Пра бабруйскія сафіты, свята сена і пра “Бібліяноч”

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Амерыканка Ганна Мэры Мозес нідзе не вучылася, усё жыццё працавала фермерам. Маляваць пачала ў 76 гадоў. Яе інсітныя працы ўпрыгожвалі мясцовую аптэку. Потым іх набыў праезджы калекцыянер. Так бабуля Мозес, якая пражыла больш за сто гадоў, стала адным са знакамітых мастакоў сваёй краіны, пакінуўшы па сабе больш за 1600 работ. У сённяшняй падборцы рэдакцыйнай пошты гаворка пойдзе і пра тых нашых творцаў, якія нястомна ўпрыгожваюць свет.

/i/content/pi/cult/634/14089/11-1.jpgУ пятніцу Мінск апанавала “Бібліяноч” — акцыя ў падтрымку чытання. Нацыянальная бібліятэка Беларусі прэзентавала “Нефармальны ракурс”: прапанавала наведаць 16 тэматычных пляцовак на любы ўзрост і густ (музыка, жывапіс, танцы, назіранні за зоркавым небам…). Навуковая бібліятэка БНТУ абрала тэму коміксаў і фантастыкі. У ліку паслуг Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі — і лячэнне сапраўднымі п’яўкамі… Далучыліся да падзеі і сталічная Купалаўская бібліятэка, і Цэнтральная навуковая імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук краіны, кніжніцы ВНУ. Таксама ў праекце бібліятэкі Магілёва, Маладзечна і Баранавічаў.

Рэдактар Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зніч” Белдзяржфілармоніі Зміцер Ермаловіч-Дашчынскі нагадаў: “23 красавіка адзначае юбілей дырэктар і мастацкі кіраўнік нашай установы Галіна Дзягілева”. Менавіта Галіна Аляксееўна пасля таго, як выканала больш за паўсотні роляў у віцебскім Тэатры імя Якуба Коласа, заснавала “Зніч”. У сённяшнім рэпертуары апошняга — 19 монаспектакляў, заснаваных на сусветнай і беларускай літаратурнай класіцы. Галіну Дзягілеву вылучаюць высокая павага да Слова, шчырасць ды самаадданасць у служэнні тэатральнаму мастацтву.

У Гальшанскай дзіцячай школе мастацтваў, што на Ашмяншчыне, працавала велікодная выстава маляваных, злепленых, вышываных і выразаных твораў. Куратарам выставы стала настаўнік класа выяўленчага мастацтва Настасся Місюкевіч.

На другі дзень Вялікадня жыхары аграгарадка Старое Сяло, што на Веткаўшчыне, адзначылі ля мясцовага Дома культуры свята сена. Вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Людміла Мельнікава піша: “Сярод удзельнікаў мерапрыемства — і салісткі народнага фальклорнага гурта “Рэчанька”, без песень якіх гэта традыцыйнае мерапрыемства не абыходзіцца”.

У галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працуе выстава “30 гадоў Беларускаму фонду культуры”. Яна адлюстроўвае выдавецкую дзейнасць арганізацыі. У экспазіцыі — перыядычныя выданні фонду, мастацкая, краязнаўчая, біяграфічная літаратура.

Бібліятэка-філіял № 3 цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна — не проста цэнтр сямейнага чытання. Тут дзейнічае яшчэ і клуб “Гродзенская лялька”. Ён узнік пасля сустрэчы двух таленавітых людзей: загадчык бібліятэкі Іна Сотнікава скончыла курсы па вырабе аўтарскай лялькі, якія вяла майстрыха Галіна Жамчужнікава. Жанчыны пасябравалі. Той момант можна лічыць днём нараджэння “…Лялькі”. Цяпер у ім — 30 лялечніц. Іх вырабы ўпрыгожваюць установу. “Выставы ладзяцца і па-за яе сценамі, — піша галоўны бібліятэкар аддзела маркетынгу Гродзенская гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя Андрэя Макаёнка Алена Рубель. — Выязная экспазіцыя “Кнігі і лялькі”, да прыкладу, дзейнічала ў Шчучыне”.

У Ашмянскай раённай бібліятэцы аддзел абслугоўвання і інфармацыі правёў Дзень абітурыента “Кожнай прафесіі — слава і гонар”. Загадчык аддзела Святлана Галінская паведамляе, што ў мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні сярэдняй школы № 2. Асобная ўвага, натуральна, была звернута на прафесію бібліятэкара.

Галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай рабоце інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык распавядае, што ў Верцялішкаўскай сельскай бібліятэцы працавала выстава старажытных царкоўных кніг і сучаснай духоўнай літаратуры. Мерапрыемства прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Паведамляе метадыст Палаца мастацтваў Бабруйска Ірына Аўсяннікава. У горадзе ўпершыню прайшоў конкурс тэатральнага мастацтва “У святле сафітаў Бабруйск!” у рамках рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі-2017”, гарадской акцыі “Тэатральныя сустрэчы ў Бабруйску” і 630-годдзя горада. Гран-пры атрымаў тэатральны калектыў Дзіцячай школы мастацтваў № 1 імя Яўгена Цікоцкага.

Інфармацыя ад старшага навуковага супрацоўніка Бабруйскага ж краязнаўчага музея Іны Аўсейчык. Супрацоўнікі яго вырашылі аддзячыць чацвёртакласнікаў сярэдняй школы № 18 за частыя экскурсіі і прапанавалі ім квэст “Прысвячэнне ў юныя бабруйчане”. У музейных залах трэба было знайсці адказы на пытанні, звязаныя з гісторыяй і культурай Бабруйска. Выпрабаванні чакалі дзяцей і за музейнымі сценамі.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, як распавядае памочнік яго дырэктара Мікалай Шаўчэнка, наведала парламенцкая дэлегацыя Кітайскай Народнай Рэспублікі на чале са Старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам. Дэлегацыя высока ацаніла фотавыставу “Беларусь і Кітай. Вехі баявога братэрства”.

Настаўнік дзіцячай школы мастацтваў № 3 Барані Наталля Латышава піша пра адкрыты гарадскі агляд-конкурс “Веснавая вясёлка”: “У ім удзельнічалі скрыпачы і віяланчэлісты з Віцебска і трох аршанскіх ДШМ. Дыплом лаўрэата першай ступені атрымаў наш дзевяцігадовы Руслан Крывіцкі (настаўнік Ірына Зубоўская, канцэртмайстар Аксана Біндарава)”.

У Касцюковіцкім раённым цэнтры культуры прайшоў восьмы раённы агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці працоўных калектываў і прадпрыемстваў “Белы бусел”. Пра гэта напісала намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна Наталля Дробышава.

У сталічным спартыўна-забаўляльным комплексе “Falcon Club” мастачка Ніка Сандрас адкрыла першы ў Беларусі фестываль інклюзіўнага мастацтва “МЫЁСЦЬ”. На выставе прэзентавана 200 карцін мастакоў-самавукаў, дзяцей з хоспіса і насельнікаў псіханеўралагічнага дома-інтэрната № 3. Фестываль, які доўжыцца да 7 мая, прапаноўвае бясплатныя майстар-класы, арт-тэрапію.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"