні сцэны.

У сацыяльных сетках даводзілася чытаць здзіўленыя допісы сяброў, уражаных не столькі выступленнем NaviBand, як ад начных спеваў “Гісторыі майго жыцця” з суседніх паверхаў і пакояў. Пацвярджае тую народную згуртаванасць і інфармацыя пра калектыўны спеў гэтай песні пасажырамі рэйса “Белавія” з Кіева ў Мінск. І масавы ды даволі нечаканы флэш-моб пацалункаў нашых закаханых суайчыннікаў у падтрымку гурта.

Дагэтуль адносна і больш лакальна вядомы гурт здолеў аб’яднаць не толькі моладзь. Сваякі і знаёмыя сярэдняга і старэйшага ўзросту толькі і казалі ў суботу, што пра ўдзел беларусаў на “Еўрабачанні”, хоць раней і не глядзелі той конкурс. І нават сваю першую спробу ставак у букмекерскіх канторах рабілі менавіта праз NaviBand. Гэты малады гурт падтрымалі і іх калегі — спевакі абсалютна розных жанраў і кірункаў, ствараючы каверы песні ды ўсяляк рэкламуючы яе. Прыемнай стала і падтрымка гурта беларускай супольнасцю замежжа, якая не толькі агітавала галасаваць за наш гурт сваіх цяперашніх суграмадзян, але і сама гэта актыўна рабіла.

Людзі розных перакананняў былі аб’яднаныя чаканнем перамогі. І самае цікавае, што 17 месца, калі і выклікала расчараванне, то хіба невялічкае. І не з-за таго, што “нашы як заўсёды на большае не здатныя”. А таму, што гэта не спартыўнае спаборніцтва, а творчы конкурс, дзе галоўнае не перамога, а яскравае сведчанне сваёй самабытнасці і арыгінальнасці.

Калі такое было раней? Згадваецца хіба драматычная перамога нашай хакейнай зборнай у далёкім 2002 годзе ў чвэрцьфінале Алімпійскіх гульняў над шведамі. Тады беларусы познім вечарам з фінальнай сірэнай выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў святкаваць перамогу, захопленыя самаадданасцю нашых хакеістаў, а пасля з тыдзень абмяркоўвалі тую падзею сярод сяброў ды калег. Але тое спорт. Са сферы культуры згадваецца ўдзел Юры Дземідовіча ў дзіцячым “Еўрабачанні” з арыгінальнай песняй “Чароўны трусік”, якая хоць і не ўпісалася ў еўрафармат, але здолела аб’яднаць многіх беларусаў. А ўдзел айчыннага фільма “У тумане” ў Канскім кінафестывалі? Тая знакавая падзея захоўваецца ў памяці не толькі кінематаграфістаў, але і шырокай грамады ды і цяпер выклікае гонар. Хай сабе і з меншым ахопам публікі, але прымусіў ганарыцца айчыннай культурай і наш удзел у Венецыянскім біенале, які сцвердзіў, што кансалідаваць народ можа не толькі масавая культура.

Гэтыя прыклады сведчаць пра адно: беларусы могуць быць скансалідаваныя толькі праз беларускасць. І гаворка не толькі і не столькі пра беларускую мову. Хутчэй — пра нашу натуральнасць, калі сваё роднае выклікае гонар за краіну — тое, што характэрна і палякам, і французам, і іспанцам… Кожнаму народу, які паважае сябе.

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"