На прыгожую літару “А”

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Маю навіну для тых, хто ў роспачы ад усведамлення, што сеціва пахавала папяровую кнігу, а з ёй і цэлы пласт цывілізацыі. Наша кніга жыве!

/i/content/pi/cult/633/14074/4-3.jpgЧарговым сведчаннем стаў той факт, што першы наклад кнігі Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава “Айчына” (апошні ўганараваны за цыкл ілюстрацый да яе на 56-м Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі”) распрададзены яшчэ да таго, як адбылася афіцыйная прэзентацыя ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у зале, дзе разгорнута экспазіцыя, прысвечаная роду Радзівілаў. Лепшай аздобы для імпрэзы з нагоды кнігі, што ахоплівае нашу гісторыю “ад Рагнеды да Касцюшкі”, і прыдумаць цяжка. Гэта кніга, як і іншыя літаратурныя творы Арлова і мастацкія Татарнікава, якраз і распавядае пра ролю палітычнай і культурнай эліт у станаўленні беларускай нацыі, пераканаўча даводзячы шляхетнасць беларускай гісторыі.

Спадар Уладзімір лічыць мастака сааўтарам. Скажам, зрабіўшы галерэю Радзівілаў шырэйшай, чым яна была ў Арлова, мастак падказаў пісьменніку думку падзяліць тэму гісторыі роду на дзве падтэмы — “Радзівілы — ваяры і палітыкі” ды “Радзівілы — творцы і мецэнаты”.

І назва кнігі ўзнікла праз згоду абодвух аўтараў. З трох варыянтаў — “Айчына”, “Радзіма”, “Бацькаўшчына” — быў абраны першы, бо мастаку хацелася, каб назва пачыналася на “прыгожую” літару (у мастакоў, што аздабляюць кнігі, сваё ўяўленне пра эстэтыку). Слова ж “Айчына” не толькі пачынаецца на “прыгожую” літару “А”, але ёй жа і заканчваецца. Гэта дало магчымасць закальцаваць кампазіцыю. Пісьменнік жа абраў слова за яго меладычнасць.

Праца доўжылася сем гадоў. Павел паспеў пабудаваць дом, пасадзіць некалькі дзясяткаў дрэў, у сям’і нарадзілася дзіця. Мастак сказаў, што ў вялікай працы часам надыходзіць момант эмацыйнага выгарання, з’яўляецца адчуванне, што зробленае “не чапляе” нават аўтара, а значыць — і гледачам наўрад ці падасца цікавым. У кожнага творцы свой сцэнарый выхаду з крызісу. Спадар Павел у такія моманты згадваў дзяцінства, час, калі яму было 12—13 гадоў, і ён з захапленнем маляваў рыцараў і бітвы. Ён спрабаваў глядзець на свае малюнкі вачыма дванаццацігадовага хлопчыка. І калі Паўлу-падлетку работы Паўла-дарослага прыходзіліся даспадобы, значыць, праца ішла слушна.

Кніга пайшла ў народ, і па каналах зваротнай сувязі аўтары атрымалі заўвагі і пажаданні. Так, прыгожая палова нацыі хацела б, каб у другой частцы кнігі больш увагі надалі жанчынам і іх ролі ў гісторыі. Больш грунтоўна распавесці пра свой унёсак у пабудову агульнага дома  папрасілі прадстаўнікі супольнасцей татараў і яўрэяў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"