Стымуляваць настрой: праз піва ці касцюматэрапію?

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Загадчыца падлеткавага аддзялення Гарадскога наркалагічнага дыспансэра, нарколаг Людміла ШПАКОЎСКАЯ: — Праблема дыскатэк і моладзі заключаецца ў тым, што знаходзяцца падлеткі, якія напярэдані наведвання асяродка адпачынку набываюць штосьці з алкагольных напояў.

У асноўным гэта піва. Напэўна, у сілу таго, што рэклама піва паўсюль ідзе вельмі актыўна, яна дастаткова яркая, і ад таго, што піва лічыцца як бы не надта моцным алкагольным напоем, яно карыстаецца папулярнасцю ў моладзі. Падлеткі збіраюцца, п’юць алкагольны напой — і ідуць на дыскатэку. Але ж алкаголь аказвае вялікі ўплыў на малады арганізм, у першую чаргу — на паводзіны і свядомасць дзіцяці. Папершае, алкаголь выклікае адпаведны стан, бо гэта тое рэчыва, што дае чалавеку тыя адчуванні, якія ён жадае атрымаць. Калі людзі п’юць на вяселлі— яны весяляцца; калі прысутнічаюць на нейкім самотным мерапрыемстве, дык таксама п’юць такі ж алкагольны напой, але пры гэтым яны плачуць і сумуюць.
Калі чалавек ідзе на тое ці іншае мерапрыемства, ён ужо эмацыйна сябе настройвае на тую хвалю, якую хацеў бы атрымаць. На розных мерапрыемствах — сваё адзенне, свая кампанія. Што датычыць паводзін падлетка, дык алкагольны напой зніжае яго cамакрытычнасць, змяняе яго паводзіны. У стане алкагольнага ап’янення ў асноўным больш востра ўспрымаюцца рытм музыкі і рытміка танцавальнага дзеяння, рухі. Але самае небяспечнае — калі зніжаецца крытыка падлеткаў, і тады ідуць розныя небяспечныя сувязі. Калі чалавеку цвярозаму, няхай сабе нават на дыскатэцы, хтосьці прапанаваў бы нейкі наркатычны сродак або таблетку, дык ён падумаў бы спачатку: ужываць гэта або не? А калі крытыка зніжана — тады чалавек не ўтрымліваецца ад спакусы. У гэты момант могуць адбывацца першыя спробы ўжыць наркатычны сродак. Калі крытыка зніжана, тады чалавек не асабліва выбірае, з кім яму пайсці, мець кантакты. А сярод тых, хто прыйшоў у гэты дзень на дыскатэку, могуць быць людзі хворыя на венерычныя захворванні і ВІЧ-інфіцыраваныя, падлеткі, у якіх ёсць гепатыт В, С. І толькі праз нейкі час чалавек даведваецца, што захварэў. Ёсць падлеткі, якія ў 17 гадоў захварэлі на гепатыт С, прычым яны не ўжывалі наркотыкі, ім не рабілі аперацыі. Таму гэта — або стаматалогія, цырульня, дзе недастаткова апрацавалі інструменты, або выпадковыя сувязі. Гепатыт С сябе ніяк не праяўляе. Чалавек можа жыць доўгія гады, не падазраючы, што хворы. А вірус б’е па печані, суставах, сасудах — у прынцыпе, па ўсіх органах.Зніжэнне крытыкі да сваіх паводзін прыводзіць да таго, што ідучы пасля дыскатэкі дадому, падлеткі могуць рабіць нейкія супрацьпраўныя дзеянні: гэта хуліганства, бойкі, могуць узламаць аўтамабіць і паспрабаваць “пакатацца”, захацець папіць і разбіць шкло ў краме, узяць адтуль бутэльку кока-колы і за гэта атрымаць судзімасць... Я прыводжу факты з жыцця.
Яшчэ падлеткі спажываюць алкаголь перад наведваннем дыскатэк і таму, што не ўпэўнены ў сабе. Існуе такое паняцце, як парушэнне камунікацыйных здольнасцей. Чалавеку, нават даросламу, прыйсці ў чужую кампанію і распачаць стасункі дастаткова складана. Трэба ведаць сабе цану, паважаць сябе, не баяцца распачаць нейкую размову.
Зараз, калі ідзе вялікі эмацыйны ціск — камп’ютэры і іншыя тэхнічныя рэчы, калі кніжак дзеці не чытаюць, размоўная мова не развіта, замест яе — ненарматыўная лексіка, дзеці ўваходзяць у нерэальны свет. Губляецца магчымасць наладжваць цікавыя стасункі, знаходзіць агульныя інтарэсы. Уплывае на іх уласная закамплексаванасць: многія падлеткі саромеюцца, у прыватнасці, сваёй знешнасці, баяцца, што Яны камусьці не спадабаюцца. А так атрымліваецца: выпіў бутэльку піва — і ўсё нармальна, і самаацэнка павысілася.
Ёсць паняцце дыскатэчных наркотыкаў — псіхастымулятараў, якія ўжываюцца на дыскатэках або перад імі. Што гэта дае? Такія рэчывы павялічваюць працаздольнасць і ўзнімаюць настрой. Спажыўшы такую таблетку, падлетак можа танчыць 12—14 гадзін запар, без стамлення, з добрым настроем, без комплексаў. У гэтым стане ён можа шмат наламаць дроў. Але пасля гэтага арганізм не даруе здзекаў, і чалавек павінен аднавіць свае сілы. І падлеткі потым спяць суткі-двое. Бацькі тут павінны западозрыць: а ці ўсё было нармальна, ці толькі піва спрычынілася? Кажуць, што тут недапрацоўваюць міліцыя, гаспадары дыскатэк. Гэта не так. Міліцыя працуе, і стараецца. Але падлеткі знаходзяць каналы, адшукваюць іншыя прэпараты нават выкарыстоўвалі сулутан — дзіцячыя лекі ад кашлю, якія зараз не прадаюцца.
Увогуле, не такі ўжо небяспечны напой — піва, як некаторыя мяркуюць. Для таго, каб мець сутачную запатрабаванасць вітамінаў групы В, трэба выпіваць у дзень 10 літраў піва. Я лічу, што гэта нерацыянальны спосаб атрымання вітамінаў групы В. Не ўсе падлеткі ведаюць аб тым, што ў піве ўтрымліваюцца прыродныя рэчывы, якія нагадваюць натуральныя гармоны.
Піва парушае гарманальны фон яго аматара. Ужыванне піва дзяўчатамі прыводзіць да таго, што яны набываюць мужчынападобныя рысы. Хлопцаў, наадварот, піва прыводзіць да фемінізацыі: у іх адкладка тлушчу ідзе па жаночаму тыпу. Ёсць такое паняцце — “піўны жывот”. Пакутуюць ад піва ныркі, павялічваецца ў аб’ёмах сэрца, якое называюць “піўной панчохай”. Гэты напой уздзейнічае на псіхіку, зніжаецца самакрытыка. Піва — тыя сходы, якія міжволі вядуць да ўжывання найбольш моцных напояў. Чым больш моцнае піва, тым больш таксічнае яно для арганізма. Праблема тут ёсць, і ўсё трэба тлумачыць і дзецям, і бацькам. І мы перад дыскатэкамі праводзім “круглыя сталы”, растлумачваем небяспеку алкаголю.
Спрабуем прывіваць культуру спажывання алкагольных напояў. Бацькі не ведаюць сапраўднай небяспечнасці іх, не выхоўваюць сваіх дзяцей належным чынам. Фільмы, якія паказваюцца на вялікім экране і па тэлебачанні, не абыходзяцца без бутэлькі, ідзе актыўная рэклама піва, праўда, пры гэтым не адкрываюцца ў патрэбнай колькасці ні піўбары, ні кавярні, дзе ўся інфраструктура прыстасавана для спажывання такіх напояў.
Хачу сказаць некалькі слоў пра энергетычныя напоі, якія ўтрымліваюць вялікую колькасць кафеіну і іншых не надта карысных рэчываў. Яны таксама небяспечныя. Дзеянне энергатоніка доўжыцца на працягу 3—4 гадзін. Ён можа выклікаць, пры празмерным спажыванні, прыгнечанасць і санлівасць. Людзям, якія пакутуюць ад сардэчна-сасудзістых хвароб, такія напоі катэгарычна супрацьпаказаны. Прыняцце больш двух слоікаў запар энергетычнага напою можа вельмі адмоўна паўплываць на здароўе.
Я хачу параіць моладзі: калі вы ідзяце на дыскатэку,калі жадаеце мець добрыя, цікавыя стасункі, добра адпачыць, дык для гэтага неабавязкова сябе штучна настройваць.
Па-другое, трэба быць вельмі асцярожным і акуратным, ні ў кога нічога не браць, ісці трэба, пажадана, у кампаніі з людзьмі, якіх ведаеш.

Псіхолаг падлеткавага аддзялення Мінскага гарадскога наркалагічнага дыспансэра Людміла ЛЫЖЫНА:

— Калі казаць пра вячэрнія дыскатэкі, дык там адпачываюць людзі да 23 гадзін. Гэта — дастаткова прыймальны варыянт для падлеткаў. Бо тым, каму яшчэ няма 16 гадоў, трэба пасля 23 гадзін знаходзіцца, паводле нашых законаў, дома. На дыскатэку звычайна прыходзяць не толькі, кааб патанчыць, паслухаць музыку, а і знайсці новых суразмоўцаў, новых сяброў, правесці вольны час цікава.
Зрэшты, гэты асяродак — месца прыемнага баўлення часу з таго пункта гледжання, што чалавек можа тут, так бы мовіць, набрацца добрых эмоцый і можа пазбавіцца ад негатыўных, выплюхнуць станоўчыя, якія захлёстваюць яго ў дадзены момант. Гэта лепей, чым учыніць бойку на вуліцы ці зрабіць выкід нейкіх негатыўных эмоцый.
Калі я пабывала аднойчы на дыскатэцы ў Галандыі, мне спадабалася тое, як там была пабудавана дзея, атмасфера шоу. Дыскатэка называлася “Вар’яцкі раяль”, у зале стаялі два раялі — адзін чырвоны, другі чорны — і гучала жывая музыка. Наведвальнікі прыходзілі і пісалі на сурвэтцы, якую музыку яны хацелі пачуць, падавалі паперы піяністу, а той усё выконваў, а людзі пад гэта танчылі. Цікава, што я бачыла там наведвальнікаў па ўзросце абсалютна розных: ад 15 гадоў — да 90. Афіцыянты насілі сокі і іншыя напоі, потым у нейкі момант ставілі падносы на сталах і танчылі разам з гасцямі.
Наведвальнікі былі ў захапленні. Там я не бачыла ні п’яных, ні неадэкватных. Усё было прыгожа, праходзіла на высокім культурным узроўні. У нас таксама нямала добрых дыскатэк. Я ведаю шмат людзей, якія прыходзяць на дыскатэкі, каб патанчыць, паслухаць музыку без ужывання алкаголя. Танчыць увогуле карысна. Ёсць такое паняцце, як танцатэрапія, якая вызваляе чалавека ад негатыўных эмацыйных момантаў, перажыванняў. Яшчэ цікавая такая рэч, як касцюматэрапія, калі дзяўчына можа апрануцца ў сукенку каралевы, а хлопец — у прынца ці рыцара.
Тады людзі сябе па-іншаму адчуваюць, і стоячы перад люстэркам, гледзячы на сябе, пачынаюць па-новаму сябе паводзіць, ставіцца да іншых. Але, мая парада, — трэба ведаць меру ва ўсім.

 

Наталля КІРПІЧЭНКАВА