Ісці ў народ ці не?

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Да добрага хутка прызвычайваешся, прымаеш яго як дадзенасць і пачынаеш цаніць толькі тады, калі яно знікае. Ужо шэсць гадоў сталічная плошча Якуба Коласа скарыстоўваецца як пляцоўка, дзе дэманструюцца рэпрадукцыі мастацкіх твораў. “Гасцявалі” там Казімір Малевіч і Марк Шагал, Мікалай Селяшчук і Вялянцін Губараў. Была тут і групавая выстава — рэпрадукцыі твораў 16-ці сучасных беларускіх мастакоў.

/i/content/pi/cult/636/14136/4-3.jpgПамятаю, калі ўсё распачыналася, думкі ў грамадзе адносна ідэі экспанавання твораў музейнага фармату на вуліцы (нават у выглядзе рэпрадукцый) былі супрацьлеглыя. Хтосьці лічыў, што гэта важны крок у працэсе эстэтызацыі асяроддзя, дзе бракуе станоўчай эмацыйнасці. Тым больш ёсць людзі, якіх не зацягнеш у музей і за бясплатна. І выстава рэпрадукцый на плошчы, якую не абмінеш, — эфектыўная форма асветніцтва сярод згаданай сацыяльнай групы.

Ад іншых можна было пачуць, што гэта прафанацыя. Маўляў, калі з аднаго боку, паводле савецкай завядзёнкі, “мастацтва належыць народу”, дык з другога — “мастацтва — месца неагароджанае, і кожны туды пнецца”. Для ўспрымання твораў патрэбна атмасфера, і не атмасфера загазаванай вуліцы. Мастацтва музейнага фармату не варта ператвараць у вулічную аздобу. Бо паніжэнне статусу рэальна азначае страту прэстыжу. А на тых, хто не мае патрэбы ў падвышэнні інтэлекту і агульнай культуры, не варта нават марнаваць час і сродкі. Зрэшты, ні ў Эрмітаж, ні ў Луўр, ні ў Траццякоўку нікога гвалтам не цягнуць, але музеі праз гэта не бядуюць.

Як я мяркую, рацыю мелі абодва бакі. Гэта вечная спрэчка: ці мастацтва мусіць ісці ў народ (даруйце за параўнанне, як місіянер да абарыгенаў), ці народу трэба цягнуцца да высокіх узораў культуры. Найлепшы варыянт — сустрэчны рух.

Але ў нашым канкрэтным выпадку праект аказаўся ўдалым. Каб зараз плошча Якуба Коласа перастала быць экспазіцыйнай пляцоўкай, гараджане ўспрынялі б гэта як страту. Гэтым разам, не заходзячы ў музей, проста шпацыруючы па плошчы, можна азнаёміцца з творчасцю 35-ці сучасных беларускіх мастакоў. Розныя пакаленні, розныя эстэтычныя арыенціры і стылёвыя дамінанты. Але ў гэтых візуальных вобразах дапытлівы глядач здолее прачытаць і ментальны код нацыі і рытмы цывілізацыйнай дынамікі некалькіх дзесяцігоддзяў.

Я заўважыў, што пасля таго, як плошча стала прасторай мастацкіх выстаў, людзі рухаюцца па ёй больш павольна ў параўнанні з тым часам, як выстаў не было. Людзям падабаецца новая функцыя плошчы. Мяркую, што гэты досвед можна было б перанесці і на іншыя гарады. Хай бы адна выстава аздабляла сталічную плошчу, на якой яна ўжо стала роднай, а яе дубль вандраваў па краіне — па фестывалях і іншых святочных імпрэзах. Вазілі ж у свой час па гарадах, дзе ёсць прыстойныя выставачныя залы, мастацкія выставы з мінскіх фондаў, дык чаму б не гастраляваць буйнамаштабным рэпрадукцыям?

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"