Паводле плана Берзеліуса

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Падарожжа графа Тышкевіча ў Скандынавію і вытокі музейнай прафесіі
Яўстах Піевіч Тышкевіч сёння прадстаўлены ў энцыклапедычных выданнях як “гісторык, археолаг, этнограф, краязнаўца”. Адтуль можна даведацца, што ён прыклаў намаганні да ўзбагачэння археалагічнымі артэфактамі “прыватнага музея” ў Лагойску, а таксама з’яўляўся фактычным стваральнікам Віленскага музея старажытнасцяў. Тым не менш, музейная дзейнасць графа Тышкевіча ўяўляе маладаследаваны бок яго біяграфіі. Асабліва гэта тычыцца фармавання разумення музея і музейнай дзейнасці, "уваходжання" ў прафесію.

/i/content/pi/cult/638/14177/14-1.jpgЧаму Яўстах Тышкевіч вырашыў стварыць Віленскі музей старажытнасцяў? Якія былі яго погляды на музейную справу? У чым навуковец бачыў яе сэнс? Адказы на гэтыя пытанні дапамаглі б пашырыць наша разуменне феномена першага публічнага музея на землях Беларусі і Літвы, гэтаксама як і зараджэння музейнай справы ва Усходняй Еўропе. На жаль, навуковец не вёў дзённікаў, не пакінуў успамінаў альбо навуковых работ. Тым не менш, з вялікай верагоднасцю можна вызначыць тры крыніцы інфармацыі, якія сфармавалі погляды Тышкевіча на музей: знаёмства з сучаснымі яму ўстановамі; друкаваныя выданні; зносіны з навукоўцамі, музейнымі дзеячамі, калекцыянерамі.

З кабінетаў калекцыянераў

Інтэлектуальнае жыццё Еўропы першай паловы ХIХ стагоддзя праходзіла ў рэчышчы вальтэрыянства. А Вялікая французская рэвалюцыя ў 1795 годзе спарадзіла першы ў свеце публічны гістарычны музей — Музей французскіх помнікаў у кляштары малых аўгустынаў у Парыжы. Затым падобнага кшталту ўстановы пачалі з’яўляцца ў іншых краінах. Аднак паказ калекцый у першых адкрытых для шырокай публікі музеях аказаўся на нізкім узроўні. Напрыклад, у той час адсутнічалі тэксты ў экспазіцыі. Наведвальнік павінен быў добра разбірацца ў прадстаўленай у музеі тэматыцы, каб папоўніць веды ці атрымаць стымул да развагаў. Спробы арганізаваць працэс камунікацыі, зробленыя ў шэрагу экспазіцый, часта зводзіліся да нуля візуальным “шумам” перапоўненымі несумяшчальнымі прадметамі вітрынамі.

Правілы, якія абмяжоўвалі доступ наведвальнікаў у музеі, не заўсёды былі галоўнай прычынай іх невысокай папулярнасці. Большасць людзей не ўспрымала каноны пабудовы экспазіцый ад кабінетаў і галерэй прыватных калекцыянераў. Прычым яны часта перараджаліся ў неверагодныя гібрыды, якія спалучалі функцыі сховішча, палаца і майстэрні мастака. Тое, што людзі бачылі ў большасці еўрапейскіх музеяў, мала тычылася іх жыцця, а эфект ад агляду ўяўляў кароткачасовы ўсплёск цікаўнасці альбо захаплення.

Першыя гістарычныя

У першай палове XIX стагоддзя ў музейнай справе адбыліся пэўныя змены. Павялічылася колькасць публічных музеяў, пашырылася геаграфія іх размяшчэння, пачаўся працэс драбнення некаторых буйных комплексных музеяў на спецыялізаваныя ўстановы, надавалася больш увагі іх адукацыйнай функцыі. Развіццё спецыяльных гістарычных дысцыплін (археалогіі, нумізматыкі, этнаграфіі) абумовіла з’яўленне музеяў гістарычнага профілю. Цікавасць да вывучэння і прэзентацыі ў экспазіцыях помнікаў мінулага падагравалася настроямі, звязанымі з эпохай рамантызму. Нарэшце, стварэнне шэрагу важных гістарычных музеяў першай паловы ХIХ стагоддзя наўпрост звязана з нацыянальна-вызваленчым рухам. Такія ўстановы пачалі ўсведамляцца элітамі этнасаў, якія знаходзіліся пад чужаземным прыгнётам ці падвяргаліся агрэсіі з боку моцных суседзяў, як важны інструмент абуджэння самасвядомасці. Адначасова прыйшло прызнанне таго, што музей з’яўляецца найзручнейшай формай захоўвання матэрыяльных сведчанняў мінулага народаў.

Упершыню такія музеі паўсталі на нацыянальных тэрыторыях імперыі Габсбургаў. У 1802 годзе па ініцыятыве графа Ферэнца Сечэні і пры падтрымцы грамадскасці гістарычны музей мінулага вугорскага этнасу быў адкрыты ў горадзе Пешт. Установа адыграла важную ролю ў развіцці самасвядомасці венграў і падрыхтоўцы рэвалюцыі 1848 — 1849 гадоў. Пачынаючы з 1818-га, фармаванню нацыянальнай самасвядомасці чэхаў паспрыяў Нацыянальны музей у Празе, збор якога сведчыў аб іх культурнай ідэнтычнасці. Як і гістарычны музей у Пешце, Чэшскі музей быў адкрыты па ініцыятыве і на сродкі грамадскасці. У 1821-м адкрыўся для наведвальнікаў Нацыянальны музей Славеніі ў Любляне.

Інтарэс да мясцовага

У гэты ж перыяд па ініцыятыве навуковай грамадскасці фармуюцца музейныя зборы на нацыянальных тэрыторыях Расійскай імперыі, у тым ліку ў Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Украіне. Так, знаходзячыся ў роднасных сувязях з магнацкімі родамі былой Рэчы Паспалітай, Яўстах Тышкевіч ведаў пра два найбуйнейшыя прыватныя праекты, якія рэалізоўваліся ў першай палове ХIХ стагоддзя на этнічных польскіх землях. Гатычная галерэя Станіслава Патоцкага ў Вілянуве, а таксама Святыня Сівілы і Гатычны дом Ізабэлы Чартарыйскай у Пулавах адлюстроўвалі ідэі рамантызму, патрыятызму і ўвасаблялі культ герояў мінулага. Перапіска Тышкевіча з членамі Адэскага таварыства гісторыі і старажытнасцяў сведчыць, што вучоны ведаў пра музеі, што паўсталі ў той час на месцы правядзення раскопак у Паўночным Прычарнамор’і.

На беларускіх землях у першай палове XIX стагоддзя таксама назіралася актывізацыя прыватнага калекцыянавання гістарычных помнікаў. Гэтая дзейнасць стварала перадумовы для ўзнікнення першых публічных збораў. Сярод калекцыянераў — Мікалая Румянцава ў Гомелі, Адама Гюнтара ў Дабраўлянах, Івана Сабольшчыкава ў Віцебску, Міхаіла Гаўсмана ў Мінску — узмацнілася цікавасць да айчыннай культуры і гісторыі. Яны фармавалі базу крыніц, неабходную для правядзення даследаванняў па археалогіі, палеаграфіі, мастацтвазнаўстве, а музейныя прадметы ў прыватных зборах выклікалі ўсё большы грамадскі інтарэс. Так развівалася тэндэнцыя іх пераўтварэння ў публічныя музеі.

Праект музея старажытнасцяў

Падчас нядоўгай службы ў ордэнскай капітуле ў Санкт-Пецярбургу ў 1834 — 1835 гадах граф Тышкевіч мог аглядаць калекцыі знакамітай Кунсткамеры, Румянцаўскага музея на Англійскай набярэжнай, “Рускага музеума” Паўла Свіньіна. Знаходзячыся да 1840-га ў штаце канцылярыі Харкаўскага генерал-губернатара, ён меў дастаткова часу, каб дэталёва пазнаёміцца з экспазіцыямі мюнцкабінета Харкаўскага ўніверсітэта (аднаго з лепшых у імперыі, дзе, у прыватнасці, з 1813 года знаходзіўся нясвіжскі нумізматычны збор), а таксама ўніверсітэцкага заалагічнага кабінета. Дакладна вядома пра знаёмства Тышкевіча з калекцыямі музея старажытнасцяў пры Кіеўскім універсітэце, створанага ў 1835 годзе.

Аднак галоўнае значэнне для фармавання музейных поглядаў нашага героя адыграла яго навуковая вандроўка ў скандынаўскія краіны летам 1843 года, апісаная ў кнізе “Лісты пра Швецыю”. У той час перадача вопыту і навыкаў прафесіі адбывалася ва ўстановах і засноўвалася на традыцыі. Школай падрыхтоўкі спецыялістаў, перш за ўсё захавальнікаў, з’яўляліся буйныя музеі, якія ўжо меліся ў скандынаўскіх краінах. Акрамя таго, на думку вучонага, старажытная культура гэтага рэгіёна Еўропы была найбольш блізкай культуры яго роднай “Літоўскай Русі”.

Да пачатку вандроўкі Тышкевіч меў вопыт збірання і сістэматызацыі археалагічных калекцый. Але менавіта падчас скандынаўскага падарожжа ён стаў музейным спецыялістам, правадніком ідэі стварэння на базе прыватных калекцый публічнага “літоўска-рускага музея”. Веды, атрыманыя падчас падарожжа, дазволілі яму скласці праект Віленскага музея старажытнасцяў, а пазней пабудаваць яго экспазіцыю па лепшых узорах таго часу.

Едзе і… крытыкуе!

У першай палове ХІХ стагоддзя цікавасць да гістарычнага мінулага ў Скандынавіі вызначалася пашырэннем навуковых поглядаў гісторыкаў, якія, выйшаўшы за рамкі антычнага мастацтва, вывучаюць уласную міфалогію і гісторыю матэрыяльнай культуры, а таксама ўсеагульнай незадаволенасцю тым, што праз гістарычныя змены Данія і Швецыя апынуліся на перыферыі Еўропы.

У чаканні замежнага пашпарта ў Пецярбургу Яўстах Тышкевіч наведаў Царскасельскі арсенал, дзе, сярод іншага, яго ўвагу прыцягнула зброя Тадэвуша Касцюшкі. Прыбыўшы ў Стакгольм, вучоны адразу ж накіраваўся да прэзідэнта Каралеўскай Акадэміі навук Ёнса Берзеліуса, да якога ў графа меўся рэкамендацыйны ліст, напісаны прафесарам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі Эдуардам Эйхвальдам. Берзеліус дапамог Тышкевічу скласці план знаходжання ў скандынаўскіх краінах, што ўключаў знаёмства з працай найважнейшых мясцовых музеяў.

У адпаведнасці з планам Тышкевіч накіраваўся ў стакгольмскі Каралеўскі замак, у левым крыле якога знаходзіліся карцінная галерэя, зала скульптуры, а таксама калекцыі старажытнаегіпецкіх, старажытнарымскіх і скандынаўскіх старажытнасцяў. Пасля вывучэння экспазіцый замка, беларускі вучоны пакрытыкаваў іх стваральнікаў за адсутнасць “парадку” ў размяшчэнні экспанатаў. Верагодна, пад словам “парадак” Тышкевіч меў на ўвазе недастаткова вывераныя тыпалагічныя шэрагі сістэматычных экспазіцый у замку.

Фармаванню гэтага тыпу музейных экспазіцый у першай палове ХIХ стагоддзя спрыяла зацвярджэнне прыярытэту навуковага мыслення ды ідэя лінейнага гістарычнага развіцця. Іх з’яўленне было звязана з працэсам дыферэнцыяцыі ў навуцы. Прадметы, што прадстаўляліся па сістэматычным метадзе экспанавання, адбіраліся, інтэрпрэтаваліся і размяшчаліся па сістэме навуковай дысцыпліны, прадстаўленай у музеі. Асноўная структурная адзінка экспазіцыі — тыпалагічны шэраг. Па гэтым шляху пайшоў Тышкевіч. У экспазіцыі музея старажытнасцяў ён структураваў матэрыял так: 1. Манеты, медалі; 2. Гравюры, геаграфічныя карты, атласы; 3. Карціны, партрэты, скульптуры; 4. Дыпломы, рукапісы, аўтографы гістарычных дзеячаў; 5. Мемарыяльная калекцыя; 6. Археалагічная калекцыя; 7. Бібліятэка.

Ад замкаў да тэорыі ў Капенгагене

Са Стакгольма Тышкевіч накіраваўся ў замак Грыпсхольм, вядомы калекцыяй партрэтаў прадстаўнікоў дынастый Еўропы, у тым ліку Рэчы Паспалітай, а таксама зборам ваенных трафеяў. Не меншае ўражанне на беларускага падарожніка зрабілі замкі Дротнінгхольм і Скуклостэр, які да таго часу ўжо набыў славу найбагацейшага сховішча гістарычных і мастацкіх помнікаў. У Лундзе ўвагу прыцягнулі археалагічны, нумізматычны і прыродазнаўчы кабінеты ўніверсітэта, а таксама “кабінет рэдкасцяў” графа дэ ля Гардзі.

Аднак найважнейшым з музейнага гледзішча было яго знаходжанне ў Капенгагене, дзе ўвагу прыцягнуў Музей паўночных старажытнасцяў, створаны Крысціянам Томсэнам у 1819 годзе ў адпаведнасці з “тэорыяй трох эпох” (каменны, бронзавы і жалезны вякі). Пазней гэтая сістэматызацыя была пацверджана пераемнікам Томсэна Енсам Варсо, які падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэтаксама як Леапольд фон Ранке заклаў парадыгму працы гісторыка паміж архівам і пісьмовым сталом, Крысціян Томсэн заклаў парадыгму працы археолага паміж раскопкамі і музеем. Гэта разуменне падзяляў Тышкевіч. Ён вывучаў прынцыпы пабудовы экспазіцыі Музея паўночных старажытнасцяў, абмяркоўваў пытанні практыкі, рабіў у экспазіцыі замалёўкі, складаў спісы экспанатаў. Для будучага музея старажытнасцяў вучоны набыў у Капенгагене калекцыю каменных сякер. Таксама Тышкевіч шмат часу праводзіў тады ў Музеі скульптуры Бертэля Торвальдсэна, які толькі адкрыўся ў гістарычным цэнтры Капенгагена на сродкі месцічаў.

Можна меркаваць, што на рашэнне Тышкевіча аб стварэнні аддзела прыроды ў віленскім музеі паўплывала знаёмства з Дзяржаўным прыродазнаўчым музеем, які на момант прыбыцця беларускага падарожніка ўжо меў будынак у Стакгольме, а таксама з прыродазнаўчым зборам у Капенгагене.

Шлях да “сацыялкі”

Падчас падарожжа Тышкевіч зафіксаваў станаўленне культурна-адукацыйнай сацыяльнай функцыі музея. Так, Музей паўночных старажытнасцяў у Капенгагене ў той час быў адкрыты для агляду раз у тыдзень бясплатна для “людзей усіх званняў”. У гэтыя дні яго аглядала “велізарная колькасць наведвальнікаў”. Не меншую колькасць людзей прыцягвалі экспазіцыі Каралеўскага замка ў Стакгольме, а таксама шведскіх гістарычных замкаў. Назіраючы за тым, як зборы, выстаўленыя ў замку Скуклостар, аглядае група студэнтаў Упсальскага ўніверсітэта, ён запісаў: “Рэліквіі мінулых слаўных дзён выхоўваюць моладзь і, такім чынам, вызначаюць лёс будучыні”. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы музеям, па назіраннях вучонага, гісторыяй былі захопленыя прадстаўнікі розных слаёў шведскага грамадства, нават сяляне распавядалі аб былой велічы сваіх каралёў.

Да 1848 года, калі Яўстах Тышкевіч звярнуўся да віленскага генерал-губернатара Фёдара Мірковіча з прашэннем аб адкрыцці ў Вільні музея, ён акумуляваў перадавы вопыт збору, сістэматызацыі і прэзентацыі калекцый, а галоўнае — разумення грамадскай місіі музея. Тое ўвасобілася ў першым публічным музеі Беларусі і Літвы — Віленскім музеі старажытнасцяў.

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ, прафесар, доктар гістарычных навук