Сцэна для тынэйджараў

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

“Крокі” з выхаваннем: пакуль без сваёй пляцоўкі
Паводле традыцыі, чатырохдзённы ІV Мінскі міжнародны форум “Крокі”, што прайшоў на пляцоўках Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача і Новага драматычнага тэатра, утрымліваў конкурсную праграму — сем спектакляў з Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі і, вядома, Беларусі. Гран-пры паехала ў Адэсу, але ў намінацыях былі адзначаны ўсе калектывы, а некаторыя і некалькімі прызамі. Не толькі таму, што падлеткаў, маўляў, крыўдзіць нельга, але і таму, што некаторыя “дзіцячыя” спектаклі маглі даць фору прафесійным, прызначаным дзецям і моладзі.

/i/content/pi/cult/634/14106/13-2.jpgСцэна са спектакля "Русалачка". / Фота прадастаўлена форумам

Становяцца больш “дарослымі”

Адметнасцю гэтага тэатральнага форуму, галоўным арганізатарам якога выступае Мінгарвыканкам, з’яўляецца не адно конкурсная, а яшчэ і асветніцкая скіраванасць. Усе калектывы маюць магчымасць паглядзець працы калег, наведаць майстар-класы, экскурсіі. А яшчэ — пасябраваць, каб у далейшым абменьвацца вопытам, уражаннямі, спектаклямі.

Назіраючы за форумам цягам некалькіх гадоў, магу канстатаваць: ён сталее. Больш “дарослымі” становяцца тэмы, закранутыя юнымі артыстамі, больш прафесійнай — акцёрская ігра. Так, далёка не ўсе ўдзельнікі (а іх сёлета было каля 150-ці) звяжуць у будучыні жыццё з тэатрам, але стаўленне да “пылу куліс” застанецца. Ды ўсё ж самае важнае бачыцца ў тым, што праз спектаклі, да якіх спрычыньваюцца дзеці, расце і сталее душа кожнага з удзельнікаў. Самому ў спектаклі ўдзельнічаць ды застацца глухім да праблем свайго героя і ягонага атачэння немагчыма. Таму колькі мне ні гаварылі б, што дзецям трэба пакінуць выключна “чароўнае”, бясхмарнае і нават бязвоблачнае дзяцінства, не пагаджуся. Не, я не супраць добрых казак, але сёння, калі падлеткі фізічна сталеюць куды хутчэй за пакаленне сваіх папярэднікаў, разам з нарошчваннем цягліцавай тканіны і перанасычанасцю не заўсёды “пераваранай” інфармацыяй у іх павінна развівацца і пачуццё адказнасці — не “за ўвесь свет”, што звычайна роўнае “ні за што”, а за сябе асабіста.

Тэатр для тынэйджараў — наша вечная праблема. І тое, што яе вырашаюць самі “школьныя” калектывы, можна толькі вітаць. Паказальна, што прыз глядацкіх сімпатый (а ў зале прысутнічалі пераважна ўдзельнікі форуму) атрымала інтэлектуальная драма “Звер” народнага Тэатра-студыі “Дзверы” з Масквы, створаная паводле алегарычнага рамана “Валадар мух” англійскага пісьменніка, нобелеўскага лаўрэата Уільяма Голдынга. Са спляцення тэм, адлюстраваных у рамане, у спектаклі на першы план выйшлі этымалогія жорсткасці, распаўсюджванне “вірусу агрэсіі” ў невялікім хлапечым калектыве і праекцыя той хваробы на ўсё грамадства. Спектакль быў так высока ацэнены публікай, нягледзячы на хібы ў яго выкананні — асабліва на фоне шэрагу больш зладжаных па акцёрскай ігры паказаў. На жаль, “Звер” крыху “згубіўся” ў даволі вялікай зале ТЮГа: дзеці, прывучаныя даносіць тэкст максімальна натуральна, без “крыку” і “крыўлянняў”, не змаглі справіцца з нязвыклымі (і, па шчырасці, не лепшымі) умовамі акустыкі, — і палова дыялогаў аказалася “з’едзенай”. Але гледачы зразумелі ўсё! Бо валодаюць тэатральнай мовай, якая часам значыць больш за вербальную. Невыпадкова гэты ж спектакль быў адзначаны і за мужчынскую ролю (Хруша — Алег Сцяпанаў), і за сцэнаграфію: выкарыстаныя ў ім шчыты адыгрывалі адначасова функцыянальную і яркую вобразную, семантычную ролі.

Мова, крыніца і “прынц”

Валоданне тэатральнай мовай дазволіла ўдзельнікам форуму высока ацаніць спектакль “Вандроўнік” з Беластока паводле “Маленькага прынца” Экзюперы, які ішоў па-польску без перакладу: яркае відовішча з пастаянным дзеяннем (на жаль, да заяўленага жанру “філасофскай казкі” яно не дацягвала) аказалася, паводле глядацкага галасавання, на другім месцы. Прафесійнае ж журы на чале з дацэнтам, заслужаным дзеячам мастацтваў краіны Лідзіяй Манаковай і журы прэсы на чале з крытыкам, рэдактарам аддзела часопіса “Мастацтва” Жанай Лашкевіч узнагародзіла калектыў “за яркае ўвасабленне вобразаў і выразныя сцэнічныя строі”.

Наколькі важны зварот да добрай літаратурнай крыніцы, падкрэсліла драма “І зноў пра каханне” з Клайпеды. Гэты спектакль з актуальнай тэмай варожасці да “чужынцаў”, падмацаванай сацыяльнай няроўнасцю, быў пастаўлены па даволі слабой расійскай п’есе “Амаль Вестсайдская гісторыя”. Мо лепш было б звярнуцца да лібрэта мюзікла Бернстайна, а не яго “сапсаванай копіі” ды яшчэ з саладжавым хэпі-эндам? Ці прапанаваць удзельнікам спектакля самастойна “перакласці” сюжэт на іх рэаліі — упэўнена, у іх гэта атрымалася б лепш. Прызам за жаночую ролю ўганаравана Дар’я Бусько (Марго), але ў гэтым спектаклі вылучаць можна было практычна ўсіх удзельнікаў: падлеткі ігралі, можна сказаць, саміх сябе.

Паэтычная фантазія “Успамін пра дзяцінства” Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання была адзначана “за пераемнасць і шанаванне народных традыцый”. “Класіка ў пыле” з Эстоніі паводле тэкстаў ХІХ — ХХ стагоддзяў — за акцёрскі ансамбль і адметнае вырашэнне класічных мініяцюр.

Гран-пры, як казала вышэй, быў уручаны вучэбнаму тэатру “ТУ-154” з Адэсы за тэатральную фантасмагорыю паводле “Ночы напярэдадні Раства” Мікалая Гогаля і “Канатопскай вядзьмаркі” Рыгора Квіткі-Аснаўяненкі. Гэта быў спектакль, варты паказу і на “дарослых” фестывалях. Бо ў ім гарманічна сышліся выдатна зробленая інсцэніроўка з некаторым акцэнтам на эстэтыку маладзёжнай субкультуры готаў, сумесь фэнтэзі з іроніяй, мінімалісцкае афармленне з цудоўнымі пластычнымі эцюдамі і светлавымі эфектамі, добры тэмпарытм, зададзены музыкай, яркі нацыянальны каларыт, відавочны і ў дробязях.

Гаспадары форуму — тэатральнае аддзяленне сталічнай дзіцячай школы мастацтваў № 2 — падрыхтавалі “Русалачку” паводле Андэрсена, “казку, падслуханую ў мора”. Асабіста для мяне спектакль стаўся працягам “марской тэмы”, калісьці ўвасобленай ранейшым складам калектыва ў “Пунсовых ветразях” Аляксандра Грына. Мастацкае афармленне зрабілі навучэнцы трэцяга курса Мінскага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава: такое супрацоўніцтва стала ўжо добрай традыцыяй. А вось неверагодная пластыка, вырашэнне многіх сцэн менавіта праз харэаграфічна-пластычныя разыначкі былі, на жаль, страчаны: у ранейшых спектаклях школы гэты складнік быў на некалькі парадкаў вышэйшым. Больш выразна “пераказанай” магла б быць і сама гісторыя, бо ў цяперашнім выглядзе гераіня паўстае адно ахвярай лёсу, “праецыруючы” на дзяўчынак мадэль не раўнапраўнага, а ахвярнага стаўлення да кахання, навучаючы іх ахвяраваць сабой дзеля рамантызавана міфалагізаванага, нават міфічнага “прынца”. Тым не менш, трэба аддаць належнае рэжысёру і выкладчыцы Ірыне Фларызяк, якая ў складаных для школы ўмовах здзейсніла пастаноўку, адзначаную прызам за музычнае вырашэнне, а таксама “за артыстызм і відовішчнасць”. Пасля “Крокаў” спектакль паехаў у Клайпеду на Міжнародны тэатральны фэст “Бурштынавы світанак”.

“Крокі” атрымаліся калі не “сямімільнымі”, дык, прынамсі, волатаўскімі. Форум, як заўжды, вызначаўся добрай арганізацыяй, адладжаным “механізмам” разгорту, карыснымі майстар-класамі, атмасферай свята, якую стваралі і ўрачыстасці адкрыцця-закрыцця, і “падарункавы” паказ “Сіняй птушкі” ТЮГа, і музычнае аздабленне з фальклорным ды джазавым ухілам ад навучэнцаў сталічных дзіцячых музычных школ мастацтваў №№ 2, 10, 14, і тая нязмушанасць, з якой удзельнікі ўспрымалі кожную фестывальную навіну і “хварэлі” адно за аднаго. Цудоўна, што ў рамках праекту “Дзеці — дзецям” прызы ў выглядзе жывапісных прац таксама былі выраблены юнымі мастакамі ўсё той жа 3-й школы і мелі дачыненне да спектакляў, бо маляваліся паводле анатацый да іх.

Разам з тым форум у чарговы раз акрэсліў набалелыя праблемы нашага тэатральнага руху. Першая і асноўная з іх датычыцца сцэнічных пляцовак. Адзін асобна ўзяты фестываль, два-тры і больш такіх фестываляў усё адно не ў стане данесці да шырокай аўдыторыі лепшае, што назапашваецца аматарскімі вучэбнымі калектывамі. А між тым у іх ёсць чаму павучыцца! Дый самі такія калектывы павінны павышаць майстэрства не “тэарэтычна”, а практычна, рэалізуючы здабыткі на сцэне, адкрытай для публікі. На сёння некаторыя падобныя калектывы, дзякуючы арганізацыйным здольнасцям кіраўнікоў і так званых бацькоўскіх камітэтаў, арандуюць памяшканне, прадаюць білеты — і паказваюць спектаклі. Але большасць прац застаюцца ў рэжыме “аднаразовага карыстання”: спектакль рыхтуецца — і паказваецца аднойчы, у выглядзе “справаздачы” перад бацькамі. Ці ж тое не разбазарванне ўкладзеных нават і грошай, і творчых сіл?

Не ведаю погляды мэрыі Мінска на будынак былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў, які рамантуецца. Але трэба вызначыцца з магчымай сцэнай, якая магла б “прытульваць” лепшыя спектаклі, падрыхтаваныя па-за межамі прафесійных стацыянарных тэатраў сталіцы і краіны. Убачыўшы гэткую “канкурэнцыю”, дзяржаўныя тэатральныя ўстановы таксама пачалі б варушыцца, больш ахвотна ісці на эксперыменты. Як вынік, сфарміравалася б “новая хваля” студыйнага тэатральнага руху, якім маглі пахваліцца тыя ж 1990-я.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"