Сапраўднае нутро матылька

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

П’еса “Матылёк… Матылёк…” вядомага італьянскага драматурга Альда Нікалаі шматкроць ставілася ў беларускіх тэатрах, упрыгожваючы рэпертуар лепшых актрыс. Тэмы, якія ўзнімае твор, — глыбокага псіхалагічнага парадку. Гэта аповед пра ролю жанчыны, маці і пра чалавечую адзіноту. Гісторыя галоўнай гераіні яшчэ раз нагадвае нам, што за памылкі маладосці даводзіцца плаціць. Матылёк — вобраз істоты, што легкадумна ляціць на вогнішча, сімвал чагосьці прыгожага і незямнога. Жыве яна нядоўга, згараючы ў агні — паклікання, кахання, жарсці.

/i/content/pi/cult/635/14119/9-1.jpgСцэна са спектакля “Матылёк... Матылёк...” / Фота Андрэя ЖЫГУРА

Асноўныя намаганні рэжысёра спектакля, заслужанага дзеяча мастацтваў краіны, мастацкага кіраўніка Коласаўскага тэатра Валерыя Анісенкі скіраваны на тое, каб максімальна выявіць іншым часам схаваныя магчымасці выканаўцаў, раскрыць акцёрскія індывідуальнасці і, вядома ж, наблізіцца да глыбокага ідэйна-філасофскага зместу, закладзенага аўтарам. Выканаўца галоўнай ролі, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова (гэта яе бенефісны спектакль, прымеркаваны да юбілею актрысы) працуе на кантрастах. У першай палове спектакля перад намі досыць амбіцыйная, ганарлівая, нецярпімая да іншых асоба, якая жыве ў прыдуманым ёй жа свеце свайго мінулага. Сваёй хатняй тыраніяй у спалучэнні з пагардай яна здатная давесці да прыхаванай нянавісці сваю ці то служанку, ці то кампаньёнку Фоку (у, здавалася б, другараднай ролі скупымі, але вельмі выразнымі сродкамі Ірына Цішкевіч выдатна змагла раскрыць унутраны змест гераіні, стварыць характар спярша забітай, прыгнечанай, а ў фінале, праз знешнюю ўнутраную трансфармацыю, жорсткай і хцівай асобы, фактычна забойцы Эды). Але ў другой частцы спектакля некалі пакінуты Эдай у прытулку сын Эліа (хочацца адзначыць псіхалагічна дакладную, вельмі эмацыйную ігру, з распрацаваным “другім планам”, маладога артыста Дзмітрыя Каваленкі) зрывае з яе маску. І вось перад намі ўжо не вытанчаная свецкая львіца, што ператварыла сваё жыццё ў суцэльную тэатральную ігру, а вартая жалю старая, якая пакутуе ад адзіноты і, быццам тапелец, марыць ухапіцца за чыюсьці міласэрнасць. Але жыццё — рэч досыць жорсткая, і ў абліччы сына яна набывае не анёла-збаўцу, а суддзю-абвінаваўцу. А караючай рукой становіцца Фока, што ў фінале атручвае гаспадыню.

Актрыса Тамара Скварцова размяркоўвае сябе такім чынам, што да апошніх эпізодаў глядач не бачыць яе сапраўднае нутро. Здаецца, яна настолькі звыклася з мроямі, прызвычаілася да фантазій, якія дзіўным чынам мяжуюцца ў яе свядомасці з рэальнымі абставінамі мінулага, тых сваіх, што амаль немагчыма зразумець, дзе праўда, а дзе мана. Гэты падвоены свет ёй проста неабходны, без яго яна  — актрыса па жыцці — не можа існаваць. Менавіта так выканаўца спрабуе падаваць сваю гераіню. Магчыма, у першай палове варта ўзмацніць такія моманты, пазбягаць толькі верхняга пласту тэксту. Але жыць выключна мінулым Эда не здатная, у ёй шмат жыццёвай энергіі, нягледзячы на ўзрост, — проста да часу яна гэта хавае. З’яўленне юнака нішчыць яе дэпрэсію, унутраную сумяціцу. У ім яна бачыць свой паратунак ад адзіноты. Мне ж падаецца, што Эда насамрэч даволі супярэчлівы персанаж, шматслойны вобраз. Яна адносіцца да той катэгорыі людзей, якія існуюць у пэўным разладзе з маральным імператывам, у іх самой прыродай закладзена няправільнасць, нестандартнасць, адсутнасць маральных табу, найпершым складнікам для іх з’яўляецца прыгажосць, і таму яны знаходзяцца ў разладзе з недасканалым светам, дзе пануе бруд.

Крыху вышэй я заўважыў, што актрыса нібы ашчаджае сябе ў першай палове спектакля, каб напоўніцу выбухнуць у фінале. Тут яна моцна і яскрава перадае вялікі ўнутраны, душэўны боль сваёй гераіні. Яго цяжка вытрываць, амаль немагчыма. На хвіліну здаецца, што яна нават траціць розум. І калі Фока падсоўвае загадзя падрыхтаваны дакумент аб перадачы маёмасці і перадае атруту, Эда нібы загіпнатызаваная, але разам з тым спакойна-асэнсавана падпісвае і прымае смерць. Актрыса падкрэслівае, што гэта свядомы крок, самастойны выбар яе гераіні, каб сысці ў нябыт.

Рэжысёр Валерый Анісенка вырашае спектакль у жанры меладрамы, якая заўсёды карыстаецца попытам у гледача. Але, разам з тым, гэта не касавы, не камерцыйны спектакль, ён прызначаны для сапраўдных прыхільнікаў псіхалагічнага тэатра. Рэжысёр і артысты спрабуюць засяродзіцца на ўнутраных праблемах асобы, у тым ліку і ў наш жорсткі і прагматычны час, акцэнтаваць увагу на тых зменах, што адбываюцца з яе псіхалогіяй, з душой.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа