Больш за 60 мільёнаў — ад 35 дыскатэк

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Ларыса ТАГАНОВІЧ, дырэктар Слуцкага гарадскога маладзёжнага цэнтра: — Слуцкі гарадскі маладзёжны цэнтр прыняў першых наведвальнікаў у 1997 годзе і з тых часін застаецца адной з папулярных і запатрабаваных устаноў культуры горада.

 /i/content/pi/cult/162/1415/Malad-centr.jpg

Ідэя стварэння і адкрыцця Цэнтра на базе гарадскога кінатэатраЦэнтральныналежала аддзелу культуры і аддзелу па рабоце з моладдзю гарвыканкама. Рэканструкцыю былога кінатэатра пад дысказалу і кавярню-бар фінансаваў гарадскі выканаўчы камітэт. За паўгода тут былі створаны спрыяльныя ўмовы для адпачынку случчан і гасцей горада.
Прайшло 10 гадоў з дня адкрыцця Цэнтра, а ягоныя прыярытэты па арганізацыі змястоўнага адпачынку падлеткаў і моладзі — тых, хто яшчэ толькі ўступае ў самастойнае жыццё, — і на сёння застаюцца нязменнымі. Цэнтр працуе ў шчыльным кантакце з маладзёжнымі арганізацыямі горада, установамі адукацыі і іншымі зацікаўленымі структурамі ў рэалізацыі шматлікіх культурных праектаў. Сярод іх — раённыя злёты маладых спецыялістаў і перадавікоў сельскай гаспадаркі, абласное дабрачыннае мерапрыемства “Цуды на Ражджаство”, танцавальна-забаўляльны вечар “Новы год развітваецца са старым”, гульнёвая праграма “Итак, она звалась Татьяна...”, вечар-акцыя “Абаронім каханне”, фестываль сучаснай маладзёжнай культуры “Тэрыторыя хіп-хоп”, брэйн-рынг “Што? Дзе? Калі?” і іншыя.
Традыцыйна склалася так, што дыскатэка стала самай папулярнай формай арганізацыі маладзёжнага адпачынку. Юнакоў і дзяўчат вабіць яе жыццярадасная атмасфера і магчымасць сустрэч з равеснікамі, сябрамі. Сапраўды, дыскатэка сёння — гэта не толькі знаёмства з навінкамі сучаснай музычна-танцавальнай культуры, сучасная дыскатэка — гэта стасункі, зносіны, якія садзейнічаюць самавыяўленню асобы. У творчым змесце і заключаецца яе выхаваўчае ўздзеянне на маладое пакаленне.
Калектыў нашага Цэнтра сістэматычна ладзіць самыя разнастайныя дыскатэчныя тэматычныя праграмы па прафілактыцы шкодных звычак у маладзёжным асяродку, прапагандзе здаровага ладу жыцця. Непадробны інтарэс у многіх маладых людзей выклікалі сёлета пазнаваўча-гульнёвыя праграмы “У гонар цудоўнага кахання”, “Беражы здароўе з юнацтва”, “Паміж мінуўшчынай і будучыняй”... Адрозніваюцца гэтыя праграмы эмацыянальным уздзеяннем, тым, што прымушаюць задумацца пра сэнс жыцця, пра месца чалавека ў грамадстве.
Сёння ў Цэнтры працуе 5 клубных фарміраванняў, у якіх займаецца больш за 100 чалавек. Тры калектывы дзейнічаюць на платнай аснове. З творчасцю нашых юных танцораў і вакалістаў добра знаёмы ў іншых гарадах вобласці і рэспублікі. Дыскатэчная праграма “Маладзёжная тусоўка” на І абласным конкурсе “Дыскатэчны рух-2006” у Барысаве была адзначана дыпломам “За творчы ўклад у развіццё дыскатэчнага руху Міншчыны”. Творчыя калектывы і асобныя выканаўцы летась сталі ўдзельнікамі абласнога духоўна-асветнага фестывалю “Сям’я Беларусі”. А ў красавіку бягучага года хіп-хоп-гурт “Зыходная пазіцыя” атрымаў дыплом за ўдзел у рэгіянальным конкурсе “Брэйк-данс” у Клецку.
Удзел творчых эстрадных калектываў, у тым ліку і калектываў розных накірункаў сучаснай маладзёжнай культуры, уносіць у нашы дыскатэкі пэўны рытм, адметную эстэтыку, робіць іх больш разнастайнымі, прыцягальнымі і цікавымі для моладзі. Вялікае эстэтычнае задавальненне прыносяць гледачам дыскатэчныя праграмы з удзелам Тэатра-студыі эстраднага мастацтва “Гульня-плюс”, народнага ансамбля танца “Дэмі-гран”, дзіцячага танцавальнага калектыву “Пацешкі”, студыі эстрадных спеваў “Зоркапад”.
Актыўна наведваюць наш Цэнтр юныя жыхары Слуцка. З улікам іх інтарэсаў, здольнасцей і ўзроставых асаблівасцей сёлета прайшлі інфармацыйна-пазнаваўчыя, забаўляльныя, сюжэтна-гульнёвыя праграмы “Зразумей мяне”, “Аты-баты, вось якія мы салдаты!”, “Вясёлыя сюрпрызы”, “Гульнёвая вясёлка” і іншыя. Папулярнасцю ў дзятвы і іх бацькоў карыстаюцца вясёлыя, азартныя, бадзёрыя і аптымістычныя святы імянінніка “Толькі раз на год”, казачныя навагоднія тэатралізаваныя прадстаўленні “Галоўнае свята — Новы год”. Абавязковым атрыбутам кожнага дзіцячага свята з’яўляецца дыскатэка з развучваннем танцавальных рухаў і з разнастайнымі праграмамі для хлопчыкаў і дзяўчынак.
А ёсць яшчэ не менш цікавыя святы ведаў, навагоднія і калядныя ранішнікі для дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, падлеткаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
Кадравы і творчы патэнцыял, матэрыяльна-тэхнічная база Цэнтра дазваляюць сёння аказваць насельніцтву якасныя платныя паслугі. За 5 месяцаў гэтага года з 87 мерапрыемстваў на платнай аснове праведзена 58, у тым ліку 35 дыскатэк. Агульная сума ад платных паслуг перавысіла 70 мільёнаў рублёў, у тым ліку ад дыскатэк — 67,3 мільёна рублёў.
Рэгулярна па выхадных, святочных днях і ў дні канікулаў дысказала Маладзёжнага цэнтра гасцінна адчыняе дзверы для шматлікіх наведвальнікаў. Удзельнікамі нашых маладзёжных дыскатэк становяцца ў сярэднім да 700 маладых жыхароў горада і раёна.
Дзякуючы фінансавай падтрымцы Слуцкага райвыканкама маладзёжны цэнтр штогод умацоўвае матэрыяльна-тэхнічную базу. Ужо сёлета праведзены касметычны рамонт установы культуры і набыта сучасная дыскатэчная апаратура на 40 мільёнаў рублёў.
Цэнтр імкнецца ісці ў нагу з часам, ладзіць сваю дзейнасць у адпаведнасці з запытамі моладзі, выкарыстоўвае новыя цікавыя формы работы. А ў бліжэйшых планах — адкрыццё маладзёжнай кавярні і абнаўленне інтэр’ера дыскатэчнай залы, што, безумоўна, прыцягне новых наведвальнікаў і зробіць іх адпачынак больш прыемным.