Ная і Раман

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Палітра чыстага лёсу без партрэта ва ўяўнай старасці: пра лёсы расстралянага і ацалелай
Беларускі мастак Раман Семашкевіч быў забыты на паўстагоддзя. Трагічна абарвалося яго жыццё, трагічным стаўся лёс ягоных твораў. Працягваем расповед пра творцу з улікам раней непублікаваных матэрыялаў.

/i/content/pi/cult/635/14107/14-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 16.)

“Ці вядома ім, што яны забілі… цудоўнага мастака”

Здаецца, адказ на запыты пра лёс мужа нарэшце атрыманы. Адказ без многіх і многіх адказаў. Ды Надзя не была б сабой, каб пакінула справу. Вось які ліст яна накіравала таму самаму намесніку начальніка аддзела ўпраўлення па Маскве і Маскоўскай вобласці КДБ СССР Мікалаю Грашавеню, што падпісаў папярэднюю паперу.

"Паважаны Мікалай Віктаравіч!

Учора, то-бок 8 чэрвеня 1990 года, я атрымала Ваш адказ на мой запыт у Камісію па справах рэпрэсаваных пры ЦК КПСС ад 8/ХІІ-1988 года. У сваім лісце я пытала пра лёс свайго мужа, мастака Р.М. Семашкевіча, а менавіта: дзе напаткала яго смерць? Дзе яго магіла? Прозвішчы следчага і “тройкі”? Ці вядома ім, што яны забілі ні ў чым не вінаватага чалавека, ды яшчэ і цудоўнага мастака, творчасцю якога любая краіна магла б ганарыцца? Тым больш наша, сацыялістычная. На гэтыя пытанні я адказаў не атрымала.

Далей — пра лёс незаконна канфіскаванага мноства твораў жывапісу, зробленых маім мужам і падрыхтаваных да чарговай персанальнай выставы. Канфіскаваных без вопісу, без панятых, як тое неабходна па законе.

Паведамляю Вам, паколькі я прысутнічала пры выняцці карцін, што вопісу не было. Р.М. Семашкевіч быў арыштаваны ў ноч з 1 на 2 лістапада 1937 года. У момант арышту был праведзены вобшук. Больш ніякіх вобшукаў не было. Пазней, магчыма, пасля вынясення прысуду, прыехалі супрацоўнікі НКУС і звезлі карціны, без вопісу, без панятых. Прычым усё рабілася страшна таямніча і страшным спехам. Дакладны лік вынятых карцін я назваць не магу, бо мы не вялі бухгалтарскага ўліку і ў нас не было ніякіх падставаў чакаць падобнае таму, што адбылося. Карцін было больш за трыста.

Хацелася б ведаць, хто Вас уводзіць у зман і Вы падпісваеце ліст, у якім абсалютна скажоная сапраўднасць. А менавіта, што ў матэрыялах справы маецца вопіс вынятых карцін. Паўтараю — вопісу не было. Вы знялі копію з акта перадачы карцін, складзенага двума супрацоўнікамі НКУС і прадстаўніком Маскультгандлю 23 чэрвеня 1940 года, то-бок праз 2,5 года пасля выняцця карцін. Гэта не вопіс. За два з паловай года з моманту выняцця палова з іх некуды знікла. Каму спатрэбілася гэта фальсіфікацыя і для чаго? Ці не будзеце Вы ласкавыя паведаміць мне, якім чынам атрымалася такая няўвязка, і прытым вельмі істотная?

Вялікі дзякуй за фатаграфію мужа. Якім бы ні быў трывожным яго погляд, усё ж і такі ён мне дарагі.

З павагай, Н.Васільева

Масква 9/VI-90 г.

P.S. Чамусьці Р.М. Семашкевіч аказаўся палякам..."

“Прапанаваць Беларусі набыць графіку Семашкевіча”

Ці атрыманы быў адказ на гэты ліст — не ведаю. Але ў 1990-я Надзя, Надзея Міронаўна, выдала і каталог (на 141 старонцы з 43 каляровымі рэпрадукцыямі і 70 адбіткамі графічных твораў Рамана Мацвеевіча), і манаграфію пра мужа, зрабіла некалькі яго персанальных выстаў у Маскве і Ленінградзе. Пра гэта Надзя пісала нашай сям’і. Так, на пачатку 1997-га яна зазначала ў сваім лісце да маёй маці Тамары Барысаўны: “Як заўжды, жыву ў хваробах, у нішчымніцы, але ў барацьбе” (на наступнай старонцы Надзея Міронаўна дадае, што ёй споўнілася 84 гады). У адрасаванай мне частцы таго ж ліста было наступнае: “Я хацела б прапанаваць Міністэрству культуры Беларусі набыць графіку Семашкевіча. Але я не ведаю адраса, імя, імя па бацьку міністра. Вельмі шкадую, што няма ў жывых Алеся Адамовіча. Ён да мяне вельмі цёпла ставіўся. Ёсць такі ў Мінску Адам Іосіфавіч Мальдзіс. Я напісала яму, атрымала адказ, што ў Беларусі такая галеча, што смешна пра гэта казаць. Высока ацэньваючы яго дасягненні, я ўсё ж хацела б звярнуцца да міністра культуры з гэтай прапановай. Прашу Вашай парады. Можа быць, вы нешта мне падкажаце, а можа, у нечым і дапаможаце?”

Таксама Надзя вяла доўгія перамовы з Міністэрствам культуры Беларусі аб выставе Семашкевіча ў Мінску. На жаль, гэтая выстава так і не адбылася. Новае дзесяцігоддзе было не самым спрыяльным для мастацкай дзейнасці. Аднак жа ў час самага паўнакроўнага росквіту таленту гэтага выбітнага жывапісца — у 1930-я — яго выставы праходзілі па ўсёй Беларусі: у Мазыры, Петрыкаве, Лепелі!.. Тады ж Максім Лужанін пісаў пра выставу Семашкевіча ў Мінску!.. На шчасце, у найноўшы час з’явіўся дакументальны фільм Зоі Катовіч. І вядучы мастацтвазнаўца краіны Барыс Крэпак на старонках газеты “Культура”, і культуролаг, літаратар Сяргей Харэўскі адкрывалі гэтае імя не толькі прафесіяналам, але і самому шырокаму колу аматараў мастацтваў. А ці проста было?..

/i/content/pi/cult/635/14107/14-2.jpg“Ён маляваў... сокам з кветак”

Нарадзіўся Раман Семашкевіч у вёсцы Лебедзева цяперашняга Маладзечанскага раёна ў 1900 годзе ў шматдзетнай сялянскай сям’і — 16 дзяцей. Бацька працаваў садоўнікам у памешчыка, і дзеці з ранняга дзяцінства працавалі разам з бацькам сярод раскошы кветак і вялізнага саду. Раман вырошчваў архідэі ў аранжарэі і ўвесь час маляваў. “Фарбаў не было, і ён маляваў... сокам з кветак”, — так распавядала Надзя. І вось у які раз узнікае пытанне, на якое няма адказу: як, дзе, чаму зараджаецца талент? Адказ, бадай, адзіны — гэта дар Божы. І нябесныя паштальёны спраўна дастаўляюць дар той і ў сядзібы, і на працоўныя ўскраіны гарадоў, і ў маленькія вёсачкі. Што ж, у анёлаў свая геаграфія і свае адрасы. І свае дзівацтвы.

У Рамана потым былі ўрокі жывапісу ў мастацкай студыі-майстэрні ў касмічнага Язэпа Драздовіча ў Віленскай беларускай гімназіі, дзе дырэктарстваваў на той час знакаміты мовазнаўца Браніслаў Тарашкевіч. Пасля — скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага тэхнікума ў Міхаіла Керзіна, дзе ў той жа час вучыліся будучыя класікі беларускага манументальнага мастацтва Заір Азгур і Андрэй Бембель (і куды пазней паступіў Васіль Быкаў). А па заканчэнні тэхнікума — вучоба ў знакамітым ВХУТЕИНе ў класах Фалька, Канчалоўскага, Асьмёркіна. (Пра ўсе гэтыя этапы ў сваім эсэ пра Семашкевіча на старонках “К” досыць падрабязна апавядаў у 2010-м Барыс Крэпак.) Удакладню: названыя імёны мастакоў, якія сталі ўжо класікамі, згадваюцца тут не для таго, каб надаць дадатковай вагі постаці Рамана Семашкевіча, талент ягоны ў гэтым папросту не мае патрэбы — дастаткова зірнуць на работы. А называю тых асобаў, каб успомніць, што кожны з іх прайшоў свой цярністы Млечны шлях. Хтосьці ад пачатку і да канца, а кагосьці збілі на ўзлёце. І ў кола тое не траплялі пасрэдныя фігуры — гэта абраны талентамі асяродак.

“Мы ж мастакі — рыцары”

Што далей? Уладзімір Татлін, вялікі авангардыст ХХ стагоддзя, адзін з заснавальнікаў канструктывізму, аўтар праекта помніка III Інтэрнацыяналу, дапамог Семашкевічу атрымаць майстэрню на трэцім паверсе Навадзевічага манастыра. Сучаснікі ўскладалі на яго вялікія надзеі і называлі геніяльным самародкам, для якога ўвесь сэнс жыцця быў у творчасці. Бязбытны, бяссрэбранік, неславалюбны, ён не чакаў ні пашаны, ні вядомасці. У той яго майстэрні немагчыма было кроку ступіць — палотны, кардоны, малюнкі ад падлогі да столі. Што ж, вялікі талент — шчодры талент. Балазе вялікую колькасць работ ён прывозіў з экспедыцый па краіне — і з Алтая, і з Урала. Па некалькі выстаў штогод — калектыўных і персанальных.

Адзін з сяброў Семашкевіча, вядомы крытык і перакладчык Сяргей Ромаў (ён доўгі час пражыў у Парыжы, дзе быў блізка знаёмы з Пікаса, Мацісам і Марке), пазнаёміў мастака з будучай жонкай Надзеяй. Так з’явіўся яе першы партрэт. Імгненная прапанова рукі і сэрца і нядоўгае шчасце. У лісце да жонкі з беларускага Лепеля 14 ліпеня 1937 года ён пісаў: “Ная! Прыехаў! Няма словаў для выражэння той прыгажосці, якая тут. [...] Дождж. Пад парасонам кусаецца і цалуецца чысты ветрык. [...] Выціснуў на талерку фарбы (няма палітры). Няшчасныя яны ляжаць. Чакаюць увасаблення і знікнення [...] Мы ж мастакі — рыцары [...] Прывітанне. Цалую мільён разоў”.

Не сакрэт, што ўсе творы мастацтва акумулююць у сабе стан душы аўтара і доўгія гады транслююць яго энергію. У працах Рамана Семашкевіча адчуваецца экспрэсія, зачаравальная няўрымслівасць і тая магутная канцэнтраваная сіла, якой адарылі яго нябёсы.

Такім было жыццё Семашкевіча, пакуль яго не абарвалі на Бутаўскім палігоне.

Будучыня, прапісаная пункцірам

Пэўна, слушна кажуць, што жыццё кожнага запісанае на нейкіх невядомых нам скрыжалях. На іх нават будучыня прапісаная пункцірам. І толькі ад нас залежыць, як яна там складзецца насамрэч.

Выпадкова я паехала з сябрамі, фатографамі Галінай Ламака і Віталем Раковічам, цудоўным летнім днём у паездку па Беларусі. Фатаграфавалі капліцу на закінутых могілках у вёсцы Лебедзева Маладзечанскага раёна. Ускраіна вёскі. А аказалася — могілкі прымыкаюць да таго саду, які пасадзіў яшчэ бацька Рамана Семашкевіча. І мы туды вярнуліся.

Дома, дзе нарадзіўся і правёў дзяцінства Раман, няма. Але ёсць вялікі сад. І пляменніца, падобная да яго. І наогул, у Лебедзеве вельмі шмат Семашкевічаў — балазе сям’я была вялікая. Старшыня сельсавета, таксама Семашкевіч — Леанід Іванавіч, паказаў вуліцу, якая будзе названа імем Семашкевіча-мастака. Рамана.

Сваякі ўспамінаюць той дзень, калі да іх прыехала Надзя. Яна тады купіла шмат кніг сабе і ім, у Мінску і ў Масве такіх не знайсці, а ў маленькай вёсачцы — калі ласка: і Гарсія Лорка, і Шэкспір…

У Лебедзеве сёння вельмі кранальна захоўваецца памяць пра таленавітага земляка. Настаўнік гісторыі Антон Апанасевіч напісаў кнігу “Лебедзеўская сага”, дзе ёсць і глава, прысвечаная Раману Мацвеевічу, а ў школе стварыў невялікі краязнаўчы музей “Спадчына”. Там мастаку таксама прысвечана асобная экспазіцыя. І, на шчасце, у праваслаўным Свята-Троіцкім храме ў Лебедзеве захавалася велізарная фрэска “Найсвяцейшая Троіца”, выкананая Раманам Семашкевічам у 1920 годзе.

Таццяна Маўрына, графік, як і Семашкевіч — удзельніца групы “13”, успамінала, што напісаныя Раманам палотны тут жа хацелася мець у сябе дома. І не ёй адной: “Ён адразу стаў марай калекцыянераў”. Не дзіва, што калекцыянеры і зараз ганарацца сваімі набыткамі з ліку малюнкаў Семашкевіча. На шчасце, яго работы ёсць у нашым Нацыянальным мастацкім музеі — партрэт Валянціна Таўлая, партрэты Якуба Коласа і Янкі Купалы, з якім былі дружныя Раман і Надзя. На шчасце, і ў маленькіх беларускіх вёсках ёсць падзвіжнікі — захавальнікі нашай гісторыі і нашай культуры.

Здавалася б, ды навошта яна патрэбная, памяць? Нікога ж не вернеш, лёс не зменіш, фінал не перапішаш... Навошта патрэбныя ўсе гэтыя цяжкія клопаты па вяртанні несправядліва забытых імёнаў? Значна больш камфортна, спакойна і радасна жыць у культурнай непрытомнасці. Так, напэўна, усё вельмі проста — без мінулага не бывае будучыні. І чым больш талентаў, якімі можна ганарыцца, тым ярчэйшая і багацейшая культура краіны. І кожны з нас. Ды, у рэшце рэшт, проста таму, што “талент — адзіная навіна, якая заўсёды новая”, як казаў Барыс Пастарнак.

P.S. У падораным Надзяй каталогу ўразіла назва работы Рамана Семашкевіча — “Аўтапартрэт ва ўяўнай старасці”. 1935 год. За два гады да смерці...

Вера САВІНА, кінасцэнарыстка, журналістка

 

Дарэчы

У рэдакцыю “К” яшчэ ўзімку прыйшла кніга “Лебедзеўская сага” згаданага ў тэксце настаўніка гісторыі Антона Апанасевіча. Важкая кніга, што ўвабрала ў сябе стагоддзі гісторыі невялікай, падавалася б, кропкі на карце Беларусі. У наступным нумарах “К”, як мы і абяцалі ў адказе адрасанту, пазнаёмім чытачоў з некаторымі старонкамі і персонамі, датычнымі гісторыі Лебедзева. Думаецца, гэтае выданне — само па сабе, безадносна да гісторыі Рамана Семашкевіча, — добры досвед сістэматызацыі назапашанага краязнаўчага матэрыялу.