Клопат, які не адпускае...

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Як ужо “К” паведамляла, 16 мая ў Дзяржынску і на Случчыне прайшоў Рэспубліканскі семінар-практыкум “Сучасны стан і перспектывы развіцця дыскатэк на Міншчыне”. Мерапрыемства ладзілася на высокім дзяржаўным узроўні. У ім бралі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, галоўны саветнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сяргей Бервін, першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Шчэцька, старшыня Мінскага гаркама прафсаюзаў работнікаў культуры Георгій Молчан, начальнікі і намеснікі начальнікаў упраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, начальнікі аддзелаў культуры рай-, гарвыканкамаў і кіраўнікі метадычных службаў краіны, супрацоўнікі апарата Міністэрства культуры. Усяго ў семінары бралі ўдзел каля 200 спецыялістаў.

У Дзяржынскім ГДК удзельнікам семінара-практыкума былі прадэманстраваны выстаўка метадычнага і тэхнічнага забеспячэння дыскатэк, падлеткавая тэматычная танцавальная праграма, канцэрт мясцовых самадзейных калектываў. У час пасяджэння выступілі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, начальнік упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч, намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандр Чаган. Гаворка ішла пра выкананне абласной праграмы “Дыскатэка” на 2006 — 2008 гады, неабходнасць абагульнення і распаўсюджвання досведу Міншчыны па ўдасканаленні маладзёжнага адпачынку... Па раёне ўдзельнікаў семінара-практыкума суправаджаў старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч, які акрэсліў стратэгію сацыяльна-культурнага і турыстычнага развіцця свайго рэгіёна.

Не менш гасцінна і цёпла сустрэў удзельнікаў семінара і старшыня Слуцкага райвыканкама Аляксандр Драко, які цудоўна арыентуецца і ў гаспадарчых, і ў сацыякультурных пытаннях. Экскурсія, якую ён правёў па Слуцку, надоўга запомніцца ўдзельнікам семінара.

Сучасныя формы арганізацыі і правядзення дыскатэк былі прадэманстраваны ў аграгарадках “Вежы” і “Вясея” Слуцкага раёна. У Слуцкім гарадскім маладзёжным цэнтры ўдзельнікі семінара прысутнічалі на зборнай тэматычнай дыскатэцы, абмеркавалі праблемы дыскатэчнага развіцця і яго перспектыў ва ўмовах дзяржаўных клубных устаноў.

* * *

Большасць публікацый сённяшняга нумара “К” прысвечана менавіта развіццю і ўдасканаленню маладзёжнага танцавальнага адпачынку, яго духоўнаму, асветніцкаму і маральна-эстэтычнаму зместу. Мы пастараліся адысці ад апісальніцтва, не абмежаваліся толькі тым, што ўбачылі і пачулі ў Дзяржынскім і Слуцкім раёнах, а паспрабавалі прааналізаваць тыя праблемы, якія замінаюць якаснай арганізацыі вольнага часу моладзі. У нумары змешчаны аналітычныя артыкулы навукоўцаў, праваахоўнікаў, урачоў, супрацоўнікаў МНС, а таксама зорак шоу-бізнесу, арганізатараў і ўдзельнікаў танцавальных праграм, меркаванні, высновы і канкрэтныя парады якіх не могуць не зацікавіць работнікаў культуры,што займаюцца правядзеннем дыскатэчных мерапрыемстваў. Цалкам верагодна, што многае падасца спрэчным. Таму заклікаем нашых чытачоў да актыўнага абмеркавання ўзнятых праблем арганізацыі маладзёжнага адпачынку.

 

На здымку: хлеб-соль міністру культуры Уладзіміру Матвейчуку і першаму намесніку старшыні Мінскага аблвыканкама Віктару Шчэцьку — ад гасціннай Дзяржыншчыны.