“Шорт-ліст” засведчыў…

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Упершыню ў краіне праводзіцца конкурс “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва”, якая, хочацца верыць, па-сапраўднаму стане значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі і важным стымулам да далейшага развіцця выяўленчай культуры рэспублікі.

/i/content/pi/cult/634/14087/8-2.jpgНа гэты конкурс было прадстаўлена шмат твораў у розных відах і жанрах выяўленчага мастацтва ў дзясятцы намінацый, у тым ліку ў галінах мастацкай фатаграфіі, дызайну, мастацтвазнаўства і арт-крытыкі. Арганізатары конкурсу — Міністэрства культуры краіны, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі саюз мастакоў, Беларускі саюз дызайнераў, Мінскі гарвыканкам. Спецыялісты з усіх прадстаўленых адабралі некалькі дзясяткаў лепшых, на іх погляд, твораў намінантаў для паказу на выставе “Шорт-ліст” у НЦСМ (пляцоўкі на праспекце Незалежнасці і вуліцы Някрасава), па выніках якой і будуць вызначаны ўладальнікі прэмій.

Дык вось, канцэпцыя не вельмі вялікай па колькасці выставы намінантаў Нацыянальнай прэміі грунтуецца на тым, што развіццё нашага мастацтва за апошнія некалькі гадоў, беручы пад увагу змену плыняў, кірункаў, пераемнасць і навацыі, нараджэнне расткоў новай пластычнай формы пры звароце да мінулых здабыткаў, здольнае само па сабе стаць нейкім фрагментам вобразнай квінтэсэнцыі, візуальным творчым вырашэннем жыцця нашай краіны за час яе незалежнасці. І галоўнае: у экспазіцыі — творы, якія цалкам знаходзяцца ў рэчышчы тых пошукаў, якія паспяхова рэалізуюцца на старце новага тысячагоддзя і адкрываюць дарогу ў будучае.

Ці можна назваць выставу своеасаблівым “дакументам сучаснай гісторыі”? Мяркую, што так. Яе змястоўная насычанасць не ў тым, што ілюструюцца пэўныя гістарычныя падзеі (хаця і такія творы ёсць), а ў тым, што творцы — самі суб’екты руху часу, яны жывуць і індывідуальна спасцігаюць навакольны свет, па-мастакоўску асэнсоўваюць рэчаіснасць, нацыянальную міфалогію, народнае каранёвае быццё, спрабуюць вызначыць, устанавіць гармонію, паказаць гледачу, чым жыў і жыве чалавек, што яго хвалюе ў гэтым свеце.

А яшчэ адной мэтай выставы было наступнае: праз работы прадставіць мастакоў сталых і іх пераемнікаў — маладых адораных выхаванцаў і нядаўніх выпускнікоў БДАМ (у намінацыі “Творчы дэбют” і не толькі). Хаця, з майго пункту гледжання, некаторыя з апошніх па прафесіяналізме і ўнёску ў нацыянальную скарбніцу найноўшага мастацтва мала ў чым саступаюць “аксакалам”, бо, мяркуючы па іх пошуках, маюць вялікі патэнцыял. Урэшце, выстава  — гэта адначасова напамін і творчая эстафета, якую прызнаныя майстры перадаюць таму пакаленню, што будзе адказваць за лёс мастацтва дня заўтрашняга.

І добра, што ўсе намінанты  — і “бацькі” і “дзеці” — такія розныя: неспакойныя, у пастаянным пошуку, упэўненыя ў слушнасці сваіх ідэй, у чымсьці супярэчлівыя, у чымсьці, можа, экстравагантныя, але, што самае важнае, — мэтанакіраваныя ў сваіх духоўных і пластычных знаходках. І таму гэтая зводная выстава, дзе навідавоку рознагалоссе стыляў, манер, почыркаў, формаў выражэння, дзе суседнічаюць, здаецца, неспалучальныя жанры і віды мастацтва, тым не менш з’яўляецца цудоўным зрэзам апошняга трохгадовага нашага мастакоўскага жыцця, дзе можна перагледзець усё тое добрае, што было ў нас у выяўленчай і мастацтвазнаўчай прасторы (таксама прадстаўлены і мастацтвазнаўчыя працы арт-крытыкаў), і па якім шляху трэба крочыць далей.

І хочацца арыентавацца на будучае, на перспектыву. Варта спадзявацца, яна, гэтая перспектыва, — менавіта ў высокім мастацтве, якое не сорамна паказаць у любой краіне свету. Таму што ў нас шмат таленавітых творцаў еўрапейскага маштабу, вартых самай шырокай запатрабаванасці. Так, сённяшняя выстава стала не толькі дэманстрацыяй сталасці мастакоў, але і пэўным вынікам складаных, размаітых і арыгінальных, вобразна-пластычных пошукаў. Пошукаў, не запазычаных з сусветнай “рэпрадукцыйна-альбомнай” спадчыны, як гэта часта адбываецца на нашых творчых “кухнях”, а асабіста выпакутаваных і перажытых на складаных шляхах Яго Вялікасці Мастацтва.

Дадзены нарыс — не крытычны матэрыял пра экспазіцыю, бо не хачу, каб ён нейкім чынам уплываў на членаў журы пры падвядзенні вынікаў конкурсу. Гэты нават не рэцэнзія на выставу, а проста інфармацыя, прысвечаная таму, што выяўленчае мастацтва наша па-ранейшаму нармальна жыве і развіваецца, што за апошнія гады ў нас з’яўляецца і штосьці новае, арыгінальнае, якое праяўляецца ў своеасаблівым поглядзе мастакоў на нейкія з’явы сённяшняга жыцця. Па-ранейшаму мастакоў цікавяць і гістарычныя рэмінісцэнцыі на самабытнае даўняе і нядаўняе мінулае краіны, і ёсць спробы сталых і маладых аўтараў знайсці свежыя (што вельмі нялёгка ў наш ультраглабальны век) вобразна-кампазіцыйныя структуры і ў станковым і манументальным жывапісах, і ў графіцы, і ў скульптуры, і ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, і ў дызайне, і ў фатаграфіі.

Словам, членам журы будзе над чым паламаць галаву, бо, на мой погляд, годных супернікаў на атрыманне ўзнагароды тут шмат…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"