Вулічны фестываль: мадэль для "зборкі"

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

Раскладаем па палічках: алгарытм культурнай падзеі
У мінулыя выхадныя ў сталіцы адбыўся V Мінскі форум вулічных тэатраў — выступалі калектывы з Беларусі, Германіі, Італіі, Польшчы, на іх прыходзілі глядзець тысячы людзей. Калі пяць гадоў таму мы з аднадумцамі вырашылі яго правесці ўпершыню, даводзілася рабіць усё інтуітыўна — падказкі не было ў каго спытаць. Зараз жа вулічны рух актыўна развіваецца, і пасля кожнага форуму па парады звяртаюцца ўжо да нас — каго запрасіць для выступу, як арганізаваць свой фестываль.

/i/content/pi/cult/637/14161/5-1.jpgПогляд знутры

На такі выпадак мы падрыхтавалі інструкцыю для тых, хто хацеў бы арганізаваць вулічнае мерапрыемства, але не ведае, з чаго пачаць. Гэта прыблізная схема, агульная для розных тэматычных кірункаў, не толькі тэатральнага.

Перадусім трэба вызначыць, што гэта будзе — тэатральны ці музычны фестываль, вечар кінапаказаў, песенны сход, выстава ў вокнах старога будынка ці штосьці яшчэ. Потым паспрабуйце адказаць сабе максімальна канкрэтна, дзе вы хацелі б гэта зрабіць, калі і — галоўнае — навошта ды для каго. Любая вулічная гісторыя больш пра аддаваць, чым пра атрымоўваць: вы выходзіце ў вялікую адкрытую прастору і плануеце ўбачыць там не два-тры гледачы, а значна больш. Калі ваша мэта зрабіць штосьці для сябе і пацешыць уласныя амбіцыі, людзі адразу гэта зразумеюць і не адгукнуцца — ім важна адчуваць: штосьці зроблена для іх. А яшчэ адчуваць шчырыя пазітыўныя эмоцыі. Каб атрымаць падтрымку і дапамогу, якая, натуральна, спатрэбіцца, запрасіць гледачоў, трэба зацікавіць іншых людзей сваёй ідэяй, у любы момант быць здольным апісаць яе.

З месцам і часам таксама важна не памыліцца. Маленькі дворык, вялікая плошча, поле, лес, вуліца — ад таго, якую вы выбіраеце вулічную пляцоўку, залежыць і тое, што там магчыма паказаць, і колькі людзей там можна змясціць. Трэба адразу падумаць, ці зручна туды дабірацца і куды там схавацца на выпадак дажджу. Калі плануеце, што да вас прыйдуць дзеці, трэба пачынаць мерапрыемства днём. Калі, наадварот, хочаце бачыць толькі дарослых, лепш прызначыць больш позні час у выхадны дзень. Калі ведаеце, што нейкае іншае мерапрыемства ўжо даўно праводзіцца ў час, які хацелі выбраць вы, лепш сваё перанесці.

Далей складаем папярэдні план мерапрыемства — падумаць, каго запрасіць выступіць ці штосьці паказаць, што для гэтага патрэбна, ці давядзецца за гэта плаціць, дзе знайсці сродкі, якое неабходна тэхнічнае абсталяванне.

Цяпер паспрабуйце ўявіць сябе наведвальнікам — вы даведаліся пра падзею, думаеце, каго можаце туды запрасіць, ці зручна вам самому было б ехаць у тое месца ў прапанаваны час, ці камфортна вам там, колькі там плануеце знаходзіцца, калі доўга, ці зможаце там паесці ці знайсці прыбіральню... Калі нешта не падабаецца вам, не спадабаецца і гледачу.

У любым выпадку аднаму ўсё не арганізаваць. Падумайце, хто і якім чынам можа вам ва ўсім гэтым дапамагчы. Ну а калі ў вас ёсць ідэя, план па яе рэалізацыі і каманда. Што рабіць далей? Ахова парадку, медыцынская дапамога, прыборка тэрыторыі пасля мерапрыемства, праца ДАІ — без падтрымкі мясцовых органаў улады такія пытанні не вырашыць. Таму нельга забывацца на заканадаўчы бок справы — проста штосьці прыдумаць і самастойна правесці ў любым месцы не атрымаецца. Згодна з законам ”Аб масавых мерапрыемствах” можна спрабаваць яго атрымаць, калі тое, што вы задумалі, не прапагандуе вайну ці экстрэмісцкую дзейнасць, не прадстаўляе пагрозу грамадскаму парадку, здароўю, правам і свабодам грамадзян (прапаганда насілля, парнаграфіі і жорсткасці), і не парушае патрабаванні заканадаўства, звязаныя з аўтарскім правам. Для гэтага спачатку трэба выбраць арганізатара. Ён можа быць як адзін, так і некалькі — паўналетняя фізічная асоба, індывідуальны прадпрымальнік, прыватная ці дзяржаўная ўстанова.

Куды звярнуцца па дазвол? Калі мерапрыемства праводзіцца ў Мінску, то ў Мінгарвыканкам з заявай аб правядзенні масавага мерапрыемства і з абавязацельствам па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства, а таксама планам яго праграмы. Калі дзея плануецца не ў Мінску і чакаеце больш за паўтары тысячы гледачоў ці плануеце запрасіць замежных артыстаў, то дакументы трэба занесці ў абласны выканаўчы камітэт. Калі замежнікаў не будзе і колькасць гледачоў не перавысіць паўтары тысячы, дастаткова звярнуцца ў мясцовы выканаўчы ці распарадчы орган. Афіцыйна зрабіць гэта трэба не пазней за 15 дзён да мерапрыемства. Але, натуральна, чым раней, тым лепш. Адказ павінны даць у пісьмовай форме. І вам наўрад ці хто адмовіць, калі вы не парушаеце закон і можаце данесці сваю ідэю.

Толькі калі маеце на руках дазвол на правядзенне мерапрыемства і разумееце, хто і за што заплаціць, можна дзейнічаць далей — фарміраваць праграму, дамаўляцца з артыстамі, пачынаць рэкламу. Варта яшчэ раз палічыць, якія сродкі спатрэбяцца і на што, дзе іх можна знайсці. Калі вы не прадаяце білетаў на сваю імпрэзу і пра прыбытак гаворкі быць не можа, абавязкова шукайце спонсараў сярод буйных арганізацый, прадпрыемстваў, банкаў. Адразу вырашыце, што можаце ім прапанаваць — рэкламу, узаемную дапамогу. Арганізуеце дзіцячае свята — звярніцеся да тых, хто таксама працуе для такой аўдыторыі. Патрэбны транспарт — прапануйце сумесную акцыю, напрыклад, з мясцовым аўтапаркам. Акрамя грошай, карыстайцеся крэдытам даверу людзей, здольных зрабіць штосьці для вас — захапіце іх сваёй ідэяй, будзьце чэснымі — і вы абавязкова знойдзеце аднадумцаў.

Важна своечасова і дакладна прыцягнуць увагу да свайго мерапрыемства — падрыхтаваць апісанне да яго, афішы, якія можна размясціць на вуліцы і ў інтэрнэце, накіраваць інфармацыю ў сродкі масавай інфармацыі. Калі зрабіць гэта за два месяцы, то людзі хутка забудуцца, куды ім прапанавалі прыйсці. Калі за два дні, то інфармацыя не паспее дайсці да вялікай колькасці гледачоў.

Падумайце, якая дапамога вам можа спатрэбіцца непасрэдна перад, падчас і пасля правядзення мерапрыемства — фатаграфаваць, паднасіць ваду, перавозіць рэчы, сустракаць людзей. У гэтым могуць дапамагчы валанцёры, але іх трэба набраць загадзя і паставіць перад імі канкрэтныя задачы.

Погляд з боку

Інга ЛАЗАВАЯ, артыстка цырка, каардынатар праектаў і адміністратар па арганізацыі выступленняў Міжнароднага тэатральна-культурнага цэнтра Славы Палуніна (Масква):

— Я ўбачыла, што ў артыстаў, якія ўдзельнічалі ў форуме, ёсць жаданне працаваць, нягледзячы на холад, дождж і іншыя абставіны. З боку падаецца, што ваша публіка галодная да такіх відовішчаў. Прыемна было назіраць за яе рэакцыяй, ніводнага негатыўнага водгуку не пачула. Таму мерапрыемстваў у такім фармаце павінна быць больш, калі ўжо людзі да іх гатовыя — не абавязкова толькі тэатральных, нават цыркавое свята можа быць арганізавана асобна, потым музычны фэст і гэтак далей. Падчас любога з іх зрабіла б яшчэ выставу-маркет, дзе дызайнеры маглі б паказваць адзенне, упрыгожанні — усё, што заўгодна. Арганізавала б выставу карцін сучасных мастакоў. Няхай бы на вуліцах было патроху прадстаўлена ўсё, чым жывуць людзі гэтага горада.

Некалькі гадоў працую ўжо не толькі як артыстка, але займаюся і фестывальнай дзейнасцю, таму магу параіць, што для вялікай аўдыторыі трэба арганізоўваць шмат розных пляцовак. Адну зрабіць авангарднай, напрыклад. Магчыма, людзі не будуць разумець, што там адбываецца, але важна, каб у іх была магчымасць выбраць штосьці сучаснае. Другую пляцоўку, наадварот, зрабіць для максімальна шырокай аўдыторыі — сямейнай, маладзёжнай. Яшчэ адну — толькі для дзяцей. Публіка вельмі добра адгукаецца на майстар-класы, дзе можна вучыць усяму — і цырку, і ігры на музычных інструментах, і працы з хадулямі. Гэта карысна і ў тым сэнсе, што гледачы бачаць зваротны бок справы, могуць адчуць на сабе, што гэта такое. Вячаслаў Палунін на сваіх карнавалах часта раздзяляе пляцоўкі з дапамогай колераў і асацыяцый — у чырвоным сектары штосьці напружанае, у зялёным спакойнае, у белым, напрыклад, салодкае і гэтак далей.

Улада ЦВІКІ, галоўны рэжысёр Цэнтра культуры “Віцебск”, кіраўнік народнага маладзёжнага тэатра “Кола”, заснавальніца фестывалю вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”:

— Мінск усё ж такі сталіца, таму нам важна, што тут праводзіцца форум вулічных тэатраў і мы можам прыязджаць сюды. На нашым фэсце ў Віцебску прадстаўлена сем розных кірункаў — і перформанс, і хэндмэйд, і музыка, і харэаграфія, і жывапіс, і паэзія. Я не спецыяльна так зрабіла, а толькі таму, што ўсё гэта ёсць у Віцебску, і таму, што “Славянскі базар” дае такую магчымасць — за дзень у горадзе гуляе да пяці тысяч людзей і ім трэба штосьці прапанаваць. За тры гады глядач ужо зразумеў, што такое вулічнае мастацтва, і шукае паказы “На сямі вятрах” у вялікай афішы “Славянскага базару”, але мы застаемся адным з мноства яго фестывальных мерапрыемстваў.

Форум вулічных тэатраў у Мінску незалежны ў гэтым сэнсе. Ён знакавы і таму, што перадусім прадстаўляе на вуліцы тэатральнае мастацтва. Гэта трэба цаніць і адстойваць. Цыркавыя студыі, што былі прадстаўленыя ў Мінску асобнай праграмай, пакуль не гатовыя выступаць на вуліцы — ім яшчэ трэба адчуць розніцу ў тым, як трэба працаваць у памяшканні, а як — на адкрытай прасторы. На асфальце нельга паказваць тое ж самае, што на манежы — тут іншы глядач, ён знаходзіцца вельмі блізка.

Зараз многія сталі лічыць, што могуць выступаць на вуліцы, але трэба разумець, што праграма ад РДК не можа стаць спектаклем. У мяне шмат заявак на віцебскі фэст 14 — 16 ліпеня, толькі яны не ад вулічных артыстаў, а ад тых, хто хоча арганізаваць караоке ці сабрацца на плошчы і запусціць шарыкі ў неба. Трэба ад гэтага абараняцца і праводзіць сур’ёзны адбор. Не павінна быць так, каб людзі, якія мала выступаюць ці ўвогуле не патрэбныя на сцэне, выходзілі на вуліцу.

Таму для любога фестывалю важна мець сродкі, каб прывезці хаця б адзін прафесійны вулічны тэатр, каб яго ўбачылі гледачы і каб самі артысты-аматары зразумелі, да чаго ім варта імкнуцца. Большасць беларускіх вулічнікаў — яшчэ аматары. Мне не праблема паставіць на адкрыццё свой тэатр “Кола”, але я лічу, што яны яшчэ не гатовыя да такога ўзроўню, таму два гады запар віцебскі фэст адкрываў тэатр Вячаслава Іназемцава “ІнЖэст”, а сёлета я запрасіла калектыў з Санкт-Пецярбурга “Лялькі спадара Пэжо”. У Мінску таксама хацелася б бачыць больш прафесіяналаў такога ўзроўню.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"