Легалізаваць прафесію

№ 21 (839) 24.05.2008 - 30.05.2008 г

Настрой “круглага стала”, які прайшоў напрыканцы насычанай мерапрыемствамі пятніцы, задала Алена МАКАРАВА. Адсочваючы практыку арганізацыі і правядзення дыскатэк у нашай краіне вось ужо на працягу пятнаццаці гадоў, яна пераканана: шмат гаворачы пра выхаваўчую ролю дыскатэк, мы забываемся, што гэта, у першую чаргу, — з’ява і “прадукт” шоу-бізнесу. І як бы мы ні хацелі “акультурыць” гэты від баўлення вольнага часу моладзі, дыскатэка была, ёсць і застанецца з’явай масавай культуры.

Прычым, як і любая “вытворная” шоу-бізнесу, дыскатэка з’яўляецца прадуктам тэхналагічным, заснаваным, у першую чаргу, на тэхнагенных магчымасцях.Адна з асноўных праблем дыскатэк палягае ў тым, што мы пастаянна адстаем ад таго запыту, які сёння існуе ў маладзёжным асяродку. Не толькі з пункта гледжання тэхналагічнага развіцця дыскатэк, але і ў плане іх музычнага напаўнення. На сённяшні дзень існуе неверагодная колькасць самых розных музычных накірункаў і плыняў на любы густ, таму клубныя работнікі не заўсёды здольны паспяваць за гэтым імклівым рухам. У выніку музычны “набор”, які прапануецца моладзі, не змяняецца не тое што гадамі — дзесяцігоддзямі.Прызнаючы гэтыя акалічнасці, мы павінны па-новаму зірнуць на тых людзей, якія займаюцца справай арганізацыі і правядзення дыскатэк. Сучасныя дзі-джэі — гэта людзі, якія аднолькава добра павінны арыентавацца ў найновых музычных плынях і мець за плячыма пэўны творчы “багаж”, а пажадана — і адпаведную прафесійную музычную адукацыю, а таксама, як ужо гаварылася, — неслабую тэхнічную падрыхтоўку. Варта ведаць і псіхалогію паводзін, у прыватнасці, маладзёжнай аўдыторыі, з якой даводзіцца працаваць. Асноўная задача дзі-джэя — як, зрэшты, і ўсяго шоу-бізнесу — задавальняць рэкрэацыйныя патрэбы чалавека. І для стварэння сваіх праграм ён прыцягвае сёння самыя розныя сродкі.Звярніце ўвагу: сёння на Захадзе прафесія дзі-джэя, так бы мовіць, “старэе” — гэтай справай усё больш займаюцца людзі немаладыя. 16-гадовага дзі-джэя там ужо днём з агнём не знойдзеш. І гэтая тэндэнцыя ў святле азначанага базісу ведаў натуральная.У маладзёжнай субкультуры дзі-джэінг прадугледжвае прыроду спаборніцтваў,— так, “на конкурснай аснове”, і нараджаецца маладзёжны лідэр. Не выпадкова сучасныя псіхолагі адзначаюць: кожны чалавек на Зямлі жадае для сябе 15 хвілін сапраўднай славы. А таму неабходна больш актыўна ладзіць разнастайныя фестывалі, конкурсы дзі-джэяў, спаборніцтвы паміж імі, у межах якіх яны змогуць пабачыць, што робяць іх калегі ў іншых рэгіёнах, пераняць станоўчы вопыт іх працы і падзяліцца сваім.Калі дзі-джэй — гэта тэхнолаг дыскатэкі, то далучае яе да культуры — МС-аніматар, на ім ляжыць не меншая роля ў арганізацыі дыскатэкі. І тут таксама патрэбны пэўныя сур’ёзныя навыкі, у тым ліку і псіхалагічнага кшталту — для таго, каб упраўляць натоўпам. Разумных, эфектыўных шоу-менаў неабходна і рыхтаваць грунтоўна.Але ж адзін дзі-джэй не ў стане стварыць сапраўднае шоу — яму патрэбна каманда, куды ўваходзяць піаршчык, сцэнарыст, “група падтрымкі” ў выглядзе таго ж дыска-клуба... Толькі тады, калі ўсе кампаненты будуць працаваць на “ідэю”, атрымаецца насамрэч цікавае і яркае прадстаўленне.Ёсць і яшчэ адна праблема, з якою сутыкаецца значная колькасць дыскатэк. Яны — справа маладых, і часам іх новаўвядзенні, жаданне ўводзіць у маладзёжную “тусоўку” актуальныя музычныя плыні сутыкаюцца з пэўным непрыняццем гэтага з боку работнікаў культуры сталага веку. Аднак зусім не варта так агрэсіўна рэагаваць на падобныя новаўвядзенні, бо дыскатэка — усё ж справа маладых.Алена Макарава не згодна з такой з’явай, як дзіцячыя дыскатэкі, — падобнае, на яе думку, проста нонсэнс! “Дыскатэка прадугледжвае пэўныя міжполавыя ўзаемаадносіны. Не будзем жа мы “правакаваць” да іх дзяцей, якія яшчэ не дасягнулі падлеткавага ўзросту! Можна ж назваць падобныя мерапрыемствы паіншаму: той жа гульнёвай, танцавальна-забаўляльнай праграмай”.І яшчэ адзін аспект, які варта закрануць: надзвычай малы працэнт на дыскатэках беларускай музыкі. Чаму так адбываецца? Маладыя людзі не ведаюць айчынных выканаўцаў? Думаецца, што якраз у дыскатэках схаваны значны рэзерв, якім на сённяшні дзень дзеячы айчыннага шоу-бізнесу амаль не карыстаюцца. Яны арыентуюцца на “раскрутку” музыканта ці спевака на вялікай сцэне, пажадана — у Расіі. І забываюцца пра шлях “з дыскатэкі”, які, падаецца, не менш, а можа, нават і больш эфектыўны і плённы.

Натуральна, што падобная расстаноўка акцэнтаўне магла не выклікаць рэзанансу з боку кіраўнікоў раённых і абласных устаноў культуры і метадычных цэнтраў. І асноўная думка, якую выказвалі літаральна ўсе без выключэння, хто браў у рукі мікрафон, — неабходнасць стварэння адпаведных умоў для прафесійнай падрыхтоўкі дзі-джэяў. І — вызначэння іх прафесійнага статуса, увёўшы ў штатныя расклады ўстаноў культуры спецыяльную адзінку. Наўрад ці рэальна патрабаваць высокага і стабільнага выніку ад чалавека з “няпрофільнай” адукацыяй, які, да таго ж, працуе ва ўстанове культуры па сумяшчальніцтве...