Як і куды знікаюць творы?

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Гісторыя страчанага ў калейдаскопе шматкроп’яў
За маё творчае жыццё я ведаў шмат журботных фактаў пра тое, як немаведама куды знікаюць творы памерлых творцаў практычна ва ўсіх відах і жанрах. Не кажучы пра зніклыя беларускія творы манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага жывапісу: мазаікі, роспісы, вітражы, чаканкі, буйныя габелены, а таксама скульптурна-архітэктурныя помнікі, і не толькі ў нашай краіне.

/i/content/pi/cult/638/14178/15-1.jpgАляксандр Кішчанка, Міхаіл Савіцкі. Роспіс “Трыумф пакаленняў” у горадзе Місхоры.

Зразумела, без творчасці мастак у любым выпадку не можа існаваць. Гэта аксіёма. А між тым у кожнага ў майстэрнях набіраецца шмат работ, якія хочацца паказаць гледачу. І тут узнікае пытанне: “А што будзе са спадчынай мастака пасля яго сыходу з жыцця?" Праблема, якая, магчыма, ніколі не будзе вырашана. А мо прыйдзе час, калі ў краіне з’явіцца памяшканне для захавання такой спадчыны — фонда нашай нацыянальнай культуры?

Роздумы пачну з яскравага прыкладу. У 1973 годзе Аляксандр Кішчанка разам з Міхаілам Савіцкім стварылі для інтэр’ера новага корпуса санаторыя “Беларусь” у крымскім Місхоры эскізы і кардон тэмпернага роспісу “Трыумф пакаленняў”, які раскрываў ідэю пераемнасці пакаленняў салдатаў рэвалюцыі і скаральнікаў космасу. Работа ішла няпроста. Бо так атрымалася, што галоўная нагрузка ў працы над творам легла на Кішчанку. Так здарылася, што менавіта ў перыяд непасрэднага ўвасаблення роспісу на аб’екце ў Місхоры Міхаіл Андрэевіч аказаўся ў мінскай бальніцы з цяжкім прыступам застарэлай язвы страўніка. Для чытача будзе цікава прачытаць фрагмент ліста Кішчанкі з Місхора ў Мінск свайму сааўтару, каб хаця б пункцірна ўявіць сабе складанасць работы над гэтым знакавым для мастацтва творам манументальнага маштабу (ліст у маім хатнім архіве): “Мішанька! Што ж ты так надоўга ўвязнуў у сваёй лячэбніцы? Ну, калі ты там трывала засеў, дык ужо выхадзі адтуль бугаём! Ведаеш, як ты патрэбны тут, у Місхоры! Але што казаць: старайся мацнець, і галоўнае — не губляць аптымізму! Мы яшчэ як мастакі павінны з табой даць куродыму! У мяне ўсё ідзе па плане. Эскіз абнавіў, зрабіў яго ў такім колеры, як патрабавала архітэктура. Зрабіў усё дакладна: фігуры залатыя, планета блакітная, а блакітнае, пад фігурамі ўнізе — робіць работу вельмі нязвыклай. Усе малюнкі ператварыў наноў… Доўга шпакляваў і грунтаваў. Толькі сорак яек улупіў у грунт! Словам, сцяну падрыхтаваў па вышэйшым разрадзе. Спатрэбілася майстэрства, а як жа інакш? Думаю, што за чатыры тыдні галоўную частку прамалюю, а яшчэ пару тыдняў спатрэбіцца пасля таго, як рабочыя падрыхтуюць столь, і тады ўсе паверхні сцен закончу цалкам...”

І — скончыў. Яснасць і дакладнасць кампазіцыйнага рашэння, майстэрства малюнка, асаблівы строй мастацкай формы, разлічаныя на ўспрыманне як з вялікай адлегласці, так і на агляд з бліжэйшых кропак. Шматграннасць абрысоўкі вобразаў, арганічная сувязь жывапісу з функцыянальным рашэннем сучаснага інтэр’ера зрабілі гэту работу адной з самых удалых у шэрагу найбуйнейшых савецкіх манументальных твораў 1970-х, пра што шмат пісалі ўсесаюзныя альманахі і спецыяльныя часопісы.

Але пасля развалу Саюза наступіў час, нярэдка ў сэнсе мастацтва непадуладны логіцы. На маю нядаўнюю просьбу расказаць пра лёс твора адміністрацыя санаторыя ветліва паведаміла, што пасля 1999 года, у час рэканструкцыі будынка, роспіс “Трыумф пакаленняў”, выкананы двума народнымі мастакамі Беларусі, быў знішчаны. І ў беларускай прэсе пра гэта нічога не напісалі… Таму я падрабязна расказаў пра гэта, каб людзі ведалі, што насамрэч і рукапісы гараць, і помнікі разбураюцца, і фрэскі знікаюць. Разам з імі, на жаль, і памяць… І, магчыма, гэта паслужыць нейкім урокам (хацелася б верыць) .

Наогул, герастратаўская “традыцыя” існавала яшчэ і ў 1920-я гады ў Савецкім Саюзе — у час змен, і ў 1930-я — у чорны перыяд “вялікага тэрора”, калі пасля арыштаў дзеячаў мастацтва разам з імі знікалі і іх творы. Так здарылася з мастацкай спадчынай расстраляных Рамана Семашкевіча, Яфіма Мініна, Пятра і Хрыстафора Даркевічаў.

Мала хто ведае, але ў пачатку 1920-х у Віцебску пры Мастацкім народным вучылішчы і пазней пры Мастацка-практычным інстытуце існаваў так званы губернскі Музей сучаснага мастацтва, у якім былі прадстаўлены творы мясцовых і маскоўскіх мастакоў: ад Шагала, Малевіча, Пэна, Бразера, Стржэмінскага, Юдовіна да Кандзінскага, Канчалоўскага, Ларыёнава, Машкова, Фалька, Родчанкі, Экстэр, Кузняцова. Аднак з розных прычын ужо ў сярэдзіне 1920-х калекцыя карцін была перавезена ў Петраград і Маскву. А тыя авангардныя палотны, што засталіся, прапалі, былі знішчаны або парэзаны на кавалкі для практык студэнтаў новага керзінаўскага Мастацкага тэхнікума. Сёння знаходжанне дзясяткаў твораў “найноўшага” “левага” мастацтва невядомае. Куды зніклі такія работы, як “Заезны дом”, “Партрэт Юдаля Пэна”, “Прытон” Марка Шагала, “Уваход” і “Кампазіцыя № 219” Васіля Кандзінскага, “Нацюрморт” і “Галава” Льва Зевіна, “Нацюрморт” Масея Куніна, “Ружы” Канстанціна Каровіна, “Арыфмометр” Івана Клюна, тры краявіды Наталлі Ганчаровай, “Нацюрморт з пляшкай” Сяргея Герасімава, графічныя творы Саламона Юдовіна, два нацюрморты, партрэт жанчыны і пейзаж Роберта Фалька?..

А віцебскі “Супрэматызм № 55” Казіміра Малевіча аказаўся, па адной версіі, спачатку ў калекцыі Сафі Ларэн, потым у мемарыяльным музеі сучаснага мастацтва ажно ў Токіа. Дарэчы, там жа побач экспануюцца і карціны выхадца з Віцебшчыны Марка Роткі, Рэмбранта, Пабла Пікаса, Агюста Рэнуара, Клода Манэ… Па іншай версіі, карціну Малевіча з Віцебска ў Маскву перавезла супрэматыстка Ніна Коган, а ў сярэдзіне 1960-х палатно трапіла ў дзяржфонд работ, якія прызначаліся для продажу. І, мабыць, адтуль твор і трапіў да кіназоркі. А потым Ларэн, як сцвярджаюць даследчыкі, палатно перапрадала (ці падаравала) Японіі. Вялікую работу па асвятленні працэса стварэння віцебскага Музея сучаснага мастацтва, фарміравання і распаду калекцыі (1918 — 1941) правёў віцебскі мастацтвазнаўца Валерый Шышанаў, які ў 2007 годзе выдаў кнігу “Віцебскі музей сучаснага мастацтва”. Каму цікава складаная неадназначная гісторыя нашай выяўленчай спадчыны, прачытайце гэтае даследаванне…

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Віцебску знаходзілася каля 20 карцін з фонду былога музея. А потым калекцыю разам з іншымі творамі, у тым ліку палотнамі Льва Альперовіча і Якава Кругера, эвакуіравалі ў Саратаў. А калі фонды вярнулі ў Віцебск, ацалеў толькі нацюрморт Давіда Штэрэнберга. А наогул з той калекцыі вярнуліся ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР некалькі карцін. Каля двух дзясяткаў аказаліся ў Рускім музеі; шмат палотнаў Юдаля Пэна, якія былі перад вайной сабраныя ў віцебскім музеі яго імя і потым, у пачатку ліпеня 1941 года, таксама тэрмінова эвакуіраваныя ў вільготныя падвалы Саратаўскага мастацкага музея імя Радзішчава, да гэтага часу не знойдзены.

У архіве Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі захавалася даведка пра ўрон, які нанеслі фашысты Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. Так, у Германію была вывезена ў гады акупацыі Мінска вялікая колькасць экспанатаў, у тым ліку больш за 1700 твораў беларускага, рускага і заходнееўрапейскага жывапісу, 30 беларускіх ікон XVI — XVII стагоддзяў, каля 50 скульптур, 48 слуцкіх паясоў, сотні адзінак мастацкай парцаляны, бронзавых гадзіннікаў розных эпох, твораў разьбы па косці, 100 габеленаў і дываноў і гэтак далей. А колькі было скрадзена акупантамі з іншых нашых дзяржаўных і рэгіянальных музеяў? Акрамя таго, у полымі Вялікай Айчыннай загінула шмат твораў мастакоў, якія хутка пакідалі свае майстэрні і падаваліся на фронт, у партызаны ці накіроўваліся ў эвакуацыю.

А колькі помнікаў, створаных нашымі скульптарамі і архітэктарамі ў 1930-я, страчана на акупіраванай беларускай зямлі? Ніхто цяпер не даведаецца, колькі ж твораў, цікавых і розных, беларусы згубілі за апошнія сто гадоў, хаця б з моманту заснавання так званай Віцебскай мастацкай школы, а потым і ў час дзейнасці Віцебскага мастацкага тэхнікума (вучылішча)? А колькі знікла работ мастакоў Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы. Я маю на ўвазе творы Сяргея Вішнеўскага, Зміцера Крачкоўскага, Язэпа Драздовіча, Пётры Сергіевіча, Паўла Южыка. Дарэчы, вялікая калекцыя работ Паўла Фаміча (ён памёр у 1944-м), падрыхтаваная яго сябрамі для персанальнай выставы ў Маладзечне, знікла ўжо ў сярэдзіне 1950-х гадоў на радзіме жывапісца — у вёсцы Вётхава, што на Смаргоншчыне…

Сумна, але знікаюць творы і пры нашым жыцці...

Працяг — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"