Пра трэнды, гонар і пекараў

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

Сярэднія спецыяльныя — вуснамі музыкантаў-педагогаў
Ці ўсё ладна ў навучальных установах, дзе робяць першыя крокі на дарозе да музычнай адукацыі тыя, каго, можа, чакае вялікая артыстычная будучыня? З пункту гледжання тых, хто патэнцыйных “рознераў” ды “саладух” гадуе. “К” паспрабавала з дапамогай дзеючых музыкантаў, якiя да таго ж яшчэ і выкладчыкамі з’яўляюцца ў згаданых вышэй установах, кінуць на іх два погляды. Сёння пагаворым пра сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

/i/content/pi/cult/637/14159/7-1.jpgЧалавечы фактар

Кірыл КРЫВАЎ, выкладчык Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Івана Салярцінскага (клас гітары), гітарыст:

— На мой погляд, пры ўсіх тых мінусах, пра якія скажу ніжэй, установы профілю нашага каледжа выпускаюць кваліфікаваных спецыялістаў. Ва ўсялякім разе, па іх заканчэнні яны спакойна могуць ісці выкладаць і, калі казаць пра маіх вучняў, за іх, як за магчымых педагогаў, мне сорамна не будзе. (Не рэдкасць, калі студэнты-старшакурснікі практыкуюць падпрацоўку ў якасці выкладчыкаў у школах мастацтваў, і я не чуў, каб іх кіраўніцтва было імі незадаволена.)

Чым добрыя ССНУ? Калі навучэнец трапіў у рукі педагога-перфекцыяніста, той не проста ўмацуе яго музычную базу і дапаможа карпатліва адточваць, даасвойваць навыкі, але і прапануе яму дакладна індывідуальныя, асаблівыя шляхі ў развіцці. ВНУ ж, напрыклад, патрэбен толькі гатовы “чалавечы матэрыял”, там упор робіцца на ўдасканаленне ўжо наяўных ведаў, там часцяком найпершы прынцып “кінулі ў ваду — выплывай і плыві сам”. Але ёсць сярод выкладчыкаў ВНУ і такія, на каго я ўжо зараз арыентую сваіх вучняў: маўляў, калі яны надумаюць атрымліваць вышэйшую адукацыю, то ісці ім трэба туды і да таго. І, што немалаважна, ёсць зваротная сувязь, калі акадэмія музыкі альбо ўніверсітэт культуры і мастацтваў зацікаўленыя ў “набыцці” канкрэтнага чалавека.

Аляксандр ВАНЬКЕВІЧ, удзельнік гурта “Крама”, выкладчык тэарэтыка-дырыжорскага аддзялення (мастацтва эстрады) Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі (клас бас-гітары):

— Прыемна дзівіць тое, што энтузіязм у нашых выкладчыках жыве. Без фанатызму наогул у гэтай прафесіі ніяк нельга, а калі сутыкаешся з тым, што аграньваць усё часцей даводзіцца алмазы вось у такіх вялікіх двукоссях, “седзячы” на такой вось невялікай у двукоссі зарплаце, дык толькі ідэалізм, вера ў выбраны шлях і дапамагаюць працаваць і трымаць марку рамяства. Радуюць маладыя педагогі, якія ведаюць ну літаральна ўсё — чым сёння жыве сусветная музычная адукацыя, музыка наогул. Гледзячы на іх, захоўваюць форму, падцягваюцца вопытныя настаўнікі, намагаюцца быць “у трэндзе”, якія, зрэшты, і без таго заўсёды сачылі за тым, што дзеецца ў іх прафесіі па-за сценамі іх установы. У нашым каледжы ў гэтым сэнсе норавы самыя ліберальныя: усё самае перадавое, актуальнае ідзе ў працу, выкарыстоўваецца ў навучальных праграмах, ужываецца на практыцы. Будзьце ўпэўненыя, з “корачкамі” гэтай установы нашых выпускнікоў возьмуць усюды, яны каціруюцца ў самых прэстыжных музычных навучальных установах свету, яны — паказчык якасці. І я вельмі спадзяюся на тое, што пасля “Глінкі” нават выпадковыя людзі (такія зараз часы, што і ў ССНУ яны ёсць), якія вырашылі чамусьці ўсур’ёз прысвяціць сябе музыцы і ў далейшым не пакінуць плямы на рэпутацыі каледжа.

Адзначу ўзаемадзеянне каледжа з ВНУ. Мы стаім на варце таго, каб пры ўсіх у чымсьці часам не надта вясёлкавых рэаліях, якія характарызуюць навучальныя працэсы ў ССНУ, кадры для іх рыхтаваліся годныя, і яны пільна слухаюць тое, што і як у нас складваецца ў плане адукацыі. Лепшых вучняў і мы, і яны з поля зроку не выпускаем і ўсё робім для таго, каб людзі ў прафесіі засталіся. Ажно да дамоў негалосных, вельмі душэўных, асабістых гутарак за жыццё з патэнцыйным гонарам краіны ў галіне музычнага мастацтва.

Чалавечы фактар-2

Кірыл КРЫВАЎ:

— Сёння ССНУ вымушаныя навучаць слаба падрыхтаваныя кадры. Сітуацыя склалася з-за таго, што прыток выпускнікоў ДШМ зніжаецца (як і якасць атрыманай пачатковай музычнай адукацыі). Даходзіць да таго, што асобныя ўстановы прымаюць людзей, што называецца, “з вуліцы”, бо выкладчыкам некаторых спецыяльнасцяў не хапае нагрузкі, не набіраюцца класы. З такімі асобамі даводзіцца займацца дадаткова, гартаваць іх да нейкага прымальнага ўзроўню, каб у далейшым убудоўваць іх у нармальны навучальны працэс. Гэта значыць, спачатку спрашчаць праграму, прапаноўваць ім лёгкія п’есы і да таго падобнае. Таму, зыходзячы з рэалій, я толькі “за”, каб наогул праграму навучання некалькі адкарэктавалi, прынамсі, на першых яе этапах.

Я з піетэтам стаўлюся да заслужаных выкладчыкаў ССНУ і апладзірую тым з іх, хто імкнецца ісці ў нагу з часам, выкарыстоўваючы на занятках сучасныя напрацоўкі, прыёмы. Але ж ёсць і такія, хто здавольваецца мінулым, для каго настольнымі падручнікамі з’яўляюцца кнігі пяцідзесяцігадовай даўніны. А яшчэ здараецца, што яны пачынаюць весці няпрофільныя для іх інструменты, роднасныя, скажам так. Урэшце, балалаечнік або дамрыст могуць хоць неяк падрыхтаваць гітарыста, праўда, не маючы ні найменшага ўяўлення аб сапраўднай гітарнай школе (баюся, што якраз “хоць неяк”). І тыя самыя маладыя спецыялісты, якія прыходзяць выкладаць у ССНУ, каледжы, сутыкаючыся і з падобнай практыкай, адслужыўшы размеркаванне, сыходзяць у іншыя сферы. Дзе, зрэшты, пірагі таксама можа пячы шавец...

Аляксандр ВАНЬКЕВІЧ:

— Сёння ў маім “падначаленні” — чатыры чалавекі: два з іх навучаюцца па спецыяльнасці, два выбралі бас-гітару ў якасці сумежнага інструмента. Гэта, вядома, мізер у параўнанні з тым часам, калі я пачаў выкладаць у 2004-м: тады ў мяне было “спецыялістаў” восем. Маладыя людзі цяпер “падкаваныя”, атрымаўшы сярэднюю музычную адукацыю, яны даюць сабе справаздачу ў тым, што прафесія педагога або артыста (нават у якім-небудзь “чырванасцяжным” калектыве) нармальнае матэрыяльнае існаванне ім даць не можа. Таму, скончыўшы ССНУ, немалая частка выпускнікоў выбіраюць сабе іншы жыццёвы шлях. Праўда, узнікае пытанне, а для чаго яны наогул паступалі ў іх? Я для сябе на яго вычарпальнага адказу так і не знайшоў. Зразумела, чаму дзеці ідуць у школы мастацтваў: як правіла, пераважную іх колькасць туды зацягваюць бацькі. Але вось навошта прыходзяць у ССНУ тыя, хто ведае дакладна, што ў будучыні яны музыкай займацца не будуць, для мяне застаецца загадкай. Асабліва гэта тычыцца некаторых “платнікаў” ці людзей “з вуліцы”, што дабіраюцца на аддзяленні, якiя адчуваюць недахоп навучэнцаў.

Але мне незразумела, чаму, напрыклад, на такое аддзяленне, як маё, не дазваляецца паступаць тым, хто скончыў агульнаадукацыйную школу: трынаццаці-чатырнаццацігадовых “з боку” мы можам навучаць з азоў, а сямнаццацігадовым дарога заказаная. А сярод апошніх якраз-такі значна большы працэнт тых, хто свядома хацеў бы вучыцца менавіта ў ССНУ.

Агульны ж узровень вучняў “кульгае” (але цяперашнія мае — па-за крытыкай). За што вельмі хацелася б сказаць “дзякуй” дзіцячым школам мастацтваў, але не скажу, бо выдатна разумею, які “тавар” ім нярэдка даводзіцца прыводзіць хоць да нейкага розуму. І нашым педагогам я “дзякуй” таксама не адрасую — гэта майстры вышэйшага класа, аднак і яны часам сутыкаюцца з “матэрыялам”, які змушаны вучыць. У год наша аддзяленне выпускае чалавек дзесяць-пятнаццаць. Якасць іх падрыхтоўкі можа быць самай рознай, але, мяркую, палова з іх у музыцы застаецца.

А ў выкладчыцкай дзейнасці на аддзяленні такі момант “здзіўляе”. Калі педагог — на стаўцы, але вучняў у яго мала, то дабраць лімітаваныя гадзіны за кошт сумяшчэння яму нельга, не дазволена, а недабор адбіваецца на яго зарплаце…

 

Пра погляд на сітуацыю з боку музыкантаў  — выкладчыкаў ВНУ  — у наступных нумарах “К”.

Пачатак гаворкі з выкладчыкамі дзіцячых музычных школы тут.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"