Паўтараметровы сімвал

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

“Лювуа, што гэта за дзіўныя хустачкі, якія павязаны на шыях коннікаў? Яны мне падабаюцца, паклапаціся, каб заўтра ў мяне быў тузін такіх самых!” ...

/i/content/pi/cult/109/141/st20_1.jpg“Лювуа, што гэта за дзіўныя хустачкі, якія павязаны на шыях коннікаў? Яны мне падабаюцца, паклапаціся, каб заўтра ў мяне быў тузін такіх самых!” — сказаў кароль-моднік Людовік XIV маркізу дэ Лювуа, будучаму міністру абароны Францыі, гледзячы на харвацкіх коннікаў, што дэфіліравалі перад яго палацам на парадзе і на шыях якіх былі павязаны каляровыя хусткі, іх нацыянальныя аксесуары. З гэтых слоў, сказаных у 1663 годзе, пачынаецца легенда пра нараджэнне гальштука ў Еўропе.

Гістарычна ж шлях гальштука пачынаецца з рымскіх легіянераў, пра што сведчыць скульптура Рыма I ст. н.э., а таксама са знойдзеных трыццаць гадоў таму гліняных выяў 220 года да н.э. кітайскіх воінаў з хустачкамі на шыі. З тых часін хустачка мянялася формаю, якасцю, выходзіла з мужчынскага туалета і рабілася дамскім аксесуарам як жабо... Але той гальштук, які мы, мужчыны і жанчыны, носім сёння, — запатэнтаваная ў 1924 г. мадэль амерыканца Дж.Лангсдорфа, яна і з’яўляецца класікай аксесуара дзелавога касцюма.

Доўгі час гальштук быў сімвалам улады, прыналежнасці да высокіх колаў і... прадметам разваг знаных людзей. Так, прыкладам, сексалагічныя высновы Фрэйда наконт яго ставяць мужчын у няёмкае становішча да сёння. А цяпер і ўвогуле ўкаранілася меркаванне, што гальштук — не толькі сімвал уладарства, а і сімвал падначалення, бо з’яўляецца неабходным аксесуарам дробных служачых. Гэтая акалічнасць, а таксама нязручнасць гэтага аксесуара прывялі да таго, што цяпер афіцыйна з’явіцца на публіцы без гальштука ды пры касцюме лічыцца не моветонам, а дэмакратычным падыходам. Хаця ў дзелавой сферы гэты жэст недапушчальны!

Прынамсі, ставіцца катэгарычна да гальштука — недальнабачна. Ён па-ранейшаму застаецца ў мужчынскай і жаночай модзе, пра што сведчаць дэфіле сусветных брэндаў, якія ўжо прадставілі модныя вясеннія напрамкі-2007. Мінулы год таксама быў адзначаны ўвагай да гальштука: стрыманых колераў павязвалі мужчынам, і буйных, рознакаляровых — жанчынам, у якіх ён выконваў ролю яркага акцэнта на манатонным, “сухім” фоне. А тусоўнай моладзі і ўвогуле быў прапанаваны гальштук на голае цела пад незашпіленую кашулю.