Абанемент для вясейскай каралеўны

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

У аграгарадку “Вясея”, што непадалёк ад Слуцка, сур’ёзна заняліся дыскатэчным пытаннем восем гадоў таму. Сёння на тэматычныя дыскатэкі ў Вясейскі дом культуры збіраюцца не толькі мясцовыя жыхары, але і дзеці ды моладзь з трынаццаці бліжэйшых вёсак. Пра тое, як рабіліся першыя крокі на шляху да комплекснай падрыхтоўкі танцавальных вечароў, пра сённяшні дзень і дыскатэчныя перспектывы на вёсцы — гутарка з мастацкім кіраўніком ДК Алай БЕРАЗОЎСКАЙ.

— Ала Уладзіміраўна, раскажыце аб тым, як развязвалася ў Вясейскім ДК “дыскатэчнае пытанне”.

— Я пастаянна назірала за моладдзю, што прыходзіла да нас на танцы. Некалькі гадзін запар рухацца пад дынамічную музыку юнакам і дзяўчатам надакучвала, але яны не ведалі, чым сябе заняць. Пад час чарговых танцаў, калі зала пачала пусцець, я аб’явіла конкурс. Публіка адразу ажывілася, пацягнулася назад. Паступова гульні, жартаўлівыя хвілінкі ператварыліся ў танцавальную праграму, а потым прыйшла ідэя прысвячаць увесь вечар пэўнай тэме. На вачах павялічвалася колькасць ахвотных трапіць да нас у залу. Апошнія два гады мы кожную суботу ладзілі тэматычныя дыскатэкі. Прысвячалі іх дзяржаўным, народным святам ці проста аб’яўлялі вечар “У коле сяброў”.

— Наколькі адрозніваецца кошт білета на такія танцы ад звычайнай дыскатэкі?

— Калі пятнічная каштуе 1320 рублёў, дык на суботнюю выстаўляем цану ў дзве тысячы, бо купляем для яе правядзення сувеніры. Але наведвальнікі імкнуцца трапіць на апошнюю, і больш высокі кошт іх не палохае. Толькі дзякуючы танцаммы выконваем палову гадавога плана па платных паслугах.

— Падарункі атрымліваюць толькі тыя, хто ўдзельнічае ў конкурсах?

— Любы наведвальнік можа разлічваць на наш прэзент. Па-першае, заўсёды даведваюся, ці ёсць сярод танцораў імяніннікі тыдня. Віншуем іх на працягу ўсяго мерапрыемства: прысвячаем песні, уключаем любімыя кампазіцыі, праводзім тыя гульні, якія ім найбольш падабаюцца. Калі ж з’яўляюцца пары, што святкуюць чарговую гадавіну вяселля, дорым ім бясплатны абанемент на некалькі дыскатэк. Такія ж квіткі ці сувеніры могуць атрымаць першы, апошні ці кожны дзесяты наведвальнікі. Мы імкнёмся кожны раз мяняць правілы, каб захаваць інтрыгу. Шчаслівы ўладальнік прыза прыходзіць дадому, распавядае пра дыскатэку брату, сястры або сябрам, што заехалі ў госці з іншай вёскі, і ў наступны раз на танцполе з’яўляюцца новыя твары.

Па-другое, некаторым надаю спецыяльныя тытулы. Заўсёды ёсць актыўныя падлеткі, якія прымаюць удзел амаль у кожным конкурсе. Разам з тым ля сцяны туляцца тыя, хто хацеў бы паўдзельнічаць, але саромеецца — з-за няўпэўненасці ў сабе прастаіць збоку і ні разу не патанцуе! Я раюся з супрацоўнікамі, каго выбраць, а перад закрыццём выводжу іх у цэнтр, называю “Самым абаяльным”, “Самай сціплай”, “Каралеўнай балю”, “Містэрам вечара”.

— Пасля неспадзяванай увагі з вашага боку паводзіны юнакоў і дзяўчат мяняюцца?

— Яшчэ як! Моладзь пачынае пазбаўляцца комплексаў, разнявольваецца. Калі я назвала дзяўчыну самай-самай, дык на наступную дыскатэку яна прыходзіць менавіта як каралеўна. У юнакоў і дзяўчат павышаецца самаацэнка, яны набываюць упэўненасць у паводзінах, ужо не азіраюцца пад час танцаў на астатніх, не капіруюць іншых, а рухаюцца так, як хочацца ім.

— Вы распавядаеце зараз пра танцавальныя вечары для старэйшых школьнікаў і працоўнай моладзі. А ці запатрабаваны ў Вясеі дзіцячыя дыскатэкі?

— Для вучняў малодшых класаў існуе асобная гульнёвая праграма. Часам яе дапаўняюць нумары выхаванцаў гуртка вакальных спеваў ці драматычнага тэатра нашага СДК. Аднак імкнуся, каб усё разам не займала шмат часу, бо ўвага малых хутка рассейваецца. Калі дзеці пачынаюць разбягацца па калідорах, дзі-джэй адразу ўключае іх любімыя кампазіцыі і вяртае іх у залу.

— Для дзяцей падбіраеце асобны плей-ліст ці гучыць тое ж, што і на “дарослых” дыскатэках?

— Шчыра кажучы, гэта адно з самых цяжкіх пытанняў. Дзі-джэй сочыць за моднымі навінкамі, купляе дыскі, шукае музыку ў Інтэрнеце. Казаць пра асобны рэпертуар наўрад ці магчыма, бо не хапае дзіцячай музыкі. Ёсць песні з мультфільмаў, мастацкіх стужак, але сучаснае дзіця танчыць пад іх не зможа. Выручаюць “Дыскатэка “Аварыя” і “Руки вверх” з вясёлымі мелодыямі “для скокаў”. Аднак рытмічных кампазіцый з тэкстамі, якія пасуюць да дзіцячай псіхікі, вельмі мала. Акрамя песень з альбома Ксюшы Сітнік больш, бадай, нічога з ходу не назаву.

— На вашу думку, ці былі б запатрабаваны на вёсцы дыскатэкі з удзелам зорак беларускай эстрады?

— Ведаеце, не так даўно на Свяце апошняга званка ў вясейскай школе выступалі некалькі вядомых спевакоў — Жанет, Гюнеш, Уладзімір Ухцінскі. На тое шоу сабраліся малыя і дарослыя з усяго наваколля. Калі б падобная акцыя прайшла ў ДК, то на танцполе яблыку не было б дзе ўпасці. Апаратура ў нас добрая, плануем нават дым-машыну і люстраны шар набыць. Мяркую, зоркі не паскардзяцца. Цана на білет, вядома, падымецца, але, думаю, людзі прыйдуць. Вясковым людзям, і моладзі, і старэйшаму пакаленню патрэбна больш культурна адпачываць. Таму любую сталічную зорку чакаюць у нас аншлаг, бурныя апладысменты ды сапраўдная любоў самых добразычлівых слухачоў.

 

Гутарыла Настасся ПАНКРАТАВА