Падзейны фон

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Цягам мінулых дзён як у розных краінах свету, так і ў Беларусі адбыўся шэраг мерапрыемстваў у галіне культуры з міжнародным розгаласам.

Як паведамілі “К” у пасольстве Беларусі ў Францыі, 6 красавіка ў парыжскай тэатральнай зале “Расіні” пры арганізацыйнай падтрымцы Пасольства Беларусі ў Францыі прайшоў спектакль па п’есе беларускага драматурга Сяргея Гіргеля “13-ы гузік Напалеона” ў пастаноўцы мінскага тэатральнага праекта “ТрыТфармаТ”.

Спектакль сабраў аншлаг (амаль 350 гледачоў) і быў цёпла сустрэты парыжскай публікай. На спектаклі прысутнічалі кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычных місій замежных краін, Міністэрства замежных спраў Францыі, французскіх дзелавых і грамадскіх колаў, беларускай дыяспары.

Тэатральны праект ”ТрыТфармаТ“ створаны акцёрамі Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі ”Беларусьфільм“ Верай Паляковай і Алесяй Пухавой, а таксама рэжысёрам Таццянай Траяновіч. Дарэчы, менавіта спектаклем Тэатра-студыі кінаакцёра “Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў” у сакавіку мінулага года ў сталіцы Францыі распачаліся I Беларускія тэатральныя сезоны.

Акрамя таго, як адзначылі ў Пасольстве Беларусі ў Францыі, 7 красавіка ў Астане адкрылася Міжнародная выстава сучаснага мастацтва “Ад Лісабона праз Мінск, Маскву, Астану да Уладзівастока”. Выстава праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі Казахстана, а яе адкрыццё адбылося пры падтрымцы пасольства Беларусі ў гэтай краіне. Праект рэалізаваны сумесна з Міністэрствам замежных спраў Беларусі, Мінгарвыканкамам па ініцыятыве Пасольства Беларусі ў Францыі. Пачэсны патранат над экспазіцыяй прыняла генеральны дырэктар UNESCO Ірына Бокава.

Як адзначыў у прывітальным лісце пасол Беларусі ў Францыі, Іспаніі, Партугаліі і Манака (па сумяшчальніцтве) Павел Латушка, гэты ўнікальны арт-праект працягвае свой запланаваны рух: пасля старту ў Мінску, паспяховай прэзентацыі ў Маскве дзверы для мастакоў з 27 краін сёння адчыніла гасцінная Астана. Нагадаем, што ў экспазіцыі прадстаўлены работы як прызнаных мэтраў сучаснага мастацтва (скажам, Зураба Цэрэтэлі з Расіі, Віктара Альшэўскага з Беларусі), так і маладых мастакоў.

10 красавіка адбылася прэзентацыя і цырымонія дарэння шматтомнага факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны” Латвійскай нацыянальнай бібліятэцы і Нацыянальнай бібліятэцы Эстоніі. Унікальнае ўзнаўленне кніжнай спадчыны перадаў у дар сваім калегам намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.

У Латвіі цырымонія дарэння кніг адбылася ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Латвійскай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь. Развіццё двухбаковага супрацоўніцтва знайшло адлюстраванне ў фотавыставах, падрыхтаваных Беларускім тэлеграфным агенцтвам. Адна з іх была прысвечана гісторыі дыпламатычных адносін паміж краінамі, другая — “Беларусь сёння” — пазнаёміла гасцей з грамадскім і культурным жыццём сучаснай Беларусі. Падчас мерапрыемства быў прадэманстраваны арыгінал Статута Вялікага Княства Літоўскага. Выданне 1588 года на старабеларускай мове захоўваецца ў фондах Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі.

А 12 красавіка ў галерэі “Атрыум” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася фотадакументальная выстава “Беларуска-італьянскія культурныя сувязі ў гісторыі і сучаснасці”. Гэты выставачны праект арганізаваны Пасольствам Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь сумесна з галоўнай “кніжніцай” краіны і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.

На выставе прадстаўлены матэрыялы з архіваў Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі, Міністэрства замежных спраў Беларусі, БелТА, нашага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Сярод экспанатаў — вербальныя ноты, службовыя лісты і тэлеграмы, пратакольныя фотаздымкі, асабістыя дакументы беларускіх оперных спевакоў Міхаіла Забэйды-Суміцкага, Пятра Конюха, Віктара Скарабагатава, пераклады вершаў, зробленыя Максімам Танкам, Міхасём Стральцовым, Язэпам Семяжонам, праграмы навуковых канферэнцый і іншыя матэрыялы. Акрамя таго, Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіла кніжную экспазіцыю, у якой можна ўбачыць выданні пра першадрукара Францыска Скарыну, каралеву Рэчы Паспалітай і вялікую княгіню літоўскую Бону Сфорца, унікальную кнігу “Песня пра постаць, дзікі нораў зубра і паляванне на яго” Міколы Гусоўскага. Музычную частку вернісажу прадставіў ансамбль “Bon Voyage” пад кіраўніцтвам Вольгі Перагуд.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"