І Брэстчыне крычалі: “Брава!”

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Першая з шэрагу творчых справаздач абласцей у сталіцы яшчэ раз засведчыла: справа не ў справаздачы — а ў справах...

На справаздачу Брэсцкай вобласці публіка пачала збірацца задоўга да абвешчанага адкрыцця выстаўкі, каб не спяшаючыся агледзець экспанаты. Дый пасля канцэрта многія рушылі не да выхаду, а зноў да стэндаў, каб яшчэ раз зірнуць на ўлюбёныя творы жывапісу, вырабы народных майстроў. Тыя ж, хто пабачыў выстаўку не толькі зблізу, але і з балкона ў фае, маглі ацаніць усю “архітэктурнасць”, строгую графічную вытрыманасць кампазіцыі.

У цэнтры разгорту апынулася калекцыя аўтэнтычных беларускіх народных строяў з розных раёнаў, якая сведчыла пра нацыянальную размаітасць народаў, што жывуць на Беларусі, пра шматлікія міжнацыянальныя ўздзеянні. Бо ў касцюмах праглядалі відавочныя элементы польскага, украінскага, татарскага, літоўскага адзення, якія ў спалучэнні з беларускімі набывалі новыя рысы, надавалі традыцыйным строям адметны каларыт. Была ў той калекцыі і кампазіцыя “Палескае вяселле”. А ў ёй і строі маладых, і куфар з пасагам, і саламяныя лебедзі, што зычаць маладзёнам шчасця на доўгія гады, і святочны каравай, шчодра ўпрыгожаны квеценню.

 /i/content/pi/cult/162/1412/U-Bresce1.jpg
Паабапал саламяных “манекенаў”, якія быццам запрашалі ў госці, узвышаліся выставачныя прылады з экспанатамі, з якіх глядзелі фотапартрэты народных майстроў. А наводдаль, на сценах, змясціліся жывапісныя палотны. Знайшлося месца і для сціплага стала з багатым кнігазборам. Гістарычныя, краязнаўчыя, мастацтвазнаўчыя выданні (у тым ліку прысвечаныя беларускаму кампазітару і мастаку ХІХ стагоддзя Напалеону Ордзе), што апошнім часам выйшлі на Брэстчыне, выклікалі павышаную зацікаўленасць. Раз-пораз чулася: “Дзе такую кнігу можна набыць?” А ў адказ: “Толькі ў Брэсце”. Канешне, выстаўка ёсць выстаўка, але, можа, на далейшых справаздачах усё ж прадугледжваць магчымасць продажу хаця б некалькіх асобнікаў?

Вырабы народных майстроў вабілі сваёй разнастайнасцю. Марыя Кулецкая, да прыкладу, асвоіла роспіс па шкле — штосьці “сярэдняе арыфметычнае” паміж вітражамі і лубяным малюнкам. Зараз у яе займаецца больш за сотню дзяцей — значыць, хутка гэтая тэхніка атрымае больш шырокае распаўсюджанне, а магчыма, складуцца і свае традыцыі. З.Шкунова, на новы лад узгадаўшы габелены, што ўпрыгожвалі старадаўнія радзівілаўскія палацы, спалучыла ў “Белавежскай пушчы” тонкую карункавую вязь з вышыўкай. Шмат было на выстаўцы адметных керамічных вырабаў — не дзіва, што на Століншчыне адкрыты Цэнтр ганчарства. Былі сярод тых “чароўных чарапкоў” і акарыны — музычныя інструменты італьянскага паходжання, якія атрымалі ў нас другое нараджэнне, стаўшы прыкметай беларускага фальклорнага мастацтва: вешаеш той “кашалёчак” на шыю і дзьмеш у яго пад свой настрой штосьці задушэўнае — быццам аддаеш свае “ўздыхі” паветру-ветру-ветру...

З Драгічыншчыны была прывезена калекцыя фартушкоў. “А колькі іх яшчэ засталося дома!” — уздыхнула Л.Быцко, загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Яно і праўда: у Драгічынскім раёне нават дзейнічае музей “Бездзежскі фартушок”. Ткацтва было прадстаўлена посцілкамі: падыходзячы да іх, многія людзі старэйшага ўзросту з замілаваннем узгадвалі сваё сялянскае дзяцінства.

Славіцца Брэстчына і сваімі драўлянымі вырабамі. У горадзе Іванаве працуе свая школа бондарства, адкуль даслалі ў Мінск сваю экспазіцыю бочачак ды кадушак. Даўнія традыцыі маюць роспіс па дрэве, беларускія пісанкі. Мікалай Тарасюк з вёскі Стойлы Пружанскага раёна працягвае і развівае майстэрства драўляных скульптур, якое ў свой час атрымала шырокае распаўсюджанне ва уніяцкіх храмах, а сёння ўсё часцей становіцца часткай паркавай культуры. Сюжэты М.Тарасюка — таксама свецкія, звязаныя з беларускім побытам і складзеныя ў завершаныя кампазіцыі, што малююць жыццё беларускага селяніна, уяўляючы сабой гэткую своеасаблівую “сялянскую энцыклапедыю”. Больш глыбінныя паганскія крыніцы драўляных скульптурных выяў раскрывае творчасць І.Супрунчыка са Століншчыны: яго кампазіцыя “Каляднікі” быццам захавалася з тых старадаўніх часоў, а зараз была хіба паменшана (вядома, выявы паганскіх багоў былі куды велічней па сваіх памерах) і пафарбавана.
 /i/content/pi/cult/162/1412/U-Bresce2.jpg

Зацікавіў прысутных і драўляны посуд, які знаходзіў надзвычай шырокае выкарыстанне ў беларускім народным побыце. Міністр культуры Беларусі У.Матвейчук нават не ўтрымаўся, каб не ўзяць у рукі адну з драўляных лыжак.

Сярод карцін мастакоў Брэстчыны духоўнай тэматыкай прыцягвалі палотны М.Канькова, адчуваннем боскага святла — “Начная казка” І.Раманчука.

Адметнасцю светаўспрымання вылучаліся нацюрморты Л.Рацько, акварэлевыя кветкі В.Татарнікавай-Панок.

А той “нітачкай ад чароўнага клубочка”, што прывяла гледачоў ад выстаўкі ў фае непасрэдна ў глядацкую залу, стала… майстэрства выцінанкі. Так, на выстаўцы дэманстраваліся выцінанкі Н.Міхайлавай, а іх каларытна каляровым “музычным партрэтам” сталася выступленне Заслужанага аматарскага калектыву ансамбля народнай музыкі “Выцінанка” Столінскага ГДК пад кіраўніцтвам Пятра Астапчука. Прычым змясціўся ансамбль менавіта на ўваходзе ў партэр, быццам дадаткова запрашаючы наведвальнікаў у наступную “выставачную залу” — музычна-тэатральную.

Канцэрт папраўдзе атрымаўся гэткай цэласнай музычна-тэатральнай кампазіцыяй, складзенай з буйных тэматычных блокаў. Ужо адзін іх пералік, пазначаны ў падрабязнай праграмцы, даваў уяўленне пра паэтычнасць і адухоўленасць будучага відовішча: “Зямля мая, зямля бацькоў святая”, “Ты ў сэрцы маім, Беларусь”, “Святая музыка душы”, “Зліваюцца славянскія вытокі”, “Юнацтва сонечныя промні”, “Зямлі Палескай галасы”.

Гістарычны пралог, які папярэджвала выступленне старшыні Брэсцкага аблвыканкама К.Сумара, прайшоў, як і належыць, з непасрэдным “удзелам” Ягайлы, войскаў, што вярнуліся з Грунвальдскай бітвы 1410 года (іх увасаблялі, вядома, шматлікія прадстаўнікі ваенна-гістарычных, патрыятычных клубаў з Баранавічаў і, пераважна, Брэста), а таксама Афанасія Філіповіча, Адама Міцкевіча, Напалеона Орды, Тадэвуша Касцюшкі, якіх сыгралі артысты Брэсцкага абласнога тэатра драмы і музыкі.

А ўрачыстае абвяшчэнне аб наданні Бярэсцю магдэбургскага права, якое вярнула нас у дзень 15 жніўня 1390 года, быццам дало імпульс імкліваму разгорту пралога і, надалей, усёй канцэртнай праграмы.

Верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?” прывёў да не менш знакамітай купалаўскай “Малітвы”, вядомай у песенным выкладанні Алега Моўчана. Голас дый сама фігура Уладзіміра Мулявіна заўсёды будуцьпаўставаць у нашай памяці пры адным толькі згадванні гэтай песні, якую ўзялі ў свой рэпертуар саліст узорна-паказальнага аркестра пагранічнай службы РБ Ігар Пашэчка і ўзорны хор хлопчыкаў Брэсцкага ГДК пад кіраўніцтвам Алега Няроды.

Тэму Вялікай Айчыннай вайны адлюстравала харэаграфічная кампазіцыя “Сімфонія мужнасці” і песня Генадзя Кавалеўскага “Брэсцкая крэпасць”. Дый відэарад, якім суправаджаўся ўвесь канцэрт, у якасці лейтматыву ўтрымліваў дакументальныя кадры святочных урачыстасцей ля Брэсцкага мемарыяла з удзелам ветэранаў і вайскоўцаў.

Пераход да мірных карцінак жыцця быў удала ажыццёўлены выступленнем духавых аркестраў з групай мажарэтак і ансамблем “Крутая малеча” Баранавіцкага ГДК. Іх музычна-харэаграфічная кампазіцыя “Свята з аркестрам”, як і планавалі арганізатары, быццам запрасіла прысутных на І Міжнародны фестываль духавой музыкі “Беларускія фанфары-2008”, які гэтымі днямі праходзіць у Баранавічах.

“Вянок беларускіх танцаў” сплятаўся з трох дзіцячых калектываў, кожны з якіх на сваім кавалачку сцэнічнай прасторы ўвасабляў тую ж “Лявоніху” — у гэткім “поліфанічным” харэаграфічным уяўленні.

 /i/content/pi/cult/162/1412/U-Bresce3.jpg
Вельмі парадаваў класічны блок, старонку да якога пачала перагортваць ужо беларуская народная песня “Юрачка” ў выбітной апрацоўцы Алены Атрашкевіч і бліскучым, аздобленым элементамі тэатралізацыі, выкананні ўзорнай харавой капэлы хлопчыкаў і юнакоў на чале з таленавітай і апантанай Алай Ігумнавай. Яе ж выхаванцы, з’яднаныя ў больш кампактную арт-групу (накшталт знакамітага расійскага калектыву — хору Турэцкага), ажыццявілі і “эфект рэмінісцэнцыі”, з’явіўшыся ў наступным за класікай славянскім блоку з апрацоўкай “Падмаскоўных вечароў” В.Салаўёва-Сядова.

Родам з Брэста быў найталенавіты кампазітар Уладзімір Солтан, добра вядомы па оперы “Дзікае паляванне караля Стаха”, што без малога 20 гадоў ідзе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. Адным з апошніх яго твораў стала настальгічная музыка да тэлесерыяла “Пракляты ўтульны дом”. Тая ж мелодыя была ўвасоблена ім у “Канцэртным вальсе”. У выкананні зводнага сімфанічнага калектыву, дзе дырыжорская палачка Аляксандра Сасноўскага з’яднала аркестрантаў Брэсцкага тэатра драмы і музыкі ды Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы, гэты вальс прагучаў быццам пратэст супраць заўчаснай смерці кампазітара — надзвычай патэтычна, адкрыта эмацыйна, з нязвыклым драматычным узлётам.

Горача вітала публіка “трыо тэнараў” — вядома, брэсцкіх: Андрэя Кунцэвіча, Уладзіміра Махнача і Валянціна Барысенкі. Найскладаны фрагмент з “Барыса Гадунова” М.Мусаргскага гучаў у выкананні народнага мужчынскага хору клуба Брэсцкага электрамеханічнага завода пад кіраўніцтвам Іраіды Александровіч. Увогуле, уся музыка, што гучала ў праграме, вылучалася добрым густам і высокай якасцю выканання.

“Сакрэт” раскрываўся проста: музычным кіраўніком свята выступіў кампазітар, загадчык музычнай часткі Брэсцкага абласнога тэатра Васіль Кандрасюк, уганараваны некалькі гадоў таму Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У славянскім блоку нумары былі падабраны папраўдзе адметныя. Мудрагелістасцю рухаў прывабіла сюіта “За весніцай” Заслужанага аматарскага калектыву ансамбля танца “Радасць” Брэсцкага ГДК на чале з народным артыстам Беларусі Анатолем Вараб’ёвым, які з’яўляўся і рэжысёрам-пастаноўшчыкам усяго канцэрта. Яркімі тэмбравымі фарбамі і, як водзіцца, віртуознасцю, азартам “Скамарохавых забаўлянак” напоўню бліскануў аркестр рускіх народных інструментаў Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы пад кіраўніцтвам Мікалая Алданава.

Выступленні дзятвы і падлеткаў скарылі не толькі паветранымі шарыкамі, з якіх былі зроблены сцэнічныя строі аднаго з нумароў. Дый як іначай, калі ў гэтым канцэртным блоку былі сабраны не толькі харэаграфічныя калектывы розных кірункаў, уключаючы бальныя танцы, але і такія юныя зорачкі, як Крысціна Збралевіч, Алеся Харэвіч, арт-гурт “Брэвіс”, ансамбль “Мілавіца”.

Заключная частка праграмы — “Зямлі Палескай галасы” — сталася яркім, надзвычай каляровым, папраўдзе святочным (адны сцэнічныя строі чаго былі вартыя!) акордам, у які былі ўплецены і прыпеўкі, і каларытнае песеннае суквецце, якое быццам увасабляла на музычна-харэаграфічнай мове своеасаблівы феерверк. Ну, а фінальным клічнікам сталі кветкі ад Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымках: фрагменты выстаўкі народных майстроў
Брэстчыны ды імгненні святочнага канцэрта.
Фота Юрыя ІВАНОВА