Да вас прыедзе дзі-джэй

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Алена КАМОЦКАЯ, начальнік аддзела культуры Слуцкага райвыканкама:

 /i/content/pi/cult/162/1410/Da vas prijedze.jpg

— Сёння на Случчыне пражывае 96,5 тысячы чалавек, з іх 23 тысячы — моладзь, у тым ліку 7,2 тысячы юнакоў і дзяўчат жывуць і працуюць на сяле.

Арганізацыі вольнага часу гэтай катэгорыі насельніцтва спрыяе рэалізацыя абласных і раённых праграм “Моладзь Случчыны” і “Дыскатэка”. Ход іх рэалізацыі пастаянна адсочваецца на пасяджэннях раённага і сельскіх выканаўчых камітэтаў, савета аддзела культуры, абмяркоўваецца на раённых семінарах.

Сферу раённай культуры прадстаўляюць Гарадскі дом культуры і Маладзёжны цэнтр, Палац моладзі, 31 клубная ўстанова на сяле, 44 бібліятэкі, 8 школ мастацтваў, дзіцячая мастацкая школа, краязнаўчы музей з філіяламі, Цэнтр мастацкай творчасці навучэнцаў, гарадскі парк культуры і адпачынку.

Арганізацыя вольнага часу моладзі — адна з галоўных задач названых устаноў культуры.

Натуральна, найбольш запатрабаванай формай музычна-забаўляльнага адпачынку юнакоў і дзяўчат з’яўляецца дыскатэка. Таму пытанні, звязаныя з арганізацыяй і правядзеннем танцавальных вечароў, былі і застаюцца ў цэнтры ўвагі аддзела культуры райвыканкама, раённай метадычнай службы і падведамасных клубных устаноў.

У рамках абласной праграмы “Дыскатэка” на 2006 — 2008 гг. у раёне распрацаваны арганізацыйна-творчыя мерапрыемствы, якія садзейнічаюць удасканаленню дыскатэчнага руху. Важны аспект справы — умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы раённых устаноў культуры. Ужо сёлета на гэта затрачана 475,5 мільёна рублёў (бягучыя рамонты памяшканняў, набыццё абсталявання, гукавой і асвятляльнай апаратуры, музычных цэнтраў, мікрафонаў і г. д.). За 2006 — 2007 гады адрамантавана 20 дыскатэчных памяшканняў сельскіх клубаў, у тым ліку ў аграгарадках “Бокшыцы”, “Гацукі”, “Казловічы”, “Вясея,” “Лучнікі”. На сёння ў раёне дзейнічаюць 44 клубныя ўстановы, дыскатэчныя залы 30-ці з іх абсталяваны неабходнымі тэхнічнымі сродкамі, 8 адпавядаюць самым сучасным патрабаванням. З 2004 года на базе раённага Цэнтра народнай творчасці працуе дыскатэчны клуб “Дзіджэй”, пасяджэнні якога ладзяцца раз на месяц. Удзельнікі клуба знаёмяцца з новай святло- і гуказапісваючай апаратурай, з творчасцю сучасных гуртоў і выканаўцаў, авалодваюць навыкамі выкарыстання апошніх музычных навінак пад час дыскатэк, распрацоўваюць тэматычныя сцэнарыі танцавальных вечароў. З удзелам вядучых дзі-джэяў арганізоўваюцца выязныя дыскатэкі і ў сельскіх клубных установах. Вынікам заняткаў у раённым дыска-клубе з’яўляецца штогадовы конкурс на лепшую дыскатэчную праграму.

Патрабаванні моладзі да правядзення дыскатэк з года ў год узрастаюць, што пацвярджаюць анкетаванні. Імкнёмся адпавядаць гэтым запытам.

Поруч з вядучымі гарадскімі клубнымі ўстановамі сапраўднымі цэнтрамі маладзёжнага адпачынку сталі Казловіцкі, Вясейскі, Мялешкаўскі, Бокшыцкі, Лучнікоўскі, Гацукоўскі, Квасыніцкі сельскія дамы культуры.

Штогод у клубных установах раёна праводзіцца каля 5 тысяч мерапрыемстваў, больш за 2 тысячы з іх — на платнай аснове. Летась па Случчыне рэалізавана паслуг на 583,7 мільёна рублёў, у тым ліку ад правядзення дыскатэк — 246,3 мільёна рублёў. На 1 мая гэтага года насельніцтву аказана паслуг на 220,2 мільёна рублёў. Тэмпы росту — 116,5 працэнта. У агульным аб’ёме платных паслуг 43,4 працэнта складае даход ад дыскатэчнага абслугоўвання. Атрыманыя спецсродкі даюць нам магчымасць умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў і матэрыяльна стымуляваць клубных работнікаў.

Пытанні арганізацыі маладзёжнага адпачынку вырашаем не ў адзіночку. Усяляк супрацоўнічаем з аддзеламі па справах моладзі, адукацыі Слуцкага райвыканкама, раённым камітэтам грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і іншымі зацікаўленымі арганізацыямі. Новай формай сумеснай работы стаў шматпрофільны Маладзёжны перасоўны цэнтр з цікавай праграмай выхаднога дня, якая прадугледжвае сустрэчы са спецыялістамі па працы і сацыяльнай ахове, юрыстамі і медыкамі, арганізацыю канцэртаў, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў і, канешне ж, маладзёжных тэматычных дыскатэк. Шматпрофільны Маладзёжны перасоўны цэнтр пабываў ужо ў вёсках Леніна і Грэск, а 16 мая ягоную культурна-спартыўную праграму ўбачылі жыхары аграгарадка “Вежы”.

Узбагачае культурнае жыццё Случчыны і правядзенне традыцыйных маладзёжных раённых святаў і конкурсаў “Міс Слуцк”, “Галасісты жаўранак”, “Юныя таленты Случчыны”, “Запалі сваю зорку”, прафілактычных акцый “Моладзь супраць наркотыкаў”, “Кінь курыць”.