Парабалічны компас лёсу

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Неапублікаванае пра Сяргея Селіханава
“К” працягвае расповед пра знакамітага скульптара, народнага мастака Беларусі Сяргея Селіханава.

/i/content/pi/cult/635/14108/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у №№ 12 — 13, 15.)

А пакуль прыхваткамі, па парадзе таго ж Шульца, Сяргей Іванавіч прымаецца за стварэнне скульптурнай кампазіцыі “К.Я.Варашылаў на манеўрах”, прысвечанай знакамітым Беларускім манеўрам 1936 года. І гэтая, так бы мовіць, першая сур’ёзная спроба разца нечакана для самога аўтара атрымала гарачае ўхваленне ў масцітых віцебскіх мастакоў. Удалася і другая работа на рэвалюцыйную тэму — барэльеф для залы пасяджэнняў абласнога выканаўчага камітэта. Дзе тады знаходзілася яго віцебская майстэрня, я, праўда, так і не высветліў. Магчыма, яму дазволілі як учарашняму выхаванцу працаваць у alma mater; магчыма, дзесьці арандаваў адпаведнае памяшканне…

Але з ад’ездам у Мінск не спяшаўся: здымная двухпакаёвая кватэра ў доме на беразе Дзвіны — неблагая, утульная, грашовай “халтуры” па мастацкай нагляднай агітацыі ў Віцебску звыш даху, ды і дачка Наталка нарадзілася ў верасні 1939 года: куды ж ты ад малечы з’едзеш? Хаця ў Мінск перыядычна наязджаў, калі гаворка ішла пра ўдзел у сталічных выставах. У гэтым сэнсе найбольш значная выстава пад назвай “Ленін і Сталін — арганізатары дзяржаўнасці БССР” адбылася ў пачатку 1940-га, дзе Селіханаў паказаў тую самую кампазіцыю пра Варашылава, якая ў тым жа годзе экспанавалася ў Маскве ў час Дэкады беларускай літаратуры і мастацтва. Здавалася, вось яна, жаданая “сіняя птушка”, амаль у руках…

Але грымнула вайна. Яна заспела мастака ў Віцебску, і ўжо на другі дзень па нападзе фашысцкай Германіі на СССР Сяргей з торбай на плячах — на прызыўным пункце ваенкамата. Дамоў яго ўжо не адпусцілі, бо ішло спешнае фарміраванне народнага апалчэння і батальёнаў для тэрміновай адпраўкі навабранцаў у запасныя палкі ці проста на перадавую. А вораг быў ужо ля варот горада. 4 ліпеня жонку і маленькую дачку Селіханава разам з іншымі разгубленымі гараджанамі спешна пагрузілі ў цягнік і ў эвакуацыю накіравалі на ўсход. Канчатковая кропка — горад Аткарск Саратаўскай вобласці, дзе Раіса Савельеўна адразу ж уладкавалася на працу ў ваенную частку.

Так здарылася, што на наступны дзень пасля ад’езду сям’і з Віцебска чырвонаармейцу Селіханаву ўсё ж удалося на гадзінку вырвацца дадому, але — спазніўся. Адзіным суцяшэннем было тое, што сям’я — у бяспецы. Ёй сапраўды пашанцавала, бо большая частка жыхароў эвакуіравацца не паспела. Увечары прызыўнікі па распараджэнні першага сакратара абкама партыі Стулава і ваеннага каменданта горада Міроненкі пакінулі Віцебск і накіраваліся на ўсход у бок Смаленска. А ўжо 9 ліпеня перадавы атрад 20-й нямецкай танкавай дывізіі ўварваўся ў горад, і праз два дні, пасля бязлітасных баёў, Віцебск быў цалкам узяты. Але ў гэты час Селіханаў ужо пад’язджаў да падмаскоўнага Падольска, каб быць залічаным на кароткатэрміновую вучобу ў артвучылішча. А ўжо праз тры месяцы ён атрымаў баявое хрышчэнне пры абароне сталіцы.

Так пачалася новая старонка ў жыцці майго героя — байца Чырвонай арміі ў складзе дывізіёна знішчальна-супрацьтанкавай артылерыі. Першы баявы экзамен здаваў у кровапралітных бітвах пад Масквой і Ржэвам, паспяхова адбіваючы атакі нямецкіх “панцарвафэ”. У адным з баёў быў цяжка кантужаны — але ачуняў. Біўся з “тыграмі” на Курскай дузе, фарсіраваў Днепр, з баямі пераадольваў Карпаты, адбіваў танкавыя контратакі на Сандамірскім плацдарме на левым беразе Віслы, прайшоў з “саракапяткамі” Сілезію. Перамогу капітан Селіханаў сустрэў раніцай 8 мая 1945 года ў Празе, калі войскі I Украінскага фронту канчаткова паціснулі апошнія ачагі супраціўлення эсэсаўскіх падраздзяленняў. Падкрэслю, што і на фронце, у рэдкія вольныя хвіліны, Селіханаў не выпускаў з рук алоўка, адлюстроўваючы ў трафейным альбоме абліччы сваіх баявых сяброў-аднапалчан і жывыя сцэны з ваеннага жыцця. Але яшчэ год баявы афіцэр-ардэнаносец працягваў служыць ва Украіне, мроячы пра вяртанне да любімай работы, якая была перапынена вайной… У Кіеве, недалёка ад месца службы капітана Селіханава, асталявалася і яго сям’я. Калі прыйшоў час “дэмбеля”, не ўзнікла роздумаў, ці заставацца ў Кіеве: толькі  Беларусь, толькі Мінск, і нікуды болей.

У гэтым горадзе, які стаў для яго назаўсёды родным, прыйшло цвёрдае і канчатковае рашэнне: не губляючы часу ўвасобіць у вечным матэрыяле бессмяротны подзвіг народа, прысвяціць гэтай высакароднай справе ўсё сваё жыццё. Практычна адзінай прыемнасцю для скульптара становіцца праца. І праца падзвіжніцкая. Калі не ідуць у лік ні стомленасць, ні хваробы, калі творца, сціскаючы ў пальцах гліну, прадбачыць узніклы ва ўяўленні пластычны вобраз, але мае мужнасць адмовіцца ад рашэнняў, якія падаваліся бясспрэчнымі ўчора, ды выглядаюць недакладнымі, недарэчнымі сёння.

Першай пасляваеннай работай стала кампазіцыя “За гонар сцяга”, якая, па словах аўтара, “з’яўлялася сур’ёзнай спробай сіл на кардынальнае аднаўленне пластычнай формы”. Гэтая спроба разца трансфармавалася ў двухметровую кампазіцыю “Вызваленне” (малады савецкі салдат-аўтаматчык з вызваленым з няволі даверлівым, удзячным падлеткам), якая ў 1948-м экспанавалася на Усесаюзнай мастацкай выставе ў Маскве. Водгукі ў прэсе прагучалі станоўча. У гэтай рабоце, жыццёвай і натхнёнай, ужо пачыналі дакладна прасочвацца тыя гуманістычныя прынцыпы, якія папярэднічалі ўсяму наступнаму мастацтву скульптара.

Бадай, 1950-я — час сталасці майстра. Удзел у скульптурным афармленні павільёна БССР на ВДНГ СССР і новага будынка Маскоўскага ўніверсітэта, праектаванне помнікаў, цыклы партрэтаў сучаснікаў — усё гэта, зразумела, рабілася ў строгіх рамках адзінага рэчышча тагачаснага сацыялістычнага (гэта значыць дзяржаўнага) рэалізму. Трэба падкрэсліць, што ў тыя часы развіццё савецкай скульптуры ішло зусім па іншай творчай магістралі, чым, скажам, у Заходняй Еўропе. Падобных авангардных кірункаў, яркімі прадстаўнікамі якіх былі нашы землякі — стваральнікі новых мастацкіх метадаў формаўтварэнняў — Осіп Цадкін, Жак Ліпшыц, Аскар Мешчанінаў, таксама ўкраінец Аляксандр Архіпенка, англічанін Генры Мур, румын Канстанцін Бранкузі, італьянец Альберта Джакамеці ці харват Іван Мештровіч, у савецкай краіне па вызначэнні быць не магло. А спробы, якія нейкім чынам прасочваліся ў Савецкім Саюзе, скажам, у пластычных эксперыментах Эрнста Неізвеснага альбо Вадзіма Сідура, ушчэнт разбіваліся. Але, на мой погляд, па мастакоўскім патэнцыяле Селіханаў, калі б яго творчае жыццё развівалася ў еўрапейскім кантэксце “новага мастацтва”, быў бы не горшы за пералічаных вышэй славутых “зорных” авангардыстаў. Экспрэсіяністычны, “мадэрновы” бронзавы хатынскі Стары — гэта, вобразна кажучы, не апошняя кропка творчай біяграфіі Селіханава, а своеасаблівае шматкроп’е, якое абяцала стаць клічнікам. Але гэтае шматкроп’е, на вялікі жаль, спыніла ранняя смерць Сяргея Іванавіча…

Ды і па лепшых творах 1950-х, якія ён паспеў пакінуць нам, можна меркаваць пра тое, якія цікавыя вобразатворчыя магчымасці былі ў іх закладзены. Работы розныя па змесце і кампазіцыйнай структуры, але куды ж адысці ад знаёмага “селіханаўскага” пластычнага почырку, які назіраецца ўсюды і ва ўсім? Мастак, адмаўляючыся ад ілюзіі непасрэднага бачання натуры, імкнуўся да стварэння цэласных пластычных маналітаў, дзе вобраз паўставаў бы чаканнай формулай, а аб’ёмы, сілуэты, фактурная плоць статуй былі б, так бы мовіць, асноўнымі параметрамі псіхалагічных велічынь, лаканічна яснымі ў сваёй дакладнай пэўнасці. Скажам, бронзавая фігура Канстанціна Заслонава ў Оршы ўзвышаецца ля магілы героя ў прывакзальным скверы на прамым і строгім пастаменце з чырвонага граніту. Сквер і будынак вакзала — як бы востраў паміж чыгуначнымі пуцямі. Гэтыя пуці і былі партызанскім полем, на якім вёў бітву Заслонаў. Селіханаў расказваў: “Па сутнасці, я сам аршанец, у юнацтве сам меў непасрэдныя адносіны з аршанскай чыгункай. Яшчэ хлопчыкам пратаптаў такую знаёмую, насычаную мазутам і выкладзеную шпаламі зямлю. Такім чынам, для мяне і майго сааўтара — архітэктара і ветэрана вайны Георгія Сысоева — стварэнне гэтага помніка было сапраўдным падарункам лёсу…”

Заканчэнне — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"