Як “Сляды на вадзе” абышлі “Ла-Ла-Лэнд” і “Вікінга”

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

81 773 гледача для “рэдкай птушкі”, якіх стане больш: асноўны пракат — па рэгіёнах, аднак — без прыватнікаў
Стужка “Сляды на вадзе” Нацыянальнай кінастудыі ”Беларусьфільм”, знятая да 100-годдзя беларускай міліцыі, увайшла ў лік лідараў айчыннага кінапракату. Прыкладна з такім зместам зусім нядаўна на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва выйшла нататка, з якой стала вядома, што паглядзела беларускі міліцэйскі блокбастар, чый бюджэт склаў эквівалент каля 1 мільёна долараў ЗША, за час яго пракату (а распачаўся ён у лютым) 81 тысяча 773 гледача. Для большай яскравасці і пераканаўчасці гэты паказчык быў параўнаны з вынікамі камерцыйна паспяховых замежных рэлізаў у беларускім пракаце за прыкладна той жа перыяд — галівудскага мюзікла “Ла-Ла-Лэнд” (78 тысяч 985 гледачоў) і расійскага гістарычнага эпасу “Вікінг” (76 тысяч 383 гледача). Апублікаваная навіна выклікала супярэчлівыя водгукі ў карыстальнікаў сацыяльных сетак і журналістаў незалежных СМІ, якія паставілі пад сумнеў паспяховасць “Слядоў…” і нават прыблізна падлічылі акупнасць фільма ад вытворчага бюджэту на дадзены момант. Праўда, прадзюсар Юрый ІГРУША, які з сакавіка ўзначальвае аддзел маркетынгу “Беларусьфільма”, пагадзіўся распавесці “К”, чаму крытыка ў адрас праекта нацыянальнай студыі па агучаных лічбах беспадстаўная і бессэнсоўная.

/i/content/pi/cult/635/14121/17 kultura 4.jpgНаша размова з Юрыем Віктаравічам пачынаецца з невялікай прадмовы пра тое, як былы дырэктар “Белвідэацэнтра”, рэарганізаванага ўлетку 2013 года і ўведзенага як адзін з аддзелаў у склад “Беларусьфільма”, з’явіўся на нацыянальнай кінастудыі ў новай іпастасі.

— Я прыйшоў працаваць па запрашэнні кіраўніцтва студыі. У аддзеле маркетынгу і рэкламы прайшла рэструктурызацыя, былі нанятыя новыя спецыялісты, але фактычна да майго прыходу тут працавала толькі два супрацоўнікі. І такое становішча працягвалася вельмі доўгі перыяд, таму цяперашнія вынікі студыі адносна прасоўвання яе прадукцыі звязаныя ў тым ліку і з доўгатэрміновай адсутнасцю актыўнай дзейнасці на этапах не толькі пракату, але і вытворчасці. Мы цяпер якраз і займаемся гэтым пытаннем. Але, скажам, калі я з’явіўся на “Беларусьфільме”, “Сляды…” пайшлі ўжо ў пракат. Фактычна я апынуўся ў цягніку, які на той час ішоў на ўвесь дух.

Калі казаць адносна пракату названай стужкі, трэба памятаць пра той момант, што тэма юбілею 100-годдзя айчыннай міліцыі разлічана толькі на нашага гледача. Чакаць прарываў на кінарынку за межамі Беларусі для “Слядоў…”, па вялікім рахунку, не выпадае. І ніхто не адмяняў дзяржаўнага падыходу да кінавытворчасці, таму што менавіта дзяржава з’яўляецца асноўным інвестарам беларускай кінапрамысловасці.

— Было заяўлена, што “Сляды на вадзе” сталі ці не самай папулярнай стужкай за апошняе дзесяцігодзе. У такім выпадку, з чым звязваеце яе паспяховасць?

— Трэба ўлічваць, што гэтае кіно за апошнія гады стала амаль адзіным ігравым праектам кінастудыі, які трапіў у кінатэатры (стужку “Дзяржаўная граніца: падманная цэль”, таксама знятую на “Беларусьфільме”, паказвалі ў кінатэатрах летась. — Рэд.). Ягоны запуск у вытворчасць адбыўся ў 2015 годзе, а гатовы ён быў у 2016-м. Пазалетась ад кінастудыі праекты кінатэатральнага фармату не былі прадстаўлены, не ўлічваючы серыялы. І, безумоўна, да “Слядоў…” была павышаная цікавасць з боку дзяржаўнага пракату і гледачоў. Прыватныя кінатэатры яго не паказвалі.

— Чаму, на ваш погляд, “прыватнікі” адмовіліся ад яго пракату?

— Прапанова кінатэатрам была зроблена, але выбар саміх уладальнікаў кінатэатраў, якія самі будуюць свой бізнес, зарабляюць на ім грошы, — ці браць стужку ў ратацыю. Міністэрства культуры не ўздзейнічае на прыватныя кіназалы. Калі апошнія не цікавіць дзяржаўнае кіно, то што тут зробіш? Але ўсе сем абласных кінапракатаў актыўна адгукнуліся на нашу прапанову паказаць стужку, таму што, па-першае, расце цікавасць да беларускага кіно, па-другое, гэта пакуль вельмі “рэдкая птушка” на вялікіх экранах. Адносна “Слядоў…”, дарэчы, збор і аналіз інфармацыі аб пракаце пакуль працягваецца. Тыя даныя, пра якія вы кажаце, былі прамежкавымі, бо дэманстрацыя карціны яшчэ ідзе ў трох абласцях і завершыцца ў верасні. Пасля гэтага мы зможам казаць пра сукупныя даныя і па гледачах, і па зборах, каб не быць галаслоўнымі. Таму пакуль заяўляць, што стужка правалілася ў пракаце — гэта наогул нейкае глупства.

— Мяркуючы па вашых словах, “Сляды…” — гэта кіно з ідэалагічнай місіяй. Ці мае сэнс прасоўваць такія стужкі з дапамогай сродкаў рэкламы? Тым больш у выпадку “Слядоў на вадзе” яна, скажам шчыра, не надта заўважная…

— Аднак калі набераце ў інтэрнэт-пошуку назву фільма, то пабачыце, колькі пра яго апублікавана артыкулаў. Я не стаў бы казаць, што рэкламы не было. Наадварот: не было выданняў, якія пра фільм не напісалі.

— Маю на увазе не інфармацыйныя матэрыялы ці рэцэнзіі, а камерцыйную рэкламу, якой карыстаюцца прыватныя дыстрыб’ютары.

— Вы ў гэтым выпадку арыентуецеся на заходніх кінапракатчыкаў і іх мясцовых прадстаўнікоў, якія працуюць з вялікімі рэкламнымі бюджэтамі. У дзяржаўных стужак рэкламнага бюджэту няма. Існуюць толькі ўласныя сродкі кінастудыі, якіх не хапае на прасоўванне кантэнту як камерцыйнага прадукту. Мы ўзнялі гэтае пытанне для абмеркавання ў Міністэрстве культуры Беларусі, каб мець магчымасць атрымліваць грошы. Але мяркую, што беларускаму кіно ў сябе на радзіме не патрэбная камерцыйная рэклама — тут дзейнічаюць іншыя механізмы. Замест замежнага дыстрыб’ютара з уласным бюджэтам тут працуе, скажам так, сама дзяржава.

— Растлумачце тады, калі ласка, чаму пры такім высокім паказчыку гледачоў па Беларусі наогул, у Мінску “Сляды…” паглядзела крыху больш за 5 тысяч чалавек? У той жа час сталічная аўдыторыя звычайна прыносіць прыватным пракатчыкам каля 30 — 35 % сумарных збораў па рэспубліканскім рынку.

— Трэба ў дэталях уяўляць тэхналогію айчыннага пракату — тых структур, якія сёння з’яўляюцца самайстойнымі. І ў чым розніца паміж дэманстрацыяй беларускага і замежнага кіно на экранах краіны. Неабходна параўнаць гэтыя сістэмы. Так, заходняя стужка, трапляючы на мясцовы кінарынак, мае пэўны кошт за адзін білет і можа дэманстравацца толькі ў фармаце DCP (Digital Cinema Package — набор шыфраваных лічбавых файлаў. — Рэд.). Айчынны кінапракат у сямі абласцях мае прыкладна ў два разы больш экранаў, чым Мінск у сутнасці. Таксама не забывайцеся, што ў невялічкіх гарадах, райцэнтрах шмат залаў, дзе кіно дэманструецца толькі з DVD-праектараў. Жыхарам гэтых населеных пунктаў трэба ехаць у абласны кінатэатр, каб пабачыць замежныя стужкі. Таму ў Мінску такая вялікая канцэнтрацыя гледачоў.

Беларускае ж кіно, наадварот, дэманструецца з розных носьбітаў: і з DCP, і з DVD, калі патрэбна. Таму наш асноўны глядач жыве не ў Мінску, а ў рэгіёнах. І мы да яго ставімся з паразуменнем, прынамсі ў матэрыяльным плане — кошт білета можа складаць і пяць рублеў, калі гаворка пра Мінск, і рубель, калі гэта рэгіянальны кінатэатр.

І ніякай штучнасці ў падліку лічбаў “Слядоў…” няма, таму што такім чынам гістарычна сфарміраваўся наш кінарынак. У названых асаблівасцях — яго спецыфічнасць і, магчыма, праблема. Але гэтыя даныя прадстаўлены на падставе фактаў, не выдуманых і не падтасаваных, як я чытаў у пэўных каментатараў. Усе вынікі дакументальна пацверджаныя.

— З аднаго боку, мы ведаем пра неабходнасць зарабляць на стужках, знятых з выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў, а з іншага — існуе пэўны ідэалагічны кантэнт...

— Давайце разбірацца, бо вы тут абагульняеце шмат момантаў. Хто казаў, што ідэалагічна важныя па змесце стужкі не мусяць зарабляць? Наадварот, гэтую задачу ніхто не адмаўляе. Але не ўсё адразу, зразумела. Ужо існуюць пэўныя лічбы, якія дэманструюць, што рост у дадзеным кірунку ёсць, планка акупальнасці расце, давер у людзей да свайго кіно павышаецца. За адзін тэрмін кінапракату ў Беларусі стужка не можа акупіцца. Гэта немагчыма, але не таму, што нехта няправільна працуе, а таму, што наш кінарынак, паўтаруся, своеасаблівы. У нас такія магчымасці, якія ёсць, такая колькасць кіназалаў. Калі падлічыць скрупулёзна, дык вялікі фільм апрыёры не зможа акупіцца на беларускім рынку.

Так, у выпадку “Слядоў…”, тым не менш, мэты і задачы ставіліся крыху іншыя. Але сёння на міжнародным рынку кінадыстрыб’юцыі сітуацыя прыкладна аднолькавая: вялікія грошы прыносяць толькі адзінкавыя праекты, большасць жа таксама не акупляецца. Але з нацыянальнай кінастудыі патрабавання зарабляць грошы ніхто не здымаў. Ды ўсё ж, паколькі невыканальнасць місіі абгрунтаваная пэўнымі абставінамі, дзяржава на гэтыя паслабленні ідзе. Мы ўзялі курс на раздзяленне праектаў: малабюджэтныя будуць арыентаваныя на заробак грошай, а ідэалагічныя павінны адлюстроўваць пазіцыю дзяржавы па тых ці іншых пытаннях. І зараз для стварэння першай катэгорыі кінапраектаў мы актыўна шукаем сцэнарыі.

Аўтар: Тарас ТАРНАЛІЦКІ
кінааглядальнік