Міжнародны пітчынг: тэст і для нашай кінаіндустрыі

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Адсутнасць фонду кіно, інстытута прадзюсавання, грантаў на прасоўванне фільмаў… Паездка маладых беларускіх кінематаграфістаў на Міжнародны кінафестываль у Вільнюс на “Meeting Point — Vilnius” выявіла не толькі патэнцыял айчыннай дакументалістыкі, але шэраг праблем роднай кінаіндустрыі. Тое, што распачыналася як станоўчая справаздача з паспяховага выступлення пяці маладых кінарэжысёраў і дзвюх прадзюсарак на міжнароднай канферэнцыі, вылілася ў праблемны артыкул, які зноў актуалізуе пытанне: а ці ёсць у нас тая самая кінаіндустрыя і што трэба зрабіць, каб яна нарэшце з’явілася?

/i/content/pi/cult/636/14150/4-1.jpgПоспех, які пазначае толькі пачатак?

Але распачалося ўсё з інфармацыйнай падставы, якая ўскалыхнула беларускую кінасупольнасць (ды не толькі) напачатку мінулага месяца. Пяцёра фіналістаў пітчынга “B2B Doc”, што быў зладжаны на Індустрыяльнай платформе Міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, выступілі на адмысловай пляцоўцы вільнюскага кінафестывалю “Kino Pavasaris”. Кінафорум, які ладзіцца ўжо 22-гі раз, сёлета меў насычаную праграму, у тым ліку — індустрыяльную, скіраваную на прамоцыю кінаіндустрыі балтыйскага рэгіёна, новых імёнаў ды пошуку новых кантактаў. Канферэнцыя “Meeting Point — Vilnius” увабрала ў сябе адмысловы пітчынг, дзе выступалі кінематаграфісты Літвы, Латвіі і Эстоніі, а, дзякуючы камандзе “B2B Doc”, у яе насычаны графік быў упісаны “пітч” беларускіх аўтараў.

Пры тым, што камандзе з Мінска былі дадзены толькі паўгадзіны на ўсе пяць праектаў, гэтага часу хапіла, каб беларуская прэзентацыя прагучала яскрава і запамінальна. Адборшчыкі буйных кінафестываляў, якія прысутнічалі на “Meeting point — Vilnius” заўважылі новых ігракоў на еўрапейскай карце. Да выступоўцаў пацягнуліся прафесіяналы. Але… вось з гэтага моманту і пачынаецца ўваход у “гушчар” сучасных рэалій, у якіх вымушаны дзейнічаць маладыя кінематаграфісты. Поспех на міжнародным пітчынгу выкрыў цэлы пласт праблем развіцця беларускага кіно. І асабліва неабароненай у гэтай сітуацыі аказваецца моладзь, якая, дзеля таго, каб уключацца ў сучасныя сусветныя кінапрацэсы, вымушана ахвяраваць многім. Бо наладжанай сістэмы падтрымкі і ўключэння айчынных ідэй, праектаў, фільмаў у адпаведныя схемы капрадукцыі, еўрапейкія рынкі, будзем шчырымі, у нас няма.

“Выходзім у мора, але без карабля”

“Мне, вядома, не хацелася б, каб выступленне пазіцыянавалася як прарыў, — каментуе прэзентацыю нашых суайчыннікаў каардынатарка індустрыяльнай платформы “Лістапада” Лізавета Бобрыкава. — Але гэта важны стратэгічны крок, за які мы ўдзячны партнёрам — міжнароднай сетцы прасоўвання дакументальнага кіно “B2B Doc” і асабіста Алексу Шыраеву і Віктару Нурдэншольду — яны падрыхтавалі нашых кінематаграфістаў і выявілі лепшыя якасці іх праектаў”. Лізавета як куратар першай індустрыяльнай пляцоўкі на мінскім кінафоруме прысутнічала на прэзентацыі нашых кінематаграфістаў у Вільнюсе, і шчыра “хварэе” за далейшае ўвасабленне іх праектаў.

Але… казаць пра канкрэтныя вынікі зараз зарана, падкрэслівае мая суразмоўца. Так, выступленні выклікалі станоўчую рэакцыю прадзюсараў, дыстрыб’ютараў, кінаагентаў, якія даюць кірунак далейшых дзеянняў. “Аднак гэта ілюзія, што дастаткова толькі выступіць на міжнародным пітчынгу, і адразу атрымаеш мільёны, — удакладняе мая візаві. — Першае знаёмства мае на ўвазе абмеркаванне дэталяў, іх удакладненне, далейшы шлях развіцця ідэй, фільмаў. Сёння нашы кінематаграфісты атрымалі шэраг прапаноў, але казаць пра тое, што заўтра мы ўбачым іх на экранах — дачасна”.

Пералічу праекты, якія прэзентавалі беларусы: “Babushka lost in Transition” Аляксандра Міхалковіча, “Звычайнае кіно” Любові Зямцовай, “Мастацтва цэнзуры” Максіма Шведа, “У напрамку цуда” Кацярыны Маркавец, “Mein Deutchland” Аляксандра Свішчанкова. Большасць іх фіксуе ўвагу на чалавеку, які знаходзіцца ў канкрэтным месцы і часе, у грамадстве, што вымагае пошуку ўласнага шляху і пазіцыі.

“Вядома, што тым рэжысёрам, чые гісторыі здымаюцца на тэрыторыях розных краін, лягчэй знайсці партнёра, — удакладняе каардынатарка “Лістапада”. — Але гэта не значыць, што больш лакальным стужкам няма магчымасці шукаць падтрымкі. Капрадукцыя можа ажыццяўляцца і на такіх умовах, калі з беларускага боку будзе прапанаваны тэхнічны ўдзел — абсталяванне, тэхнічная паслуга пэўнай айчыннай кампаніі. Трэба разглядаць розныя варыянты і працаваць над прасоўваннем сваёй гісторыі. Але, сапраўды, нашы фінансавыя пазіцыі ў параўнанні з кінематаграфістамі тых жа балтыйскіх краін, выглядаюць сумна, скажам так”.

Бо схема даволі стандартная: цікаўнасць замежных адмыслоўцаў, патэнцыйных партнёраў пачынаецца з пытання: які працэнт фінансавання ў вас ужо ёсць. “Калі ж людзі чуюць у адказ, што “нуль”… — каментуе мая суразмоўца, падкрэсліваючы, што “Лістапад” выявіў таленавітых рэжысёраў, якія самі ўкладваюць у сваё кіно. — Тады застаюцца толькі самыя зацікаўленыя партнёры. Калі ж прафесіянал працуе, скажам так, з “вялікай рыбай”, ён наўрад ці захоча ўключацца”.

Пасля пітчынгу каардынатарка мінскага кінафестывалю размаўляла з адборшчыкам Берлінскага кінафестывалю Мікалаем Нікіціным. “Калі ён распытаў пра нашу сітуацыю, ён пажадаў нам поспеху, бо цудоўна разумее, што лёгка не будзе, і гэта — аб’ектыўнасць, якую варта ўсведамляць”, — вось тыя рэаліі, якія цягне за сабой выхад маладых дакументалістаў на міжнародны кінарынак.

Падобны расклад вытлумачвае і нястача беларускіх прадзюсараў, якія маглі б узяць на сябе складаную задачу па далейшым развіцці праекта. Вольга Чайкоўская прадстаўляла на “Meeting Point — Vilnius” праекты Максіма Шведа і Аляксандра Міхалковіча, Марыя Ягорава — фільм Любові Зямцовай. “Але гэтыя прыклады — хутчэй выключэнне, чым правіла, — падкрэслівае Лізавета Бобрыкава.  — Прадзюсарскі інстытут у Беларусі проста ў зачаткавым стане. Няма ні адпаведнай школы, ні курсаў, дзе навучаліся б энтузіясты — а гэта яшчэ адзін пралік у сістэме прасоўвання кіно”.

У размове прыходзім да той высновы, што, бадай, усё, чым могуць пахваліцца нашы кінематаграфісты — гэта цікавыя ідэі.

“І іх трэба развіваць, і далей ездзіць па еўрапейскіх пляцоўках, каб цябе заўважылі, — працягвае адмыслоўца.  — Але, каб заявіцца на падобных платформах, таксама патрэбныя выдаткі. Ніхто не адмяняе ўзносу за ўдзел у індустрыі, які мусіць заплаціць рэжысёр ці прадзюсар, выдаткаў на дарогу. А ці ёсць у нас адпаведныя гранты на прасоўванне сваіх фільмаў, сцэнарыя, які мог дзе-небудзь атрымаць кінематаграфіст?” — паступова выходзім на яшчэ адзін неабходны захад для падтрымкі маладых талентаў, якога таксама ў нас няма.

Дзіўная рэч, але станоўчы прыклад выступлення айчынных дакументалістаў на міжнародным фестывалі выявіў цэлы “воз” праблем, “разгружаць” якія трэба не адзін год. Якім жа чынам беларускае кіно можа інтэгравацца ў сусветны рынак, калі магчымасцяў для гэтага, лічы, няма? Вось тое пытанне, якое непазбежна ўзнікае пасля поспеху беларускага пітчынга, і якое вымагае захадаў у распрацоўцы палітыкі прасоўвання айчыннага. “Атрымоўваецца, што зараз мы выходзім у адкрытае мора, але карабля ў нас няма”, — з сумнай усмешкай падводзіць рысу пад “агульнай сітуацыяй” мая суразмоўца.

Не вынаходзіць ровар

“Давайце будзем шчырымі: у вас няма кінаіндустрыі, — у размове ментар беларускіх удзельнікаў пітчынгу, шведскі менеджар праекта “B2B Doc” Алекс Шыраеў не стрымлівае сваіх эмоцый. — Кінаіндустрыя мае на ўвазе і граматную сістэму фінансавання кіно, яго дыстрыб’юцыю… Ці ёсць у вас штосьці падобнае? Па шчырасці, калі толькі мы атрымалі прапанову прыехаць на “Лістапад”, не верылі, што знойдзем у вас сур’ёзныя дакументальныя праекты. Усё таму, што вы не ўключаны ў еўрапейскі кінапрацэс”.

Дзякуючы працы з Алексам Шыраевым выступленне нашых дакументалістаў і сталася цікавосткай праграмы Вільнюскага фестывалю. Але шведскі ментар не хавае свайго абурэння ў дачыненні да “беларускай сітуацыі”. “Тое, што ў краіне выявіліся маладыя кінематаграфісты з таленавітымі ідэямі — гэта вялікая ўдача, — кажа ён.  — І тое, што па выніку беларускі пітчынг у Вільнюсе быў самым прафесійным, гэта варта разумець як сур’ёзны капітал, які варта ўсяляк раскручваць і прасоўваць”.

Алекс падкрэслівае, ідэі — гэта сапраўдны капітал, які можа прынесці фінансавыя і статусныя дывідэнды. “Ёсць людзі, якія вырабляюць і прадаюць кубкі, тэлефоны, машыны, а ёсць тыя, хто ствараюць ідэі, — раскладвае “па паліцах” сітуацыю менеджар “B2B Doc”.  — І ёсць рынак, на які прыязджаюць адмыслоўцы, каб адшукаць такі прадукт — цікавую ідэю — і ўкласціся ў яе. Для многіх кінематаграфістаў постсавецкай прасторы гэтыя рэаліі падаюцца дзівам. Маўляў, хтосьці зрабіў ласку, калі даў грошы на кіно. Але гэта нармальны механізм рынку — людзі інвестуюць у вашу ідэю, каб атрымаць прыбытак. Так працуюць еўрапейскія кінематаграфіі”.

Ды прыкладу, адну з апошніх шведскіх дакументальных стужак — “Інгрыд Бергман: У яе ўласных словах” Стыга Б’еркмана ў Швецыі паглядзела 300 тысяч чалавек. “Дакументальнае кіно сёння ў Еўропе на ўздыме, — разбівае Алекс Шыраеў стэрэатыпы, што неігравыя стужкі глядзіць толькі купка прафесіяналаў, — на яго людзі ходзяць у кінатэатры. Яго закупляюць для тэлепаказаў”. Менавіта таму была створана і сетка дакументалістаў “B2B Doc — Baltic to Black See Documentary Network”, мэта якой аб’яднаць сілы Паўночнай і Усходняй Еўропы. “Мы хочам спалучыць тыя веды і ўменні, якія ёсць у паўночных краінах, з патэнцыялам краін Усходняй Еўропы, — распавядае пра задачы аб’яднання шведскі менеджар. — І не варта думаць, што ідэі — гэта “слабы” капітал, падкрэслю, яны заўжды цаніліся і шмат каштуюць сёння”.

Алекс Шыраеў вылучае творчы ўздым украінскай, грузінскай і балтыйскай кінематаграфій, які адбываецца апошнія гады. “Краіны, адзначым, не вельмі багатыя, але яны навучыліся рабіць каапрадукцыю, пры тым, што іх нацыянальныя фонды не валодаюць мільярдамі долараў, — расстаўляе акцэнты мой візаві. — Вашай краіне не трэба анічога прыдумваць, вынаходзіць ровар. З’ездзіце да суседзяў і перайміце іх вопыт. Вам не патрэбныя вялізныя грошы, — людзі, якія ведаюць англійскую мову, разумеюць, як працуе індустрыя. Спецыялісты, якія б давалі грошы маладым кінематаграфістам — вось тое, што сёння неабходна вашай кінематаграфіі…”

Пытаюся ў Алекса Шыраева наконт спецыфікі гісторый, запатрабаваных у сучасным свеце кіно. “Прывязка да геаграфіі, палітычных аспектаў, нават да мовы — сёння гэта ўсё другаснае, — з запалам кажа мой суразмоўца. — Гісторыя, якую зразумеюць у кожнай кропцы зямнога шару, — вось што цэніцца, Зразумейце, што сёння вы не жывяце ў межах Беларусі. Вы жывяце ў межах усёй планеты!”

У Еўропе, падкрэслівае мой суразмоўца, ніхто не абмяжоўвае сябе геаграфічнымі рамкамі. Усе апошнія гучныя дакументальныя стужкі Паўночных краін і Балтыкі здымаліся не на тэрыторыі апошніх. Лаўрэат шматлікіх кінафестываляў, нашумелы фільм літоўскага рэжысёра Андруса Стоніса “Жанчына і ляднік” здымаўся ў Казахстане, прыводзіць прыклад мой візаві. “Усё, што цікава людзям — гэта чалавечная гісторыя, тая, якая захапляе, дзе ёсць эмоцыі і перажыванні”, — раскрывае “рэцэпт” запатрабаванага кіно Алекс Шыраеў.

Ментар беларускіх удзельнікаў шчыра дзеліцца сваёй пазіцыяй у дачыненні да будучыні нашых кінематаграфістаў. “Спадзяюся, што ўдзельнікі нашай каманды далей не спыняцца. Яны ўжо ўбачылі, як функцыянуе рынак у свеце, будуць далей развіваць свае навыкі, інтэгравацца ў міжнародную індустрыю. Таксама хочацца верыць і ў тое, што пасля падобных паездак пачне фарміравацца пэўная супольнасць дакументалістаў у вас на радзіме. Магчыма, кінематаграфісты злучацца ў гільдыю, пэўную асацыяцыю, якая паўплывае на палітыку ў дачыненні кінематаграфіі. Бо тое, што вы да гэтай пары не інтэграваны ў еўрапейскі кінапрацэс… Што казаць — гэта нонсэнс”.

Алекс падкрэслівае, што здаровая кінематаграфія вылучаецца вялікай колькасцю невялікіх прыватных кінакампаній, якія маюць магчымасці супрацоўнічаць з партнёрамі з усяго свету. “Не трэба чапляцца за старое, — рэзюмуе мой суразмоўца. — Варта змяняцца і паступова рабіць крокі насустрач свету. І цаніць тыя таленты, што ў вас ёсць”.

Фота з сайта вільнюскага кінафестывалю “Kino Pavasaris”.

 

Каментарыі з нагоды

З просьбай падзяліцца высновамі з нагоды прэзентацыі праектаў у Вільнюсе “К” звярнулася да рэжысёраў Аляксандра Міхалковіча і Любові Зямцовай. Водгук на выступленне дакументалістаў даюць і праграмны дырэктар кінафестывалю “Лістапад” Ігар Суманаў і нямецкі прадзюсар, прадстаўнік “German Films” ва Усходняй Еўропе Сімона Баўман.

Любоў ЗЯМЦОВА, аўтар праекта “Звычайны фільм”:

— У беларускага кiно, як i беларускай культуры, зараз нялёгкiя часы, такая мая выснова. Бесперспектыўныя, з пункту гледжання аўтарскага кiно, якое не запатрабавана, не фiнансуецца, i рабiць нешта ў гэтай галiне ў нашай краiне — сапраўдны чалавечы подзвiг цi акт мазахiзму. Чароўныя словы “капрадукцыя”, “пiтчынг”, “прадзюсар” з’явiлiся ў маiм ужытку яшчэ ў далёкiм 2011-м, калi на “Лiстапад” прывезлi “Dragonforum”. Тады гэта здавалася недасяжнай марай — беларускiя праекты на сусветнай арэне, уключаныя ў сусветную кiнапрамысловасць. Прайшло 6 гадоў. I вось на “Лiстапад” запрашаюць трэнераў з мiжнароднай платформы “B2B Doc”, каб яны падрыхтавалi нас да пiтчынгу. Пяць абсалютна канкурэнтназдольных дакументальных кiнапраектаў, абсалютна кiна- i абсалютна -здольных, з аўтарамi, апантанымі сваiмi героямi i тэмамi, якiя б’юцца з безграшоўем, незапатрабаванасцю, застарэлым мысленнем… Рэжысёры не могуць маўчаць, таму што кранаюць сапраўдныя чалавечыя лёсы жывых людзей, чые гiсторыi, пачуццi, гумар важнейшыя за дабрабыт самix аўтараў. Дык вось, прыязджаюць цудоўныя Алекс i Вiктар са Швецыi i сваей упэўненасцю ў нас, тлумачэннямi, парадамi, на чым сканцэнтравацца, пошукам мiжнароднага патэнцыялу ў нашых праектах… Я заўсёды была ўпэўненая ў патэнцыяле свайго праекта: дакументальная трагiкамедыя пад назвай “Звычайны фільм”, у якой ментальна непаўнаспраўныя героi даказваюць сваю моц, сваё права на каханне, на годнае жыццё, на магчымасць самiм выбiраць свой жыццёвы шлях. Я прыклала шмат намаганняў для таго, каб зблiзiцца з імі, зразумець ix, не кiнуць праект, што фiнансаваўся два гады толькi з маёй кiшэнi. І якi, магчыма, нiколi не дайшоў бы да гледача, каб не падтрымка маіх мамы і бабулі. Я абрала ў свой час дакументальнае кiно як адзiную магчымасць свайго iснавання. Па-iншаму нецiкава, не атрымоўваецца ў мяне жыць. Першы пiтчынг на “Лiстападзе” дазволiў адчуць публiку, упэўнiцца ў тым, што еўрапейскix прадзюсараў змогуць зацiкавiць нашы праекты. Паездка на Вiльнюскi фестываль, у асяроддзе, якое дыхае кiно, хварэе на кiно, зарабляе на iм грошы, нарэшце, сталася чарговым крокам. Не было адчування “бедных беларусiкаў”. Мы ўпiсалiся ў фестываль. Мы дакладна ведалi, чаго хочам ад капрадукцыi, пра што нашы фiльмы, былi ўпэўненыя ў патэнцыяле праектаў. Зараз разам са сваёй прадзюсаркай Марыяй працуем над тым, каб далей зрабіць прэзентацыю праекта на буйным дакументальным фестывалі.

Аляксандр МІХАЛКОВІЧ, аўтар праекта “Babushka lost in transition”:

— Індустрыяльная платформа не толькі пашырыла кола маіх кантактаў і даказала існаванне інтарэсу да беларускага кінематографа, але і зноў звярнула ўвагу на тое, што ў Беларусі цалкам адсутнічае якая-небудзь дзяржаўная падтрымка незалежнага кіно. Тыя шырокія магчымасці, якія адкрываюцца перад рэжысёрамі з краін-удзельніц ЕС і поўная адсутнасць гэтых магчымасцяў у нас, — выклікае не толькі злосць, а жаданне яшчэ больш змагацца. Я лічу, што каб нашы рэжысёры гублялі менш часу для пошуку сродкаў за мяжой, то ў Беларусі яшчэ 20 гадоў таму пачалася б новая хваля ў кінематографе…

Трэнінг, які ладзілі Віктар і Алекс, дазволіў практычна пераўтварыць усе пяць праектаў, якія ўдзельнічалі ў праграме. Мы адаптавалі прэзентацыі пад патрабаванні еўрапейскага кінарынку і зрабілі іх зразумелымі еўрапейскім капрадзюсарам. Пасля першага ж трэнінгу, які ладзіўся ў рамках фестывалю “Лістапад”, я ўбачыў сур’ёзныя праблемы свайго будучага фільма. У мяне быў матэрыял, які здымаўся на працягу трох гадоў і з якога планаваў сканструяваць стужку. Але пасля трэнінгу я вырашыў здымаць усё практычна з нуля, працуючы ў камандзе разам з прафесійным аператарам і прадзюсарам.

Ігар СУКМАНАЎ, праграмны дырэктар Міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, кінакрытык:

— Я быў вельмі задаволены беларускім “кейсам”. Наша каманда стварыла фурор. Цудоўныя прэзентацыі. І гэта сведчыць пра тое, што нам вельмі патрэбныя ментары з іншых краін, якія могуць прафесійна падрыхтаваць нашых кінематаграфістаў да пітчынгаў і прэзентацый. Вось чаму патрэбныя індустрыяльныя платформы, майстар-класы, якія ладзіць “Лістапад”. У Вільнюсе можна было назіраць вынік падобнага трэнінгу. Але ў той жа час гэты поспех кажа пра тое, што мы яшчэ студэнты. І гэта нават не поспех, а толькі першая да яго прыступка. І наперадзе — піраміда падобных прыступак. Зараз задача маладых кінематаграфістаў — ісці далей. Натхніўшыся, прыступіць да працы з падвоенай сілай.

Сімона БАЎМАН, прадзюсар:

— Беларуская прэзентацыя была вельмі ўражальнай — цікавыя праекты, добра пададзеныя, на выдатнай англійскай. Адносна героя мне асабіста прыйшоўся даспадобы фільм “Babushka lost in transition”, цікавы персанальны погляд на грамадскія падзеі ў Крыму апошніх гадоў. З пазіцыі крэатыўнага патэнцыялу спадабаўся “Звычайны фільм” — рэжысёрка, якая шмат абяцае. Мяркую, большасць праектаў можа атрымаць еўрапейскае сафінансаванне. Але тое тычыцца невялікіх датацый. І ў гэтым плане становяцца праблемай грошы з Беларусі. Гэта звычайная практыка на кінарынку: праект першапачаткова мусіць мець фінансаванне з роднай краіны, каб знайсці партнёра для капрадукцыі. Але вашы кінематаграфісты вымушаны інвеставаць у свае работы самі — што, зразумела, нялёгка.

Лічу, што ваша дзяржава і тэлебачанне мусяць штосьці рабіць у гэтым кірунку — падтрымліваць таленты. Тым больш, калі вы маеце такія свежыя, цікавыя гісторыі.

У апошнія 10 гадоў мы маем выдатныя і паспяховыя прыклады фестывальнага кіно Усходняй Еўропы. Давайце ўзгадаем румынскія, польскія стужкі, балгарскія. Расія таксама традыцыйна выглядае добра. Мяркую, што беларускія кінематаграфісты маюць такі ж шанц — яны павінны паспрабаваць распавесці свае гісторыі з агульначалавечым пасылам, якія ўзрушаць душы гледачоў не толькі ў Беларусі, але ў Еўропе. Вашы гісторыі — гэта не толькі пытанне грошай, а багацце талентаў, якое прыцягвае ўвагу да кожнай справы.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"