Фармат свята спадчыны

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

18 красавіка — Міжнародны дзень аховы помнікаў і памятных мясцін
Фармат святкавання Міжнароднага дня аховы помнікаў і памятных мясцін, які адзначаецца 18 красавіка, у нашай краіне ўжо выкрышталізаваны. Па-першае, ён прадугледжвае правядзенне суботнікаў на тых аб’ектах, якія найбольш патрабуюць грамадскай увагі (у ліку такіх мерапрыемстваў будзе і традыцыйная талака на сядзібе Рэйтанаў у Грушаўцы, удзел у якой 22 красавіка возьмуць і журналісты “К”). А па-другое — цэлы шэраг круглых сталоў і прэс-канферэнцый, што дазваляюць тэтаізаваць тыя праблемныя аспекты аховы спадчыны, якія звычайна застаюцца па-за ўвагай шырокага кола зацікаўленых.

У прыватнасці, у Нацыянальным прэс-цэнтры са сваімі новымі дасягненнямі ў справе аховы спадчыны знаёмілі прэсу беларускія навукоўцы. Тэматычны дыяпазон быў шырокім: археалогія, гісторыя архітэктуры, этнаграфія… У прыватнасці, журналісты даведаліся пра праект рэканструкцыі гарадзішча ў Копысі, рэалізацыя якога ўжо пачалася пасля правядзення раскопак. Нешта падобнае рабілася ў нас ужо неаднаразова, але раней справа абмяжоўвалася, па сутнасці, муляжамі, што не маюць гістарычнай даставернасці, а гэтым разам рэканструкцыя мае грунтоўную навуковую аснову.

А загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Барыс Лазука звярнуў увагу на вельмі важную ў пару “вышыванкавага бума” тэму: важнасць правільнай і тактоўнай інтэрпрэтацыі тых праяваў народнай культуры, што трапляюць у сучасны побыт — часам са значным скажэннем адпачатковага зместу. Яшчэ адно важнае пытанне, закранутае спецыялістам — рэстаўрацыя музейных прадметаў (прычым часам вельмі каштоўных), якія знаходзяцца ў фондах невялічкіх рэгіянальных музейчыкаў. Зрэшты, панацэя тут даўно відавочная — стварэнне адзінага на краіну буйнога рэстаўрацыйнага цэнтра, пра які даўно марыць гендырэктар Нацыянальнага мастацкага Уладзімір Пракапцоў.

А непасрэдна ў дзень свята, 18 красавіка, у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пройдзе круглы стол “Культурная спадчына і ўстойлівы турызм”, стол арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Інстытутам культуры Беларусі і Мінгарвыканкамам. Запрошаныя эксперты, прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый паспрабуюць даць адказ на злабадзённае пытанне: як максімальна эфектыўна выкарыстаць у турызме культурную спадчыну, зменшыўшы да мінімуму негатыўныя наступствы турыстызацыі?