9 Мая — Дзень Перамогі!

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Дарагія суайчыннікі! Ад усёй душы віншую вас з Днём Перамогі.

У бязлітасных баях Вялікай Айчыннай вайны 72 гады таму савецкімі войскамі і іх саюзнікамі быў разгромлены нацызм, спынена яго бесчалавечная агрэсія. У беларускіх сем’ях свята шануюць ратны подзвіг сваіх продкаў, як бясцэнныя рэліквіі захоўваюць іх ордэны, медалі, фатаграфіі і пісьмы з фронту.

Дарагія ветэраны, пашана вам і слава! Мы будзем вечна помніць імёны мільёнаў байцоў і працаўнікоў тылу, якія адстаялі свабоду любімай Радзімы!

Бяспрыкладны гераізм савецкага народа натхняе цяперашняе пакаленне нашых суайчыннікаў на стваральную працу, а памяць аб Вялікай Перамозе кансалідуе грамадства для пераадолення глабальных выклікаў і пагроз.

У гэта сапраўды ўсенароднае свята жадаю ўсім здароўя, аптымізму, дабрабыту і мірнага неба над роднай Беларуссю.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА