Вам шоу ці бізнес?

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Спрэчкі пра тое, ці ёсць шоу-бізнес у Беларусі, можна лічыць скончанымі. Вынесены і вердыкт: ёсць! Бо маецца неаспрэчны доказ — даведнік “Шоу-бізнес у Беларусі. 2008”.

Вядома, самыя стойкія скептыкі могуць гмыкнуць і тут: даведнік з’явіўся, а ці ёсць дастатковы аб’ём інфармацыі для яго і рэальная запатрабаванасць? Супакойцеся: ёсць і патрэба, і неабходны для яе задавальнення фонд звестак. Каб пераканацца ў гэтым, трэба ўсяго толькі пагартаць даведнік і набраць некалькі тэлефонных нумароў, у ім пазначаных. Што я, дарэчы, і зрабіла.

Першым уражаннем было пачуццё... адкрыцця. Столькі гадоў прапрацаваўшы ў сферы культуры і ведаючы нашых творцаў, у твар (а большасць з іх — і асабіста), я, як высветлілася, нават не здагадвалася пра існаванне некаторых калектываў. А яшчэ — пра даволі вялікую колькасць майстэрняў, дзе вырабляюць сцэнічныя строі, дэкарацыі, абсталяванне, пра многія іншыя даступныя паслугі. Адразу ўзнікла думка: якія ўсё ж багатыя ў нас рэсурсы! Трэба толькі выкарыстоўваць іх напоўніцу. Гэтаму, трэба спадзявацца, і паспрыяе даведнік.

Крыху пра структурную пабудову кнігі. Традыцыйны “змест” змешчаны на старонцы 27. Прычым, як і мае быць у выданні такога роду, кожная структурная адзінка вылучана сваім колерам, што значна палягчае пошукі. Да таго ж, у адпаведнасці з усімі законамі жанру, у канцы зборніка ёсць алфавітны паказальнік, у якім асобна пазначаны кожны калектыў, саліст, арганізацыя.

Кніжка складаецца з некалькіх частак. Па-першае, у ёй пералічаны (вядома, з адрасамі і тэлефонамі) дзяржаўныя ўстановы, упраўленні і аддзелы культуры, творчыя саюзы, культурныя цэнтры, установы спецыяльнай адукацыі і г. д. Іншымі словамі, усё тое, што тычыцца афіцыйнай інфармацыі, уключаючы звесткі пра фестывалі, конкурсы, тэатральныя і канцэртныя залы (разам з дадзенымі ў дадатку схемамі апошніх, што карысна не толькі для арганізатараў, але і для патэнцыйнай публікі). Дадатак увогуле “цягне” на яшчэ адзін даведнік, бо ў ім сабраны шматлікія юрыдычныя звесткі і нарматыўныя дакументы: вытрымкі з дзяржаўных пастаноў, інструкцый, прыведзены стаўкі аўтарскага ўзнагароджання, растлумачаны парадак іх выкарыстання, надрукаванынават прыклад стандартнай дамовы паміж прадзюсерам і артыстам, распаўсюджанай у еўрапейскіх краінах.

Па-другое, ахопленыя артысты і калектывы падзелены не толькі па відах мастацтва, але і па напрамках, стылях, жанрах, у якіх яны працуюць. Нават аднаго позірку на вылучаны пералік дастаткова, каб пераканацца ў шырыні ахопу: акадэмічная музыка, аўтарская песня, блюз, джаз, рок, рэгі, ска, панк, фольк, этна, старадаўняя музыка, эстрада, поп, хіп-хоп, R’n’B, электронныя праекты...

Іншымі словамі, артысты знойдуць у даведніку не толькі свае імёны, але і спіс тых інстанцый, без якіх ім не абысціся. Пачаткоўцы, дзякуючы зборніку, змогуць адразу акрэсліць кола сваіх пошукаў: ад устаноў адукацыі, дзе яны маглі б пашырыць свае веды, да ўласна сферы распаўсюджвання сваёй прадукцыі, уключаючы клубы, дамы культуры, радыёстанцыі.Арганізатары ж канцэртаў будуць мець каардынаты артыстаў, што называецца, пад рукой. І, вывучыўшы прапановы, без асаблівых цяжкасцей змогуць узбагачаць мастацкую палітру сваіх мерапрыемстваў. А да таго ж, удасканальваць іх арганізацыю, бо ў даведніку змешчана багата інфармацыі пра сферу паслуг: ад распаўсюджвання квіткоў да вырабу медалёў і прызоў.

Ёсць у даведніку і старонкі, прысвечаныя друкаваным сродкам масавай інфармацыі. На пачэсным месцы — наша газета, хаця мы, як і многія іншыя ўстановы, не былі “рэкламадаўцамі”.

— Мы рабілі менавіта даведнік, а не рэкламнае выданне, — патлумачыў Юрый БУДЗЬКО, які ўзначальвае выдавецтва “Мэджык Бук” і часопіс “Развлечение и отдых”, на базе якіх рабілася кніжка. — Таму збіралі інфармацыю самі, пры неабходнасці — звярталіся да спецыялістаў у той ці іншай сферы. Дарэчы, іх імёны, як і назвы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры, што адгукнуліся на просьбу дапамагчы з дадатковымі звесткамі, таксама змешчаны ў даведніку.

Увогуле ж, мы самі здзівіліся, наколькі хутка і лёгка “пацякла” да нас інфармацыя. Збіраць яе пачалі прыблізна з сярэдзіны мінулага года. Але ў пэўны момант я быў вымушаны сказаць: “Усё. Давайце пакуль спынімся на тым, што ёсць”. Бо зразумеў, што іначай мы ніколі не выдадзім даведнік: увесь час будзем атрымліваць усё новую інфармацыю пра новыя калектывы. Нават зараз, калі выданне ўжо выйшла, такія звесткі працягваюць паступаць.

— Што з’яўляецца дадатковым доказам таго, наколькі своечасовымі і патрэбнымі аказаліся сабраныя і ўдала класіфікаваныя вамі звесткі? Як нарадзілася гэтая ідэя?

— Калі пачалі займацца даведнікам, самі здзівіліся, чаму гэтая ідэя не ўзнікла раней: яна ж літаральна лунала ў паветры! Хаця, трэба прызнацца, падобныя спробы ўжо ўзнікалі. І не толькі ў нас: у 2001-ым і 2003-ім гадах прадзюсер Вячаслаў Гулевіч ужо выпускаў падобныя зборнікі, але куды больш лакальныя і малымі тыражамі.

— На маю думку, адметнасцю цяперашняга даведніка стала тое, што ў ім змешчана інфармацыя як пра дзяржаўныя ўстановы і калектывы, што працуюць у сферы культуры, так і пра прыватныя. Звычайна бывае наадварот. Маўляў, вось гэта — культура, а гэта — камерцыя. Хаця, здаецца, падзяляць трэба, зыходзячы з мастацкага ўзроўню, а не адно з крыніцы фінансавання.

— Бо разам жа робім агульную справу! Дзяржаўныя калектывы таксама клапоцяцца зараз пра тое, як зарабіць грошы, чым прывабіць публіку. А многія артысты ўдзельнічаюць адначасова ў некалькіх праектах — і дзяржаўных, і прыватных. Гэта абсалютна нармальная з’ява, і наш даведнік усяго толькі адлюстроўвае тое, што даўно замацавалася ў рэальнай канцэртнай практыцы. А колькі існуе цудоўных народных калектываў — пры заводах, палацах і дамах культуры! Яны часта выступаюць за мяжой, нават маюць там шматлікія гастрольныя турнэ, а ў нас вядомы хіба на ўзроўні свайго рэгіёна. Думаю, наш даведнік у стане садзейнічаць іх папулярызацыі па ўсёй рэспубліцы. На справе, мы вельмі мала ведаем пра тое, што адбываецца ў розных кутках нашай краіны. Асабіста я быў прыемна ўражаны, калі ваша газета актыўна распачала праект “Культасветработа: ракурс адказнасці”. Уласна кажучы, наш даведнік і ваш праект перагукаюцца ў тым, што ўтрымліваюць звесткі пра творчыя пачынанні ды ініцыятывы, якія ўзнікаюць “на месцах”, а не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах. Сапраўды, трэба аб’ядноўваць такую інфармацыю пра “мясцовыя” калектывы не “местачковага” ўзроўню, бо гэта,з аднаго боку, дае ім “раскрутку”, а з другога — уяўленне пра агульную карціну ў тым напрамку, у якім яны працуюць. Дзеля гэтага мы і заняліся бясплатнай рассылкай каля 1000 асобнікаў даведніка.

— Усё “бясплатнае”, як вядома, мае свой кошт. Няўжо вы працавалі адно “за ідэю”?

— Чаму ж? Калі вы заўважылі, зборнік багата ілюстраваны. Бясплатна мы змяшчалі толькі ўласна інфармацыйныя радкі. А ўсе фотаздымкі артыстаў, іх рэкламныя плакаты, дадатковыя характарыстыкі — на платнай аснове. Зразумела, што тым, хто змясціў платную рэкламу, мы таксама, калі можна так сказаць, “падорым” зборнік. Дарэчы, адным з першых яго атрымала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Прыемна, што першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка ацаніў нашы намаганні, адзначыўшы карыснасць выдання. Даведнік змогуць атрымаць усе ўпраўленні, аддзелы культуры абласных, раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў. З’явяцца зборнікі і ў сродках масавай інфармацыі, у непасрэдных арганізатараў канцэртаў — ва ўсіх тых, каму яны патрэбны для працы. Мы ўжо прэзентавалі выданне на спецыялізаваных выстаўках, на канцэртнай праграме ў клубе. Паўсюль яно выклікае вялікую зацікаўленасць.

У апошніх словах я пераканалася, калі патэлефанавала ў некаторыя канцэртныя арганізацыі і да саміх артыстаў, скарыстаўшы пры гэтым змешчаныя ў даведніку каардынаты. Абсалютна ўсе, хто ўжо паспеў з ім пазнаёміцца, ледзь не ў адзін голас выказвалі задавальненне не толькі тым, што самі апынуліся на яго старонках, але і разнастайнасцю інфармацыі, магчымасцю з дапамогай зборніка палепшыць сваю працу.

— Вельмі патрэбнае пачынанне! — радасна засведчыў дырэктар ААА “Мюзікл” у Лідзе Юрый Матуйза. — Шмат гадоў я займаюся дыскатэкамі, апошнім часам да іх далучыліся іншыя варыянты арганізацыі адпачынку, шоу-праграм, канцэртнай дзейнасці. Сярод тых, з кім мы плённа супрацоўнічалі і супрацоўнічаем, такія зоркі, як Аляксандр Саладуха, Якаў Навуменка, Альберт Скараход, вядомы ў раёне эстрадны калектыў “Шкляры”, якому ўжо 26 гадоў, тэатр песні “Ліда-мюзікл” — усіх не пералічыць. Як наша “адгалінаванне” існуе “Муз-альянс”, які з’ядноўвае музычныя сілы горада, нашыхкампазітараў, паэтаў, выканаўцаў. І так— у многіх рэгіёнах. Калі разгарнуў зборнік, падзівіўся, колькі ў нашай краіне творчых сіл!

А між тым, па прызнанні саміх складальнікаў, занатаваным у прэс-рэлізе, даведнік адлюстроўвае, паводле прыблізных падлікаў, “не больш чым 25 працэнтаў суб’ектаў гаспадарання і творчых адзінак, што актыўна працуюць на гэтым рынку”.

— Пачаўшы працаваць над даведнікам, — дадаў Ю.Будзько, — мы адразу зразумелі, што павінен быць працяг. Уласна кажучы, праца над ім ідзе ўжо зараз. Наша каманда не распалася, у ёй па-ранейшаму 5 рэдактараў і 3 дызайнеры. Таму ўжо ў снежні бягучага года плануем выпусціць наступны зборнік — “Шоу-бізнес у Беларусі. 2009”. Вядома, ён будзе значна таўсцейшы за цяперашні, у якім “усяго толькі” 192 старонкі — дробным шрыфтам. Дый надалей збіраемся прэзентаваць чарговыя выпускі штогод у снежні.    

Надзея БУНЦЭВІЧ