Музеі не спяць дзеля попыту на… музеі

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Што прапануюць установы ў спецпраграмах і якую матэрыяльную ды іміджавую карысць з таго маюць
Міжнародны дзень музеяў, які адзначаецца 18 мая, ужо ва ўсім свеце прынята святкаваць начнымі ці хаця б вечаровымі мерапрыемствамі. Першапачатковая задума гэтай акцыі — працаваць для ўсіх бясплатна і ў нязвыклы час, каб прыцягнуць да сябе ўвагу і займець новых наведвальнікаў — у большасці беларускіх музеяў паступова трансфармавалася ў гульнёвыя забаўляльныя праграмы, кошты на якія часам здзіўляюць не вельмі прыемна. Па што прыходзяць людзі на Ноч музеяў і як гэта дапамагае жыць самім установам, “К” высвятляла разам з супрацоўнікамі тых з іх, што знаходзяцца ў рэгіёнах рэспублікі.

/i/content/pi/cult/638/14191/4-1.jpg

Аднымі з першых Ноч музеяў сёлета правялі ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”. / Фота прадастаўлена ўстановай

Паліна ХАРУТА, спецыяліст па арганізацыі мерапрыемстваў і рэкламе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”:

— Мы ўжо правялі Ноч музеяў 13 мая. Нас наведала 432 чалавекі, і мы гэтай лічбай задаволеныя. Знаходзімся далёка ад буйных гарадоў, таму выбіралі дату так, каб было зручна нам і каб нікому не даводзілася выбіраць — ехаць ці заставацца дома.

Важна, каб людзі не проста маглі наведаць замак, а ўбачылі нейкую праграму. Звычайна мы прытрымліваліся тэматыкі XVI — XVIII стагоддзяў, але сёлета вырашылі прапанаваць наведвальнікам эпоху 1920 — 1930-х — напярэдадні адкрыцця выставы “Заходняя Беларусь: гісторыя паўсядзённасці”, прысвечанай гэтаму часу. У нас працавала мноства фотазон, стаялі рэтра-аўтамабілі, граў джаз-бэнд, выступаў Віктар Шалкевіч, рэчы кшталту пасядзець на цвіках прапанаваў музей “Эксперыментум”, у дворыку паказвалі нямое кіно. Наведвальнікаў мы прасілі апрануцца ў касцюмы той эпохі, і літаральна ва ўсіх, калі не касцюм, дык хаця б матылёк ці капялюш быў.

На праграмы Ночы музеяў кошт білета заўжды крыху павышаем, бо рыхтуем для ўсіх гасцей падарункі — салодкія пачастункі ці прыемныя дробязі, таму пра прыбытак ці нейкую фінансавую карысць тут казаць не выпадае. Прафесійным артыстам, якіх запрашаем, таксама ж трэба заплаціць. Для нас правесці Ноч музеяў — гэта перш за ўсё традыцыя і пытанне іміджу. Мы далучыліся да акцыі ў 2011 годзе, і цяпер людзі яе чакаюць, загадзя цікавяцца праграмай. Наведвальнікаў вабіць тое, што ў іх ёсць магчымасць трапіць у тыя часткі замка, якія звычайна зачыненыя — на валы, у падвал ці падземныя хады. Не трэба хадзіць за экскурсаводам, можна забаўляцца — гэта цікава і нясвіжцам, але больш усё ж такі турыстам, таму будзем думаць, як яшчэ прыцягваць увагу мясцовых жыхароў. Многія наведвальнікі, як аказалася, чакаюць маштабнай і працяглай рэкламы, але ж, пагадзіцеся, няма сэнсу год круціць паўсюль інфармацыю пра адну Ноч музеяў.

Летам па нядзелях арганізуем дадатковыя праграмы з квэстамі для дарослых і дзяцей — так мы працуем з індывідуальнымі наведвальнікамі. Яны могуць не спяшаючыся аглядаць замак і застацца ў нас у дворыку, каб паглядзець на рыцараў ці памаляваць з дзецьмі, а ў груп ад турфірм усё разлічана па часе. Нейкія дадатковыя імпрэзы арганізуем у несезонны для турыстаў час, але тых, каму гэта ў прынцыпе нецікава, нічым не прывабіш, а тыя, хто хоча, цікавяцца самі, і ўжо ад іх інтарэсаў мы і адштурхоўваемся.

Зараз спрабуем “вяртаць” людзей да нас у замак, напрыклад, конкурсамі відэаролікаў. Летась людзі здымалі на відэа, як праводзілі час у Ноч музеяў, і дасылалі нам, а мы абвясцілі галасаванне ў інтэрнэце і ўзнагародзілі пераможцаў. Тры фіналісты паехалі ў тур па Беларусі і атрымалі сертыфікат на удзел у нашым квэсце. Падчас калядных святаў мы прапанавалі здымаць святочныя ялінкі. Працягнем такую практыку, бо людзі праводзяць у нас час, фактычна пакідаюць відэаводгук, а потым вяртаюцца зноў. Тое, што мы зараз самаакупны музей, не азначае, што так будзе заўжды — трэба над гэтым увесь час працаваць.

Дзмітрый МАНКЕВІЧ, загадчык сектара па экскурсійнай працы замкавага комплексу “Мір”:

— У гэты перыяд усе музеі гудзяць, але мы 18 мая не чакалі ў сябе такога ж вялікага наплыву наведвальнікаў, як тое назіраецца ў Мінску. Праводзіць Ноч музеяў — добрая традыцыя, а мы прыхільнікі традыцый. Адкрылі выставу літоўскага мастака Раманаса Барысаваса, правялі канцэрт камернага аркестра “Рэзананс”, інтэрактыўную праграму “У госці да Пане Каханку” разам з цыганскім ансамблем, вучылі наведвальнікаў мове веераў і мушак. Сёлета ўпершыню зрабілі свабодны ўваход, таму што раней неаднаразова даводзілася тлумачыць турыстам, чаму ў такі дзень ім трэба плаціць. Вырашылі, што гэтага лепш пазбегнуць.

За год да нас прыязджае каля 100 тысяч людзей. 7 мая ў нас была рэкордная колькасць экскурсій за дзень — 110. Мы ніяк спецыяльна не заахвочвалі нас наведаць — проста ў людзей вялікія выхадныя, быў час кудысьці паехаць. Падчас навагодніх ці вясновых школьных канікул таксама прыязджае шмат турыстаў. Калі мы ведаем, што турыстычная плынь пойдзе на спад у сакавіку ці ў нейкія восеньскія дні, тады робім спробы прыцягнуць да сябе ўвагу інтэрактыўнымі спектаклямі ці выступамі калектываў, але гэта не мае належнага эфекту. Таму важна проста своечасова планаваць сваю дзейнасць, а не старацца выключна здзівіць.

Ноч музеяў, безумоўна, магчымасць яшчэ раз сябе прарэкламаваць, але няма неабходнасці рабіць штосьці падобнае часта, каб закрыць адносна “пустыя” дні. Мы стараемся, каб усім, хто да нас прыязджае, у нас спадабалася, і яны расказалі пра гэта камусьці яшчэ — гэта самая надзейная рэклама, якая працуе лепш за ўсё.

Калі ў Міры праводзяцца рыцарскія турніры ці канцэрты “Песня года” і інфармацыя пра гэта распаўсюджваецца загадзя, безумоўна, для нас гэта мае вялікі эфект — плынь турыстаў павялічваецца, бо пасёлак наведвае каля 10 тысяч людзей у дзень і ім хочацца паглядзець усё. З музейных падзей вялікая цікавасць назіраецца да калядных баляў — праводзіць іх стала штогадовай традыцыяй менавіта з-за попыту: цікава ж прыехаць на баль у сярэднявечны замак, прыгожа апрануцца.

Ваганнем кошту білета мы ніколі нават і не спрабавалі прыцягваць наведвальнікаў. Стараемся заўжды трымаць крыху меншы ўзровень за Нясвіжскі гісторыка-культурны запаведнік. Нядаўна крыху павысілі кошт — цяпер наш білет можна набыць за 12 рублёў. Апошні аўторак кожнага месяца — бясплатны дзень наведванняў, і ён заўжды вельмі насычаны, хаця экскурсіі праводзім платна.

Вольга БАБРОЎНІК, выконваючая абавязкі дырэктара Рэчыцкага краязнаўчага музея:

— Правесці мерапрыемства нават увечары, а не тое што ноччу ў нас няма магчымасці, таму 19 мая прапанавалі наведвальнікам дзённую праграму ў нашым музеі і ва ўнутраным дворыку з 14.00 да 19.00 — майстар-класы па стварэнні мультфільмаў, працы з саломкай ці паперай, выставы, кірмаш народных майстроў. Уваход быў вольны. Платныя толькі квэсты-экскурсіі ўнутры музея, іх кошт не змянялі. Завяршылася ўсё канцэртам навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў і выхаванцаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з 18.00 да 19.00. Потым правялі яшчэ квэст-экскурсію па горадзе.

За год да нас прыходзіць каля 24 тысяч гасцей. Хочацца заўжды бачыць больш наведвальнікаў, але народ складана ўзняць. Наша асноўная аўдыторыя — гэта школьнікі і мясцовыя жыхары. Мы сябе сярод іх і рэкламуем, арганізуем новыя выставы, але тэматыка нашага музея такая, што амаль усе ў Рэчыцы асноўную экспазіцыю ўжо бачылі, а зменныя выставы цікавыя не ўсім. Актыўна людзі рэагуюць толькі на штосьці прынцыпова новенькае. Напрыклад, экскурсійны квэст “Перапалох у музеі” — адна з нашых апошніх прапаноў, таму на яго прыходзяць, бо гульнёвая форма прываблівае. Ноч музеяў праводзім не ў першы раз, таму людзі ўжо да гэтага прызвычаіліся, і хаця праграма заўжды розная, больш наведвальнікаў ад гэтага ў нас не становіцца.

Юрый ЗЯЛЕВІЧ, дырэктар Музея-сядзібы “Пружанскі палацык”:

— У нас 19 мая адбыўся фестываль эксперыментальнага мастацтва “Рэха Даху-V”. Музей працаваў да гадзіны ночы. Уваход быў па стандартным білеце, які каштуе ад паўтара да двух з паловай рублёў. Зусім бясплатна ўсё ж такі не можам праводзіць такія мерапрыемствы — ёсць пэўныя выдаткі на электрычнасць і іншыя гаспадарчыя справы.

“Рэха Даху” — гэта падзея на мастацкім фронце і адно з галоўных мерапрыемстваў года ў нашым музеі, бо не часта са сталіцы да нас прыязджаюць навукоўцы, мастакі, музыканты. Фестываль праходзіць у Пружанах ужо пяць гадоў запар і сёлета супаў па часе з Ноччу музеяў, але яе мы заўжды стараемся праводзіць арыгінальна, каб гэта было эфектыўна і цікава для нашых наведвальнікаў.

Падчас правядзення міжнароднай акцыі музеі павінны па ідэі працаваць ноччу і бясплатна, але ў апошні час Ноч музеяў шмат дзе відавочна скіраваная ў камерцыйную плынь. Зразумела, што зараз гэта яшчэ і дадатковы піяр, але музей усё роўна павінен заставацца музеем, таму яго задача — не перагнуць палку ў атракцыях, знайсці мяжу паміж імі і сваёй тэматыкай. Напрыклад, арганізоўвалі Ноч здароўя, прысвечаную нетрадыцыйнай медыцыне — расказвалі пра лячэнне ароматэрапіяй і гэтак далей, але і пра арт-тэрапію не забыліся. Для нас далучыцца да акцыі — справа гонару. Перш за ўсё гэта свята для сталых наведвальнікаў, якія пастаянна прыходзяць на нашы выставы і іншыя імпрэзы. Ноч музеяў — магчымасць прапанаваць ім штосьці новае.

Я не адкрыю Амерыку, калі скажу, што музеі наведваюць усё радзей — гэта наступствы эры інфармацыі, якая захапіла ўсё. Вербальныя і візуальныя рэчы адыходзяць на другі план. На першы выходзяць атракцыі. Пры ўсёй лаяльнасці і зменлівасці музей — кансерватыўная з’ява ў гэтым сэнсе.

За год да нас прыходзіць каля 8 тысяч людзей. Асноўная катэгорыя наведвальнікаў — мясцовыя жыхары, але часам бывае непрадказальна шмат турыстаў. У жніўні ў нас сапраўднае жніво — вельмі шмат экскурсій у дзень. За кошт мерапрыемстваў ці новых паслуг таксама спрабуем павялічыць колькасць наведвальнікаў. Праводзім, напрыклад, творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, што збіраюць мясцовую творчую інтэлігенцыю. Але ўсё адно галоўнае, што цікавіць людзей — экскурсіі і агляд экспазіцыі, таму тут пытанне толькі ў асабістым жаданні.

Людміла МАТВЕЕВА, навуковы супрацоўнік Аршанскай гарадской мастацкай галерэі Віктара Грамыкі:

— Наша Ноч музеяў адбудзецца 27 мая. Значную частку мерапрыемстваў хочам правесці ў дворыку побач з музеем, але апошнія тры гады нам не шанцавала з надвор’ем і даводзілася ўсё запланаванае там адмяняць, таму зараз мы вырашылі ўсё ж такі дачакацца цяпла.

Сёлета Орша святкуе юбілей, таму музейную ноч прысвяцім тэме гісторыі і адкрыем нашым наведвальнікам “950 таямніц”. Выбралі вечаровы час — з 20-й да 23-й гадзіны. У дворыку малюем, слухаем музыку, дэгустуем стравы народнай кухні. Унутры будынка кожная зала мае сваю тэматыку — як працавалі фотаатэлье XIX стагоддзя ці як людзі апраналіся ў той час у Оршы, як пяклі хлеб, што важна ведаць пра жывапіс і графіку. Арганізуем фотазоны, плануем тэатральныя пастаноўкі. Уваход бясплатны, але будуць асобныя мерапрыемствы, на якія трэба купіць асобны білет.

Не першы год удзельнічаем у гэтай міжнароднай акцыі і бачым, што гэта ўсё ж такі прыцягвае да нас новых наведвальнікаў і дае нам магчымасць папулярызаваць нашы фондавыя зборы. Усе мерапрыемствы насычаныя нашымі экспанатамі, некаторыя з іх звычайна наведвальнікі не бачаць, а для свята мы можам іх выкарыстаць.

Канечне, людзі прыходзяць, каб атрымаць задавальненне і радасць, новыя ўражанні. Фінансавае пытанне першым не ставім у гэтым выпадку — адзначаем сваё прафесійнае свята Ноччу музеяў і запрашаем да сябе гасцей. Часам павышаем кошт, часам робім бясплатны ўваход, як цяпер — залежыць ад мерапрыемства. Колькасць наведвальнікаў памяншаецца апошнім часам. Даследаванняў прычын такога працэсу мы не праводзілі, але, мне падаецца, усё залежыць ад плацежаздольнасці насельніцтва. Паход у музей не самае неабходнае для жыцця пры планаванні фінансавых выдаткаў. Але мы ўсё адно стараемся звяртацца да нетрадыцыйных формаў працы з наведвальнікамі, каб зацікавіць іх — зараз гэта гульнёвыя праграмы “Інтэрактыўная карта па зале Грамыкі” і “Напалеон у Оршы”.

Наталля АРЦЁМЧЫК, дырэктар Бабруйскага краязнаўчага музея:

— Удзельнічаем у Ночы музеяў ужо восьмы раз. Гэта адно з мерапрыемстваў, якое ў горадзе чакаюць — нават загадзя набываюць білеты. Яны ў нас па даступных коштах — адзін рубель для дзяцей, два рублі для дарослых. Зусім бясплатна не праводзім мерапрыемства проста для таго, каб абмежаваць колькасць наведвальнікаў. Прасторы ў нас не так шмат, таму калі ўваход будзе вольны, ёсць верагоднасць, што не ўсіх зможам прыняць.

У Бабруйску нямала калектываў, якія адгукаюцца на нашы прапановы супрацоўнічаць на працягу года, але найбольш яскравае свята атрымоўваецца на Ноч музеяў. Сёлета яна адбылася 18 мая — была невялічкая выстава “Бабруйск на старых картах”, майстар-класы па вырабе паштовак, супрацоўнікі музея прадстаўлялі кулінарныя рэцэпты ад карэнных бабруйчан, працаваў музычны салон. Традыцыйна праводзілі ўсё ў вечаровы час — з 18-й да 20-й гадзіны.

Перад намі не стаіць мэта прыцягнуць новых наведвальнікаў — яны прыходзяць, але няшмат. Нашы зменныя выставы звычайна камерныя, пастаянная экспазіцыя не змяняецца, таму стараемся рабіць штосьці, каб усім магло быць цікава — не толькі тым, хто ў нас упершыню. Інтэрактыўныя мерапрыемствы арганізоўваем абавязкова, праводзім шмат выязных музейных заняткаў у школах і дзіцячых садках. Наведвальнікам вельмі падабаецца этнаграфічны вясельны абрад.

Наша асноўная аўдыторыя — навучэнцы каледжаў, студэнты філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, мясцовыя жыхары, што цікавяцца гісторыяй, прадстаўнікі бабруйскіх прадпрыемстваў. Большасць з іх нашы сталыя госці.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"