Пакуль не катастрофа, але…

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Фота Замкавай гары ў Навагрудку, з вялізнымі расколінамі на схіле выклікалі сапраўдны шок у грамадскасці. Пагатоў, тыя шнары крытычна блізкія да не так даўно закансерваванай Касцёльнай вежы: здаецца, пхні яе пальцам, і яна абрынецца долу! Зрэшты, спецыялісты мяркуюць, што панікаваць не выпадае: сітуацыя, вядома, праблемная, але пакуль не катастрафічная.

— Для нас яна таксама стала прыкрай неспадзяванкай, — кажа начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аксана Сматрэнка. — Але сама праблема вядомая даволі даўно, і таму яшчэ летась у Інстытуце “Гроднаграмадзянпраект” была замоўлена праектна-каштарысная дакументацыя на правядзенне работ па ўмацаванні схіла. На сённяшні момант яна ўжо распрацавана і праходзіць экспертызу. Адпаведна, дзейнічаць мы будзем згодна з ранейшымі планамі. У нейкіх тэрміновых супрацьаварыйных захадах патрэбы пакуль што няма. Чакаем цяпер спрыяльных умоваў надвор’я і фінансавання.

Варта зазначыць, што грунтоўнае ўмацаванне грунта на Замкавай гары пакуль не адбывалася — насуперак некаторым каментарыям у сацсетках. Падчас папярэдніх работ пэўную трываласць набыў толькі верхні слой адхону. І паколькі таго, зразумела ж, было недастаткова, ужо на гэты год планаваліся новыя захады. Аднак стыхія іх трохі апярэдзіла…

Якія ж прычыны тых расколінаў? Якія фактары зрушылі грунт на схіле ды стварылі пагрозу для вежы? Па словах Аксаны Сматрэнка, тут пакуль можна толькі выказваць гіпотэзы, і асноўных з іх тры.

Па-першае, чыста прыродныя фактары — перадусім грунтовыя воды. Па-другое — нядаўнія работы па ўмацаванні Касцёльнай вежы маглі павялічыць нагрузку на грунт, нязменую цягам стагоддзяў. І па-трэцяе — не выключана, што трываласць пароды тым ці іншым чынам парушыла будаўніцтва ў ваколіцах замка — напрыклад, неспадзеўкі перакрыўшы якуюсьці падземную крынічку.

Пра “зачыстку” ўзножжа Замкавай гары ад прыватнага сектара гаварылася ўжо даўно, ды і мясцовыя ўлады ў свой час мелі падобныя планы. Тым не менш, усё засталося на сваім месцы. Больш за тое — дзе-нідзе на прыватных дзялянках прагнілыя халупы замянілі сапраўдныя катэджы. Зрэшты, Аксана Сматрэнка лічыць, што само па сабе суседства замка з індывідуальнай забудовай — гэта яшчэ не бяда. Балазе, як сведчаць гістарычныя крыніцы, падобны стан рэчаў быў тут заўсёды.

— Ахоўныя рэжымы прадугледжваюць абмежаванні, а не выключэнні,  — кажа яна. — Зусім іншая справа — што будаваць і як будаваць…

У кожным разе, працы па ўмацаванні грунта з дапамогай арматуры і бетонных элементаў павінны забяспечыць належную трываласць адной з самых вядомых у Беларусі руінаў. Таму на сёння самае галоўнае, каб яны распачаліся як мага хутчэй. І, хочацца верыць, неспадзяваныя шнары толькі дапамогуць замку вырашыць свае праблемы. Бо, на жаль, дасюль гэты рух быў не тое каб надта хуткім, і прычыны тут найперш фінансавыя.