Ля Дзяржынскага гарадскога дома культуры загадчыца першага на Міншчыне аўтаклуба Лідзія Драчынская знаёміла прысутных з Палажэннем, планам работы і магчымасцямі перасоўнай установы культуры, якую аблвыканкам падарыў Дзяржынскаму раёну ў 2004 годзе. У штаце мабільнага клуба апрача загадчыцы і вадзіцеля — яшчэ і інжынер-гукатэхнік. Адзінка, па словах Лідзіі Драчынскай, цалкам апраўданая, бо без адукаванага спецыяліста, як і без сучаснай апаратуры, не даб’ешся належнага “гучання” выязных мерапрыемстваў, што ладзяцца на палявых станах, мехдварах і сельскіх вуліцах. З прычыны імправізаванасці месца работы, у тым ліку і ў час дыскатэк, электразабеспячэнне аўтаклубаўскай апаратуры — аўтаномнае. Дый само ўзмацняльнае абсталяванне, як сцвярджае інжынер мабільнай установы Алег Шаўчэнка, павінна быць не толькі якасным, але і дзейным, бо тэхнічных зрываў аўдыторыя не даруе. Гаворка пра надзейную апаратуру для правядзення масавых культурных мерапрыемстваў была прадоўжана ў дыскатэчнай зале Дзяржынскага ГДК, дзе пад час Рэспубліканскага семінара-практыкума сваю прадукцыю прэзентаваў Мінскі завод “Светлакон”. Пра праблемы і перспектывы Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства распавёў “К” яго дырэктар Аляксандр ЦЯРЭНЦЬЕЎ.
Дырэктар Мінскага завода “Светлакон” Аляксандр Цярэнцьеў. |
— Што прапаноўваеце сёння, Аляксандр Іванавіч, гарадскім і раённым аддзелам культуры?
— Камплект гукаўзмацняльнай апаратуры АС-600, прызначанай для выкарыстання на дыскатэках, канцэртах, канферэнцыях. Пікавая магутнасць — 600 Вт. У камплект уваходзіць мікшарны пульт, два ўзмацняльнікі, сабвуфер і дзвюхпалосная акустычная сістэма, мікрафон і злучальныя правады. Цана АС-600 — крыху больш за чатыры мільёны рублёў... Па замове Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь цяпер вырабляем 52 камплекты акустычных сістэм для 13 раёнаў краіны.
— Наколькі абсталяванне унікальнае?
— Гэта ўласная распрацоўка. Мы толькі-толькі адладзілі першыя ўзоры. Апаратуру паказвалі “Песнярам”, Васілю Раінчыку. Ацэнка адназначная: акустычная сістэма па сваіх характарыстыках можа задаволіць патрэбы не толькі выканаўцаў-аматараў, але і прафесіяналаў.
— Як працуеце з рэгіёнамі? На якую колькасць заказаў разлічваеце, да прыкладу, сёлета?
— Думаю, што ў раёнах не будзе падстаў для нейкіх ваганняў: падтрымліваць айчыннага вытворцу ці не. Наша акустычная сістэма не толькі якасная, што пацверджана прафесіяналамі, але і сапраўды універсальная. Яна забяспечвае “жывы гук” у клубах, на дыскатэках, вулічных канцэртах... Таму можам разлічваць сёлета на набыццё 150— 200 камплектаў прэзентаванай сёння гукаўзмацняльнай апаратуры, кампактнай, надзейнай, эфектыўнай і не надта дарагой, якая даволі хутка акупіцца пад час правядзення дыскатэк.
— Мы толькі што агледзелі аўтаклуб аддзела культуры Дзяржынскага райвыканкама. Што рыхтуе “Светлакон” для больш сучаснага абсталявання такіх мабільных устаноў культуры, без якіх сёння немагчыма ўявіць танцавальны вечар у нашых аддаленых і маланаселеных вёсках?
— Мы думалі пра гэта. У бліжэйшых планах намечаны выраб перасовачных дыскатэчных комплексаў. Аўтаклубы будуць камплектавацца камплектам светлавой апаратуры, якая хутка разгортваецца і манціруецца на любой імправізаванай сцэне. У спалучэнні з акустычнай сістэмай — сапраўды дыскатэчны комплекс, без якога не абысціся на выязных танцавальных вечарах і які без праблем змяшчаецца ў любым мікрааўтобусе накшталт “Газелі”.
— Ці ёсцьаналагі ў блізкім замежжы?
— Наколькі ведаю, няма. Работу пачынаем з нуля. І гэта непазбежна, бо з кожным днём развіваюцца формы і метады культасветработы. І яе сучаснае тэхнічнае забеспячэнне — наш першарадны прафесійны абавязак... Дарэчы, спрабуем наладжваць творча-вытворчыя
стасункі з замежнымі партнёрамі. Да прыкладу, з расійскім прадпрыемствам “Будцырк”, якое вырабляе гука- і святлатэхніку. Ёсць у нас і ў патэнцыйных партнёраў узаемавыгадныя прапановы супрацоўніцтва. Вельмі хутка распачнём абмен ідэямі. Нашай справе гэта толькі на карысць.
— Ваша сённяшняе эканамічнае становішча?
— Мы не стратныя, але на стабільна станоўчыя паказчыкі яшчэ не выйшлі. Заключылі дамовы з раёнамі. Першы крок зроблены.
— Дык мо варта ладзіць вашы рэкламныя прэзентацыі ў абласцях, пры непасрэднай падтрымцы ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў? Пад ляжачы камень, як вядома, вада не цячэ, а дэталёвае вывучэнне рынкаў збыту і прасоўванне ўласнага тавару — аснова паспяховага маркетынгу...
— Цалкам згодны! Тым больш, канкурэнтаў на Беларусі “Светлакон” не мае. І неўзабаве ўсе камплектуючыя для апаратуры будзем вырабляць самі... Мы гатовы да супрацоўніцтва з рэгіёнамі і такія прэзентацыі, як сённяшняя, будзем ладзіць і ў абласных цэнтрах.
* * *
У той дзень мы пабачылі і пачулі АС-600 у дзеянні не толькі пад час падлеткавай тэматычнай дыскатэкі ў Дзяржынскім ГДК, але і ў аграгарадку “Вежы” Слуцкага раёна, дзе на адкрытым паветры, ля мясцовага СДК, ладзілася ў тую пятніцу культурна-забаўляльная праграма “2008 год — Год здароўя”.
Гук быў чыстым, не “фаніў”. Словам, “камерныя” і “палявыя” выпрабаванні айчынная гукаўзмацняльная апаратура вытрымала з годнасцю. А “Светлакону” ад “Культуры” толькі адзінае пажаданне: большай настойлівасці, выдумкі і выніковасці ў рэкламным суправаджэнні пры рэалізацыі карысных для якасці культасветработы тавараў. Усё астатняе, як кажуць, — справа тэхнікі.
Гутарыў Андрэй СТАРЖЫНСКІ