Міністэрства культуры паведамляе

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Рэалізуецца агучаная на V Усебеларускім народным сходзе ініцыятыва правядзення штогод напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі акцыі “Belarus Day” (“Беларускі Дзень”) у сталіцах дзяржаў свету.

Міністэрства культуры, сумесна з Міністэрствам замежных спраў, пры садзейнічанні Пасольстваў краіны за мяжой, арганізуе цыкл выступленняў Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” з новай праграмай “Мы — беларусы” і Заслужанага калектыву краіны Дзяржаўнага ансамбля танца з новай музычна-харэаграфічнай праграмай “Спадчына”.

Выступленні “Харошак” плануецца правесці з 23 чэрвеня па 12 ліпеня па маршруце: Кіеў (Украіна) — Варшава (Польшча) — Берлін (Германія) — Ліён (Францыя) — Прага (Чэхія) — Будапешт (Венгрыя) — Блед (Славенія) — Кошчыца (Славакія) — Белград (Сербія). Выступленні Дзяржаўнага ансамбля танца мяркуюцца на 17 — 20 ліпеня па маршруце Талін (Эстонія) — Рыга (Латвія) — Вільнюс (Літва).

Паводле інфармацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Беларуская каманда прыняла ўдзел у шасці намінацыях ХІІ Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД у Екацярынбургу (Расія): “Фартэпіяна”, “Баян-акардэон”, “Эстрадныя спевы”, “Народныя спевы”, “Дызайн адзення”, “Выяўленчае мастацтва”.

Вынік удзелу беларусаў у гульнях: 2 залатыя медалі, 5 сярэбраных і 1 бронзавы медаль. Уладальнікамі залатых медалёў сталі Валерыя Шапялевіч — навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў у намінацыі “Эстрадныя спевы” (катэгорыя 14 — 17 гадоў) і Лія Ганчарук — навучэнка Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва” (14 — 17 гадоў).

Сярэбраныя медалі ў катэгорыі 18 — 25 гадоў заваявалі: Марыя Дзяруга ў намінацыі “Фартэпіяна” і Міхась Ваўчкоў у намінацыі “Баян-акардэон” — студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі; Настасся Чачура ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва” і Варвара Пахомава ў намінацыі “Дызайн адзення” — студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў; Паліна Бадзеева — студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў у намінацыі “Народныя спевы”. Бронзавага медаля ўдастоена Дарэна Ігнаценка — навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў у намінацыі “Эстрадныя спевы”.

Такім чынам, усе члены беларускай каманды, якія прымалі ўдзел у спаборніцтвах гульняў, узнагароджаны медалямі. А прадстаўнікі міжнароднага журы намінацый адзначылі высокі прафесійны ўзровень падрыхтоўкі беларускіх удзельнікаў.

Інфармацыя аддзела ўстаноў адукацыі і работы з творчай моладдзю Міністэрства культуры