“Справа Ханка": вымярэнні аўтарскага права

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Як тэлебачанне і радыё супрацоўнічаюць з аўтарамі песень
Інтэрнэт ды іншыя СМІ абляцела скандальная звестка, што кампазітар Эдуард Ханок патрабуе ад Ядвігі Паплаўскай, якая нядаўна пахавала мужа, і Анатоля Ярмоленкі вялікія грошы права выкананне сваіх песень.

Скажам шчыра: этычныя тонкасці не былі вытрыманы з абодвух бакоў. Той жа Ханок абраў для сваіх прэтэнзій далёка не лепшы момант для ўдавы і дачкі Аляксандра Ціхановіча, калі любая дробязь успрымаецца балюча і можа імгненна вывесці з сябе. А тут не проста непаразуменне, а пісьмова сфармуляваныя патрабаванні — як кажуць, бы гром сярод яснага неба ад таго, хто лічыўся сябрам сям’і. Вядома, у такой сітуацыі Настасся Ціхановіч проста абавязана была ўстаць на абарону сваёй маці Ядвігі Паплаўскай. Можна зразумець, што перажывала дачка, калі маёмасныя спрэчкі разгарэліся вакол творчасці яе бацькі, якому і пры жыцці і пасля смерці дзеячы мастацтва кляліся ў вечнай любові. Але тактыка, скіраваная на тое, што лепшая абарона — гэта наступленне, аказалася тут, на мой погляд, не зусім правамернай. У сваім звароце да грамадскасці, размешчаным у сацыяльных сетках і падхопленым журналістамі, Настасся націскала на тое, што практыка “безназоўных” песень, калі да публікі даводзіцца імя выканаўцы, а не кампазітара і паэта, агульнапрынятая ў сучасным свеце. А менавіта з-за гэтага і запаліўся агонь барацьбы!

Самае жудаснае ў гэтай сітуацыі, бадай, тое, што аўтар мае права на сваё імя. Іншая справа, калі твор прыдбаны іншымі: новыя “гаспадары” могуць распараджацца ім па сваім меркаванні. Калі вы, да прыкладу, прыдбалі торт у кандытарскай, дык, знішчыўшы ўпакоўку, можаце выдаць яго хатнім за свой уласны кулінарны шэдэўр. Іншая справа, ці павераць. З песнямі — паверыць прасцей. Бо, здараецца, ужо нават у буйной форме, тых жа мюзіклах ды балетах, аўтарам называюць таго, хто калісьці “насвістаў” прафесіяналу на вушка некалькі мелодый (як правіла, другасных), а той стварыў паводле іх паўнавартасную партытуру. Але — за грошы! Ці па іншай дамоўленасці.

Песні Эдуарда Ханка, з-за якіх разгарэўся сыр-бор, у сваёй большасці былі створаны яшчэ ў савецкія часы, калі галоўнай формай заахвочвання было грамадскае прызнанне. І тое, што сёння аўтарства часта не называецца, у некаторых асацыюецца, прабачце, з рэпрэсіямі, калі кампазітар ды паэт былі прызнаны “ворагамі народа”, а песню, якую заспявалі ўсе, знішчыць было немагчыма. І яе называлі народнай! Мы ж і дагэтуль упэўнены ў фальклорным паходжанні знакамітай “Купалінкі”, хаця напісаў яе Уладзімір Тэраўскі — да аднаго са спектакляў БДТ-1, цяперашняга тэатра імя Янкі Купалы.

Думаю, зацікаўленыя бакі прыйдуць да нейкага пагаднення. Хтосьці схільны ўжо сёння расцэньваць гэту сітуацыю як спланаваны “чорны піяр”, які зробіць яшчэ больш папулярнымі і без таго вядомыя імёны. Але праблема застаецца. Хаця вырашэнне яе ляжыць, што называецца, на паверхні: давайце як мага часцей згадваць творцаў пайменна! Язык не адваліцца, а людзям прыемна. Дый народ павінен ведаць, хто ёсць хто.

І яшчэ. Ці звярнулі вы ўвагу на тое, што ва ўсіх гэтых “разборках”, “паласканнях бруднай бялізны” сама Ядвіга Паплаўская ўдзел не брала? Надзвычай тактоўны, глыбока інтэлігентны чалавек, выхаваны ў шляхецкіх, у лепшым сэнсе слова, традыцыях, яна жыве быццам у іншым вымярэнні — уласна мастацкім. Мо ўсім нам было б няблага туды зазіраць, адарваўшыся ад меркантыльнасці?..

Надзея БУНЦЭВІЧ


Ці часта і выразна вы бачыце на экранах сваіх тэлевізараў цітры, якія паведамляюць гледачам імёны аўтараў музычных твораў? У лепшым выпадку — прамільгне нешта з хуткасцю гуку, або на “пяць сек” з’явіцца “прасціна” з двума-трыма дзясяткамі прозвішчаў. У горшым — ні бягучага радка не будзе, ні вядучыя канцэрта нікога з iх не аб’явяць. І тады сам дзеля цікавасці лезеш у інтэрнэт, каб знайсці там таго, хто напісаў чарговы хіт. Радыё ў гэтым сэнсе — “гусары, маўчаць!” "К" звярнулася па тлумачэнні да прадстаўнікоў розных відаў СМІ.

Проста змяніўся час...

Павел КАРАНЕЎСКІ, намеснік генеральнага дырэктара тэлеканала “СТВ”:

— У адсутнасці ў перадачах цітраў з прозвішчамі аўтараў песень “вінаваты” канал “MTV”: яго эстэтыка наогул шмат у чым паўплывала на тэлебачанне. З самага свайго нараджэння пры дэманстрацыі кліпаў ён адмовіўся ад указання кампазітараў і тэкставікоў, абмежаваўшыся толькі назвай кампазіцыі і імем выканаўцы. Такую стылістыку з часам пераняла і постсавецкае ТБ. І гэтая “методаА” напрацавана гадамі, і нешта сёння выпраўляць “ва ўгоду” аўтарам, напэўна, было б дзіўным, архаічным. На нашым канале нават бягучага радка няма, калі ў праграме “гоняць” трэк за трэкам. Але калі гэта тэлеканцэрт, тэлешоу або хоць неяк завязаная на драматургію музычная перадача, у канцы на працягу пяці-шасці секунд мы абавязкова даем агульную карцінку з пералікам аўтараў — такое прафесійнае правіла, што тэкст павінен чытацца спакойна. А, напрыклад, у такіх праектах, як “Залатая калекцыя беларускай песні”, акрамя паказу самога выступу мы прадастаўляем слова кампазітарам і паэтам-тэкставікам, бярэм у іх інтэрв’ю і, натуральна, падпісваем кожную песню.

Анатоль ВЕЧАР, тэлерэжысёр Белтэлерадыёкампаніі:

— Ёсць такі грэх, калі ў нейкіх перадачах не заўсёды цітрамі паказваюцца аўтары песень. Але збольшага яны ў нас усё-такі згадваюцца — хуткабягучым радком, у агульным фінальным спісе паэтаў-тэкставікоў і кампазітараў якой-небудзь канцэртнай тэлепраграмы. Я пачынаў яшчэ на савецкім тэлебачанні, стаяў, што называецца, ля вытокаў ТБ незалежнай Беларусі, і тады стаўленне да аўтараў песень было іншае, больш датклівае (павага да іх нікуды і сёння не прапала), тэлевізійшчыкі наогул больш адказна ставіліся і да сваёй працы — да яе якасці, і да гледачоў. Цяпер не тое, каб усё стала неяк бязладна, проста змяніўся час — хуткасць змены падзей павялічылася, свет з’яў сцяўся, гісторыі пастаянна перафарматуюцца. Гэта адбілася і на ТБ, у якім эфірны час значна больш жорстка рэгламентаваны, калі прадзюсары за кошт метражу робяць таннейшым для сябе выкананне праектаў — курачка ж па зярнятку дзяўбе, вось аўтары песень і “пакутуюць”. Гэта значыць, нюансаў масу ім прывядуць. Але я, напрыклад, у “сваёй” праграме “Наперад у мінулае” заўсёды ўказваю не толькі аўтараў кампазіцый (калі яны ёсць), але і аранжыроўшчыкаў, і нават назвы вёсак, адкуль да нас прыйшла тая ці іншая песня! І ў выніковых па гэтай перадачы тэлеканцэртах так раблю.

Герман ЦІТОЎ, вядучы праграмы “Наша раніца” тэлеканала “АНТ”, спявак, кампазітар:

— Асабіста мяне не засмучае, калі я як аўтар песні на экране не бачу цітра са сваім прозвішчам пры выкананнi яе мною або кім-небудзь іншым, калі пры трансляцыі канцэртаў не называецца маё імя як кампазітара. Я ж сам “варуся” на гэтай ТБ-кухні і ведаю, што ўся справа ў таймінгу: ёсць магчымасць запусціць цітры павольна — іх запусцяць, не — ну, тады “соры”; ёсць час абвясціць аўтараў песень — у сцэнарыі пра гэта не забудуць і вядучыя абавязкова агучаць іх. Нічога асабістага.

Нармальная з’ява

Анатоль ДЗЯНІСАЎ, генеральны дырэктар “Пілот-FM”:

— Свае фінансавыя ды маральныя абавязацельствы перад аўтарамі песень мы спраўна выконваем, пералічваючы грошы за іх творы ў адпаведную арганізацыю. Неяк яшчэ іх “заахвоціць”, той жа аб’явай прозвішчаў у эфіры, не дае хранаметраж праграм — не беспамерныя яны, а цітраў у нас у адрозненне ад тэлебачання няма. Аднак прэм’еры песень у нас заўсёды анансуюцца з асноўнымі спадарожнымі ім “рэгаліямі”: хто спявае, хто напісаў.

Сяргей ПРОХАРАЎ, вядучы “Радыё Рокс”:

— Паверце мне, нідзе ў свеце, ні на якіх FM-станцыях, ні на якім дзяржаўным радыё не абвяшчаюць як бы між іншым аўтараў трэкаў. Натуральна, выключэнне складаюць праграмы, прысвечаныя кампазітарам або тэкставікам. Альбо — пра артыстаў, у кантэксце перадач пра якіх могуць быць названыя аўтары рэчаў, што выконваюцца. Слушна гэта ці не, але такая рэальнасць, такія асаблівасці цяперашняга радыё, якія патрабуюць імклівай выдачы інфармацыі (няхай гэта будуць навіны ці музыка), у якой не павінна быць нічога лішняга, таго, што “грузіць” слухача, не цікавага яму ў дадзеную секунду. Толькі галоўнае. І хай стваральнікі песень крыўдзяцца, але ж аўтарскія ім “капаюць”, ці не так?..

Сяргей ПУКСТ, вядучы праграмы “Артэфакт” канала “Культура” Беларускага радыё, спявак, аўтар песень:

— Калі гэта важна для нейкай маёй канкрэтнай перадачы, я стараюся называць аўтараў кампазіцый. (Праўда, часцей я стаўлю песні, напісаныя самімі выканаўцамі.) Але цяпер іх роля ў тым, што песня становіцца раскручанай, значна менш істотная, чым, магчыма, гадоў дваццаць-трыццаць таму. Сёння кампазіцыю хітом робяць толькі артысты з нармальнай такой літары “а”, часам — самародкі, плюс заўсёды — медыя. Геніяльная мелодыя і геніяльны тэкст могуць застацца так нікому і невядомымі, як і іх аўтары, а пра белую страказу любові спявалі нават дзеці ў яслях. Зрэшты, аўтара і гэтага шлягера мала хто ведае. Калі ж устаць на бок закаранелага радыйшчыка, то, вядома ж, ясна, што дынаміка эфіру не дазваляе кагосьці там яшчэ прадстаўляць, акрамя спевака або спявачкі...

Увогуле, як бачыце, "ірвануць" можа і там, і тут. Што нам і пацвердзіў “трацейскі суддзя” ў магчымым канфлікце аўтараў песень з радыёстанцыямі і тэлеканаламі, старшыня праўлення Беларускага таварыства аўтараў, выканаўцаў і іншых праваўладальнікаў Сяргей КУХТО.

— Усё залежыць ад дагавора паміж аўтарамі і электроннымі СМІ. Калі ў ім прапісана нешта такое, што, дапусцім, аўтарам песні дастаткова, калі іх прозвішчы будуць пазначаны ў бягучым радку, то і глебы для канфлікту няма. Калі СМІ парушыць сваё абавязацельства, то судовыя разборы, вядома, верагодныя. Радыёстанцыі жа звычайна пры заключэнні дагавораў спасылаюцца на ўласную праграмную палітыку, на фармат, якія не дазваляюць асобна або ў кампаніі ім падобных агучваць імёны кампазітараў з паэтамі-тэкставікамi, і тыя ім саступаюць. Але, паўтаруся, і ў гэтым варыянце, калі аўтары настаяць на сваім і на радыё з імі пагодзяцца, іх прозвішчы павінны будуць гучаць у эфіры. Карацей, нас сапраўды могуць чакаць “вясёлыя часы”...

Алег КЛІМАЎ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"