Спыніцеся — і не пашкадуеце!

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Гэтыя словы своеасаблівага закліку я адрасую кожнаму, хто неабыякавы да гісторыі і культуры Бацькаўшчыны. І тое не проста прыгожая рыторыка, скіраваная толькі на чалавека, які воляй лёсу ці абставін праязджае праз пэўны раённы цэнтр, мястэчка, вёсачку. Мой зварот і да тых, хто ў іх жыве.

Не буду арыгінальнай, калі скажу, што бадай кожны куточак нашай зямлі, асабліва ў сельскай мясцовасці, ёсць чым акультурыць, бо, мусіць, у кожнай хаце захаваліся рэчы або архівы ад продкаў, цікавосткі розных эпох, якія і складаюць нашу нацыянальную агульную гісторыка-культурную матэрыяльную спадчыну.

Я пераканалася ў тым, што існуюць неабыякавыя людзі, якія ў сілу сваёй патрыятычнай пазіцыі і стаўлення да старажытных каранёў нашага беларускага краю, бескарысліва акультурваюць свой “лапік” зямлі. І зусім не ў сэнсе “прыватны”, а менавіта Агульны, які належыць мясцовым жыхарам, а такім чынам — і тым, хто прыязджае сюды або праязджае праз паселішча.

Неяк давялося дабірацца да Валожына. На шляху зазірнула ў Ракаў. Што ж мяне там уразіла? Вядома, я чула пра гарадок, яго духоўнае начынне, штосьці паглядзела ў інтэрнэце. Але Ракаў — адна з самых цікавых беларускіх вёсачак. Сюды прыязджаюць людзі не толькі з розных куткоў рэспублікі, але і з розных краін свету. Шматлікія госці гэтага маленькага паселішча заязджаюць паглядзець тамтэйшую скарбніцу — музей-галерэю братоў Янушкевічаў. (Цікава, што яе сапраўдная назва — Галерэя Акадэміі выяўленчага мастацтва — сярод гасцей і мясцовых жыхароў не прыжылася.)

Ідэя стварэння музея з’явілася ў Фелікса Янушкевіча пасля таго, як ён пабываў у Тэатры-музеі Сальвадора Далі ў іспанскім Фігейрасе. Тады ж спадар Фелікс перабраўся са сталіцы на радзіму продкаў.

А між тым, усё пачыналася выпадкова. У той час Фелікс Янушкевіч, мастак, пачынаў пісаць дысертацыю па ракаўска-івянецкай кераміцы, і яму ўдалося назбіраць неверагодную яе колькасць, а далей — больш і больш. Вось так і пачаў збіраць ён ужо розныя рэчы, якія знаходзіў падчас археалагічных раскопак і нават на сметніках. Таксама розныя рэчы да яго прыносілі суседзі і знаёмыя. Так і пачаў Фелікс Янушкевіч калекцыянаваць кнігі, фотаздымкі, мэблю і шмат іншых рэчаў. А калі мясцовыя жыхары празналіся, што Янушкевіч для свайго музея будзе набываць розныя рэчы “з гісторыяй”, то панеслі да яго яшчэ больш. Вось так і атрымалася галерэя гісторыі Ракаўскай зямлі з тысячамі ўнікальных экспанатаў народнага побыту і творчасці. На сёння гэта адна з буйных калекцый керамічных вырабаў у Еўропе, якая налічвае каля 1700 прадметаў, а агульны лік экспанатаў у галерэі налічвае 12000.

Сваіх гасцей заўсёды сустракае сам Фелікс Янушкевіч і доўга можа расказваць пра свае ўнікальныя рэчы. І ў кожным маленькім ці вялікім прадмеце свая гісторыя і сваё доўгае жыццё. Экскурсію па музеі дапаўняе жывая класічная музыка, якая дапамагае занурыцца ў мінулае. І вось тут на паліцах знаходзіцца ўся шматвяковая гісторыя нашай краіны: кнігі, фотаздымкі, карціны, мэбля, фрагменты слуцкіх паясоў, якія ткалі раней таксама і ў Ракаве ды іншыя шматлікія рэчы.

Фамілія Янушкевічаў у Ракаве вельмі знакамітая таму, што прапрадзед — Еўстах Янушкевіч — быў асабістым сакратаром Адама Міцкевіча. Урэшце, яго спадкаемцы працягваюць традыцыі асветніцтва.

…Такім чынам у гэтай маленькай вёсачцы ажывае гісторыя. І сапраўды, варта ганарыцца тым, што на нашай зямлі ёсць людзі, якія захоўваюць гісторыю і асобнага мястэчка і сваёй Радзімы.

Яна МЕСНІК