Бібліяквэст на Аўгустоўскім, “Арт-Балкан” і блінцы ад Коласа

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

Я спачатку не паверыў, але ў вёсцы Стаўбун на Веткаўшчыне стыхійна ўзнік творчы калектыў “Натхненне”, які прапанаваў свае паслугі мясцоваму ДК. І яго кіраўніцтва зрабіла “Натхненне" яшчэ адной аматарскай структурай установы. Безумоўна, ансамблю цяжка сапернічаць з брэндавымі і сусветна вядомымі “Стаўбунскімі вячоркамі”. Але “Натхненне” гатова ўдасканальвацца. Сітуацыя абнадзейвае. Стала явай ініцыятыва знізу! Падзея для рэгіянальнай культуры не шараговая.

/i/content/pi/cult/637/14164/11-1.jpgМы атрымалі мноства паведамленняў, звязаных са святкаваннем Вялікай Перамогі. У іх — гаворка пра тэматычныя кніжныя выставы, новыя музейныя экспазіцыі, урачыстыя канцэрты і сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Прыйшлі такія лісты літаральна з кожнай вобласці Беларусі.

Да прыкладу, па Скідзелі (Гродзенскі раён) у свята курсіравала велабібліятэка з віншаваннямі для мінакоў. А супрацоўнікі Скідзельскай гарадской бібліятэкі сямейнага чытання правялі флэш-моб: той з гараджан, які ведаў дарогу ў бібліятэку, атрымліваў сувенір, а таму, хто быў не ў курсе, даваўся буклет з адрасам. Прайшла ў горадзе і акцыя “Нам не забыцца на пераможны май“, падчас якой ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і колішнія малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў ушаноўваліся на даму кветкамі ды паштоўкамі. Пра гэта распавяла намеснік дырэктара Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Ганна Сіманенка.

У гэтыя святочныя дні нясвіжская школьніца Настасся Лабатая згадвае сваю прабабулю Ніну Крокан, якой давялося жыць у вёсцы Ракавічы (Нясвіжскі раён) пад фашысцкай акупацыяй. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны было Ніне Мікалаеўне дзесяць гадоў. Захопнікі адбіралі ў вяскоўцаў усё — ад дзіцячага адзення да свойскай жывёлы. Бацька маленькай Ніны перад адыходам на фронт закапаў куфар з посудам, абуткам, бялізнай, але хтосьці з суседзяў прагаварыўся, і фашысты ўвесь скарб адабралі. А па начах баі з немцамі вялі партызаны. Таму вызваленне вёскі ад фашысцкай навалы стала для ўсіх яе жыхароў сапраўдным ды незабыўным святам.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ашмянскай раённай бібліятэкі Галіна Палубінская паведамляе, што 9 мая падчас раённага свята “Голас Перамогі ў сэрцах пакаленняў”, які праходзіў у гарадскім парку, установа прапанавала жыхарам горада бібліятэчны праменад “Нам кніга памяць ажыўляе”. На алеі памяці можна было пазнаёміцца з тэматычнымі падборкамі літаратуры: “Яны ў баях заваявалі славу” (аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнцах Ашмяншчыны), “Спыніся! Пакланіся!” (помнікі і абеліскі Ашмяншчыны), “Навечна ў памяці людской” (мастацкая і хроніка-дакументальная літаратура пра вайну), “Перамогу малююць дзеці” (выстава малюнкаў дзяцей на ваенную тэматыку), дапоўненымі элементамі тэатралізацыі і экспазіцыйнымі экспанатамі ў выглядзе тагачасных рэчаў.

А ў Гальшанскай дзіцячай школе мастацтваў, паведамляе яе дырэктар Наталля Трот, прайшло ўрачыстае мерапрыемства “Перамога ў сэрцы кожнага жыве”. Навучэнцы школы чыталі вершы і ўспаміны ветэранаў пра далёкія трывожныя падзеі. Юныя музыканты гралі мелодыі франтавых гадоў, а ключавым момантам стала песня С.Нiкулiнай “Сыны Беларусi” ў выкананні дзіцячага хору школы. З нагоды падзеі настаўнік па класе выяўленчага мастацтва Анастасія Місюкевіч разам з вучнямі падрыхтавала выставу малюнкаў “Захоўваем мы ў сэрцах Вялікую Перамогу”.

Начальнік інфармацыйна-аналітычнага і рэпертуарна-выдавецкага аддзела Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Валянціна Валчкова паведамляе, што вобласць наведала дэлегацыя з Азербайджана. У яе склад увайшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры і турызму рэспублікі, кіраўнікі рэгіянальных упраўленняў культуры. А сам візіт ажыццёўлены ў рамках пагаднення аб культурным супрацоўніцтве абласнога метадцэнтра і Навукова-метадычнага цэнтра па культуразнаўстве Міністэрства культуры і турызму Азербайджанскай рэспублікі. Госці ў вобласці не ўпершыню. Гэтым разам замежныя сябры пабывалі ў Кіраўскім раёне: Мышкавіцкім доме культуры, Музеі Кірылы Арлоўскага, Жыліцкім гістарычным комплексе-музеі. Не абмінула дэлегацыя і Бабруйск — культурную сталіцу Беларусі 2017 года. Пытанні рэалізацыі культурнай палітыкі былі абмеркаваны на семінары з удзелам намесніка міністра культуры Беларусі Васіля Чэрніка.

“У Старадзедзінскай сельскай бібліятэцы Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі рэалізуецца праект “Гонар і слава зямлі Старадзедзінскай”, — напісала метадыст цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Пехцерава Юльяна Клімянкова. — Бібліятэкар Алена Пеціна запрасіла чытачоў на чарговую сустрэчу. Гэтым разам — з акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктарам ветэрынарных навук Мікалаем Кавалёвым, якому сёлета спаўняецца 80 гадоў”.

Дзесяцікласніца сталічнай сярэдняй школы № 208 Дар’я Сінюк і яе мама — сацыяльны педагог Ала Сінюк прынялі ўдзел у фэсце “Арт-Балкан”, які трэці год збірае ў Маскве творцаў са славянскіх краін. Паведаміла пра гэта сама Ала Мікалаеўна. Дар’я, якая спявае народныя песні і з’яўляецца выхаванкай узорнай вакальнай студыі “Мікс” пад кіраўніцтвам Ірыны Раманоўскай, за ўклад у справу ўмацавання дружбы і ўзаемаразумення паміж славянскімі народамі адзначана падзякамі і граматай.

Аўгустоўскі канал адкрыў турыстычны сезон. З гэтай нагоды Сапоцкінская гарпасялковая, Раціцкая і Падлабенская сельскія бібліятэкі запрасілі гасцей у літаратурную кавярню “Мой родны кут” да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Тут можна было пачаставацца стравамі, апісанымі ў паэме “Новая зямля”. А дэсертам стаў паэтычны батл. Яшчэ адна акцыя на Аўгустоўскім канале была звязана з правядзеннем бібліяквэсту ў рамках фестывалю побытавых танцаў “Квецень у стылі этна”. Пра гэта распавяла галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай рабоце інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык.

Першае месца на XI Абласным фестывалі народных тэатральных калектываў “Лідскія тэатральныя сустрэчы” аднагалосна прысуджана народнаму тэатру “Памфлет” Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (мастацкі кіраўнік — Тамара Саляхава).

30 гадоў споўнілася мастацкаму аддзяленню дзіцячай школы мастацтваў № 1 Віцебска. За гэты час аддзяленне выпусціла 510 дзяцей. Амаль 70 працэнтаў выпускнікоў працягнулі навучанне, атрымалі творчыя прафесіі.

Мастацтвазнаўца аддзела мастацкай творчасці Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Кулікова паведамляе: выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі“ пачало выпуск серыі кніг пад назвай “Энцыклапедыя народнага майстра“. Яе аўтарамі павінны стаць і майстры з Бабруйска. Адкрыла серыю кніга Гульнары Качан “Лялька: абярэгі, абрадавыя, гульнявыя“. Днямі ў мастацкім музеі адбылася прэзентацыя выдання.

З 5 мая ў сталічнай Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага працуе выстава народнай і фальклорнай лялькі. Яна арганізавана разам з клубам “Папараць-кветка“, што дзейнічае пры Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце і адраджае старадаўнія традыцыі беларускага лялечнага рамяства. У экспазіцыі — больш за 80 работ, не толькі сучасных, аўтарскіх, але і створаных калісьці ў вёсках Мінскай, Магілёўскай, Брэсцкай ды Віцебскай абласцей.

На Дзятлаўшчыне Юр’я — “другі Вялікдзень“. І праходзіць свята ў два этапы: 5 мая — “Сустрэча“ і 6 мая — “Провады“. Гэты абрад у вёсцы Ахонаўка вылучаецца лакальнымі адметнасцямі. Апрача земляробчай і жывёлагадоўчай тэматыкі ўключае яскрава выяўлены шлюбны змест. Як і заўжды, сёлета на абрадавым шэсці рэй вёў народны фальклорны гурт пад кіраўніцтвам Святланы Гранкоўскай.

Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка“ ў Беластоку адбудзецца 24 — 28 мая ў Оперы Філармоніі Падляскай. Штогод тут збіраюцца харавыя калектывы з усяго свету. Сёлета ў фестывалі бярэ ўдзел камерны хор Магілёўскай гарадской капэлы. Пра гэта напісалі стваральнік і ініцыятар фэсту Мікалай Бушко ды дырэктар арганізацыйнага бюро Ірэна Парфянок.

“27 мая ў Гарадку пройдзе ІХ Раённае свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору “Гарадоцкі Парнас — 2017“, — распавёў Андрэй Струнчанка. — Ладзіцца яно з 2008 года ў гонар земляка і аўтара паэмы “Тарас на Парнасе“ Канстанціна Вераніцына“.

Алена Ламека з Зэльвенскага раёна піша: “У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры аграгарадка Дзярэчын прайшло Свята пірага, якое ладзілася ў рамках абласнога конкурсу аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах “Свет маіх захапленняў“. Удзельнікі аб’яднанняў народных майстроў “Натхненне“ і аматараў беларускай песні “Тапаліна“ правялі кулінарны майстар-клас пад песеннае суправаджэнне“.

І яшчэ. 17 мая ў канцэртнай зале “Мінск” пройдзе святочны канцэрт “Опера-гала” да 15-годдзя канала "Культура" Беларускага радыё. У вечары возьмуць удзел зоркі беларускай оперы — народная артыстка краіны Настасся Масквіна, салісты Наталля Акініна, Ілья Сільчукоў, а таксама акадэмічны хор і сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"