Шагал і іншыя

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Другая Трыенале сучаснага мастацтва пройдзе сёлета ў Беларусі па шагалаўскіх матывах. 18 красавіка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў запускаюць маштабны праект “Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала”.

У праекце — тры выставы. 18 красавіка ў Палацы мастацтва адкрыецца экспазіцыя, сабраная з работ жывапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, твораў вядомых і маладых мастакоў, студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, удзельнікаў шагалаўскіх пленэраў у Віцебску, што адбыліся ў 1994, 1997 і 2016 гадах.

19 красавіка ў прасторах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў у рамках праекта “Шорт-ліст” будуць прадстаўлены 63 работы, якія адабрала камісія з заявак, што паступілі на суісканне Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва. Аўтары твораў будуць прэтэндаваць на званне яе лаўрэата па 10 намінацыях: жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, арт-дызайн, фатаграфія, малады мастак, навацыя, крытыка і мастацтвазнаўства. Конкурс ініцыяваны Міністэрствам культуры краіны і праводзіцца ўпершыню. Цырымонія ўзнагароджвання — 18 мая ў Палацы мастацтваў.

27 красавіка ў рамках штогадовага праекта “Мастак і горад” адкрыецца вулічная выстава “Залатая калекцыя”. Лепшыя творы жывапісу і графікі старэйшых майстроў і прадстаўнікоў сярэдняга пакалення мастакоў з калекцыі НЦСМ у выглядзе рэпрадукцый будуць прадстаўлены гараджанам традыцыйна на плошчы Якуба Коласа. Генеральным партнёрам праекта ўжо на працягу шматлікіх гадоў выступае банк “ВТБ”. Арганізатары выставы “Мастак і горад” — Міністэрства культуры, Мінскі гарвыканкам, НЦСМ.