Музейныя “гастролі”

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

У тур са сваім журналістам... / Якуб Колас гасцюе ў Тызенгаўза
Перадгісторыя выставы “То не музыка — натхненне...” з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Раённым краязнаўчым музеі горада Паставы Віцебскай вобласці вельмі цікавая.

/i/content/pi/cult/635/14109/10-1.jpgАтаман Пастаўскага казацкага аддзела Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускае казацтва”, вайсковы старшына Аляксандр Зазулін, па жыцці — старшы інспектар Ашмянскай мытні, у канцы мінулага года пры выкананні службовых абавязкаў на пераходзе “Гудагай” пазнаёміўся з дырэктарам сталічнага коласаўскага музея Зінаідай Камароўскай, што вярталася ў Беларусь з Літвы. Падчас іх гутаркі яна распавяла суразмоўцу пра тое, што ў 2017-м яе ўстанова будзе знаходзіцца на пярэднім краі мерапрыемстваў, прысвечаных 135-годдзю з дня нараджэння вялікага сына беларускай зямлі. Аляксандр Мікалаевіч жа ў сваю чаргу распавёў пра пастаўскіх калегаў мінчан і, як аказалася пазней, стаў мастком паміж імі, перадаўшы візітоўку спадарыні Камароўскай дырэктару краязнаўчага музея Раісе Курачэнка. Адбылася тэлефонная размова двух кіраўнікоў, вынікам якой і стала арганізацыя выставы...

...Задаўшы самому сабе рытарычнае пытанне “а чым, уласна, перасоўныя выставы не тур?”, я і вырашыў, што мой матэрыял ідэі цыклу артыкулаў “У тур са сваім журналістам” цалкам адпавядае. Зінаіда Мікалаеўна, якая павінна была ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыць выставу, узяла мяне з сабой. Дарога туды прайшла ў абстаноўцы самасузіранняў, нейкае хваляванне выклікала толькі тое, што ў якісьці момант у нашай легкавушцы дала пра сябе ведаць лямпачка, прасігналізаваўшы пра тое, што машыне варта дазаправіцца гаручым. Што мы і зрабілі...

І іншыя афіцыйныя асобы...

Прыбыўшы ў музей і паспытаўшы з дарогі гарбаты з бутэрбродамі, мы падняліся на другі паверх. Яго цэнтральнае месца і адвялі пад выставу. Сімвалічным яе ўпрыгожаннем сталі каласы ў розных кутках залы, а саму экспазіцыю складалі пераважна прадметы, “завязаныя” на паэму “Сымон-музыка”: кнігі, копіі ілюстрацый да яе, фатаграфій са сцэнамі са спектакляў, праграмкі, афішы... Акрамя таго, на сценах і стэндах можна было ўбачыць рэплікі графікі партрэтаў класіка і яго сваякоў і з выявай малой радзімы паэта — Стаўбцоўшчыны, лістоў і віншавальных тэлеграм Коласу, фрагментаў яго рукапісаў.

…Пачынаецца афіцыйная частка, памяшканне запаўняюць прадстаўнікі выкладчыцкага і навучэнцкага складу школ горада, Цэнтра турысцкіх паслуг, бібліятэкары, аматары творчасці паэта. Iмпрэзу здымае тэлебачанне. Раіса Леанідаўна прадстаўляе Зінаіду Мікалаеўну, Аляксандра Мікалаевіча і прамаўляе ўступную прамову. (Некалькі сказаў пра гэтую дзіўную жанчыну — спадарыню Курачэнка. Чалавек яна  вельмі эмацыйны, блізка да сэрца прымае i некаторыя гістарычныя падзеі, звязаныя з рознымі краінамі ды людзьмі, скажам, пачатку XX стагоддзя, і зусім нядаўнія. Фанат сваёй справы ў самым высокім сэнсе гэтага слова. На такіх, як яна, і трымаецца не толькі беларуская культура, але і Зямля наогул.) Яна спыняецца на некаторых фактах біяграфіі Якуба Коласа, дзеліцца меркаваннем пра яго ролю ў літаратуры наогул, інфармуе першых наведвальнікаў аб тым, што яны змогуць убачыць на выставе, і перадае “эстафету” спадарыні Камароўскай. Тая дзякуе за магчымасць паказаць пастаўчанам частку калекцыі галаўнога музея, кажа пра “свайго Коласа”, пра тое, якое дачыненне ён меў да Віцебшчыны, дэкламуе ўрывак з “Сымона-музыкі”, распавядае аб мемарыяльным музеі і яго філіялах. У фінале адкрыцця Зінаіда Мікалаеўна, запрасіўшы ўсіх прысутных наведваць іх, падзялілася некаторымі ідэямі, якія мяркуюць рэалізаваць дзве ўстановы, і падрабязна адказала на шэраг пытанняў. Затым пад шкло цэнтральнага стэнда былі змешчаны ручка-пяро з чарніліцай, якімі карыстаўся Колас, а паэтка Наталля Карнілава прачытала верш у яго гонар...

Добры прыклад заразлівы!

Пакуль публіка нетаропка разглядае экспанаты, я распытваю Раісу Леанідаўну пра жыццё-быццё пастаўскага музея. Працуюць у ім шэсць чалавек. Летась тут пабывала каля сямі тысяч чалавек (дырэктар лічыць гэта вельмі нядрэнным паказчыкам), а зарабіў музей каля трыццаці мільёнаў рублёў (у ранейшых грошах: план перавыканалі ўдвая). Краіне гэтага мала, а таму ў 2017-м установа павінна прынесці ў казну рэспублікі... амаль у два разы больш, што лагічна.

Сёе-тое з фондаў музея (усяго ў асноўным і навукова-дапаможным — парадку дваццаці тысяч найменняў) размяшчаецца ў цокальным памяшканні іншага будынка, дзе і даступнае для агляду наведвальнікамі. Да іх паслуг проста-такі фантастычныя “катакомбы”-сутарэнні. Плануецца, што, захаваўшы за сабой старыя плошчы, РКМ зойме яшчэ і ўвесь Палац Тызенгаўза: сёння ў ім размяшчаецца Цэнтральная раённая бальніца, якая пераедзе ў іншае месца. Каб мары ажыццявіліся ў поўным аб’ёме, патрабуецца выйграць міжнародны грант (дзякуючы папярэдняму частку склепа бальніцы і абсталявалі пад музей), што забяспечыў бы фінансаванне праекта — рэстаўрацыю, магчыма, перапланіроўку, стварэнне палацава-паркавага ансамбля наогул і іншае. Бо дзяржава наўрад ці аднаасобна “пацягне” настолькі маштабную задуму ў бліжэйшыя тэрміны.

Сярод іншых прывазных выстаў, якія праходзілі ў музеі, — камерцыйныя: матылькоў, жукоў ды іншых насякомых, ракавін ды каралаў сусветнага акіяна, зброі ўсіх часоў і народаў... (Спадарыня Курачэнка не стамляецца дзякаваць індывідуальнаму прадпрымальніку, калекцыянеру Рамазану Махмудаву, які і прадстаўляў экспанаты.) Выстаўляліся прадметы, звязаныя з культурай і побытам Японіі, Кітая. А вось перасоўнымі праектамі, што папулярызуюць нашу культуру і маюць дачыненне да якога-небудзь немясцовага пісьменніка ці паэта, Раіса Леанідаўна паспрабуе заняцца ў гэтым годзе і прапануе іх правядзенне айчынным музеям. Сваю ж “прадукцыю” РКМ вывозіць у асноўным па раёне — у розныя арганізацыі, уключаючы, вядома, музеі ды школы. Але, дарэчы, дырэктар з асцярогай ставіцца да такога “місіянерства”, паколькі ў паездках рызыка штосьці з экспанатаў папсаваць вялікая.

— Дзякуй коласаўцам за тое, што частку сваёй меркаванай выручкі ад гэтай выставы яны пакідаюць нам, — паведамляе Курачэнка. — Толькі перавозка экспанатаў была на нас. Спадзяюся, што, калі задуманае здзейсніцца, і з іншымі музеямі мы будзем супрацоўнічаць па той жа схеме: вы добра разумееце, як сёння фінансава жывуць гэтыя ўстановы ў правінцыі...

Колас паўсюль

Вяртаючыся ў Мінск, падводзім з Зінаідай Мікалаеўнай нейкія вынікі паездкі і “закідваем вуды” наперад.

— Каштоўнасць гэтага праекта — выстава з фондаў нашага музея, што падарожнічае па краіне, — перш за ўсё ў асветніцкай місіі, — кажа яна. — Бо многія людзі, якія хочуць больш падрабязна азнаёміцца з жыццём і творчасцю Якуба Коласа “ўжывую”, не могуць прыехаць у Мінск. Тады да іх прыязджаем мы, везучы слова Коласа.

Падобныя выставы ездзяць па краіне штогод, вось і з пачатку 2017-га праект пабываў ужо ў некалькіх гарадах, дзесьці на дабрачыннай аснове, дзесьці — на платнай. Прычым прымаючым бокам могуць быць, напрыклад, і навучальныя ўстановы. Натуральна, што ў іх дэманструюцца невялікія часткі калекцыі, затое адначасова з паказам супрацоўнікі коласаўскага музея чытаюць лекцыі, адпаведныя тэме акцый. Сярод экспанатаў абавязкова ёсць прадметы, якія звязваюць паэта з канкрэтнымі абласцямі Беларусі. З-за таго, што арыгінальныя рэчы літаратурна-мемарыяльны выстаўляць сабе дазволіць не можа (у адваротным выпадку некаторыя з іх павінны быць застрахаваны на круглыя сумы, ім патрэбныя асаблівыя ахова ды ўмовы захоўвання), наведвальнікі могуць аглядаць іх копіі. Але часам у госці прыбываюць і арыгіналы (як тыя ж ручка з чарніліцай)!

— А гасцямі нашага музея ў Мінску нярэдка з’яўляюцца тыя людзі, якія прыходзілі на выставы ў сваіх гарадах, — працягвае спадарыня Камароўская. — Яны самі пра гэта кажуць. Значыць, мы не дарма працуем такім чынам, значыць, цікавасць да творчасці, лёсу паэта ў беларускім народзе жыве.

“Гастралююць” выставы і за мяжой, там яны праходзяць бясплатна для наведвальнікаў, адкрываючы паэта (нашу краіну) таму, хто вырас у СССР, а камусьці — як творцу невядомага. З нядаўніх і адносна нядаўніх ваяжоў — прадстаўленне праекта ў вільнюскім Літаратурным музеі Аляксандра Пушкіна, кіеўскім Літаратурна-мемарыяльным музеi Максіма Рыльскага, Музеі-запаведніку ў Міхайлаўскім, Музеі-кватэры Аляксандр Блока (Санкт-Пецярбург), Калінінградскім абласным гісторыка-мастацкім музеі, польскiм Музеі Хелмскай зямлі, музеі Уладзіслава Бранеўскага (Варшава). У красавіку была экспазіцыя ў пецярбургскім Літаратурна-мемарыяльным музеі Фёдара Дастаеўскага, да канца года — у адной з дзіцячых бібліятэк Масквы. Магчыма, штосьці “выгарыць” з Румыніяй, Грузіяй, Узбекістанам. Безумоўна, радуе такая “экспансія” паэта за мяжу! Што “попыт” на яго ёсць, калі музей пастаянна выязджае з такім праектам за межы Беларусі! Што словы Якуба Коласа чуюць у розных кутках зямнога шара!

Мінск — Паставы — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"