“Сляды...” — у лідарах

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Як паведаміла Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, у Беларусі ў асноўным завяршыўся пракат новай работы Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” — вострасюжэтнай гістарычнай кінастужкі “Сляды на вадзе”, створанай да 100-годдзя беларускай міліцыі.

Стартаваўшы 23 лютага 2017 года, карціна з поспехам прайшла ў айчынным пракаце. Па дадзеных дзяржаўных кінапракатных арганізацый, з 22 лютага па 31 сакавіка 2017 года “Сляды на вадзе” паглядзелі 81 773 гледачы, што з’яўляецца абсалютным рэкордам сярод беларускіх фільмаў апошняга дзесяцігоддзя.

Па ўзроўні цікавасці гледачоў “міліцэйская сага” ўпэўнена вытрымлівае параўнанне з самымі паспяховымі замежнымі фільмамі, якія дэманстраваліся ў дзяржаўным пракаце ў студзені — сакавіку 2017-га, да прыкладу: “Вікінг” (Расія) — 76 383 гледачы, “Ла-ла-лэнд” (ЗША) — 78 985 гледачоў, “Ёлкі-5” (Расія) — 85 590 гледачоў.

У цяперашні час на “Беларусьфільме” ідзе праца над двума сумеснымі кінапраектамі беларускіх і расійскіх майстроў кіно — вострасюжэтным баявіком пра барацьбу з міжнародным тэрарызмам “Чорны пёс” (рэжысёр Аляксандр Франскевіч-Лае) і сямейнай камедыяй “Жыццё пасля жыцця” (рэжысёр Дзмітрый Астрахан), фільмам для дзіцячага і сямейнага прагляду “Прынцэса і тыгр” (рэжысёр Ігар Чацверыкоў) пра прыгоды школьнікаў, якія разгадваюць таямніцы Нясвіжскага замка, і альманахам дэбютных работ “новай хвалі” маладых рэжысёраў пад амбіцыйнай назвай “Мы!” Для тэлегледачоў здымаецца працяг “раддомаўскай” гісторыі “Ой, мамачкі-2” (рэжысёр Іван Паўлаў) і серыял пра мантажнікаў-высотнікаў “Трымайся за аблокі” (рэжысёр Раман Гапанюк).

Паводле паведамлення Міністэрства культуры краіны

Як лічацца паказчыкі праката, спецыялісты апавядуць "К" неўзабаве.