Анімацыйныя фільмы
Пасля папярэдняга адкрытага заслухоўвання творчых ідэй кінапраектаў камісія рэкамендавала Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь у 2017 — 2019 гадах для далейшага абвяшчэння на адкрытым рэспубліканскім конкурсе наступныя тэмы: “Беларускі фальклор для дзяцей”, “Пазнаваўчыя гісторыі для дзяцей”, “Анімацыйны мюзікл”, “Прыгоды для дзяцей”, “Анімацыйныя фільмы для дарослага гледача”, “Гісторыя Беларусі для дзяцей”.
Да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе былі рэкамендаваныя 24 сцэнарыі, з якіх 22 вытворчасці “Беларусьфільма”. З тэмы “Беларускі фальклор для дзяцей” былі адабраныя сцэнарыі фільмаў “Два суседы” А.Ленкіна; “Адкуль гусі на Беларусі”, Т.Кубліцкай; з тэмы “Анімацыйны мюзікл” — “Зоркі 7-га неба” Г.Давыдзькі, А.Туравай; з тэмы “Прыгоды для дзяцей” — “Тошка і кампанія” А.Ленкіна, Р.Шаграй, “Шчасце” Д.Якутовіча; з тэмы “Анімацыйныя фільмы для дарослага гледача” — “Плачка” па Яну Баршчэўскаму (аўтар — М.Янушкевіч); “Прэлюдыя і фуга” І.Волчака; “Пакінутае дзіця” А.Масла, Н.Дарвіна; з тэмы “Гісторыя Беларусі для дзяцей” — “Аповесць мінулых гадоў-8” групы аўтараў; “Магістр вольных мастацтваў” Д.Якутовіча; з тэмы “Пазнаваўчыя гісторыі для дзяцей”: “Жук” Т.Кубліцкай; “Вечнае каханне” І.Кадзюковай; “Акадэмія Мульцісон” А.Туравай; “Лагодны воўк” А.Масла, Н.Дарвіна; “Мышаня” К.Андрушачкіна; “Пра слана і чатырох сляпых” У.Пяткевіча; “Справа ў капелюшы” і “Бясстрашны Янка” А.Найман; “Незвычайныя жывёлы свету” І.Волчака; “Чарадзейная кніга” Р.Шаграй; “Займальная азбука” А.Карамышава, яшчэ два праекты належаць ТАА “Першай КінаВідэаКампаніі” (“Дамавёнак Плюх”, “Дамавая акадэмія” В.Анціпава на тэму “Прыгоды для дзяцей”) і ТАА “Кінасфера” (“Захавальнікі казак” К.Лялько і Т.Серабраковай на тэму “Пазнаваўчыя гісторыі для дзяцей”).
Неігравыя фільмы
Падтрыманы тэмы “Нашы сучаснікі”, “Сям’я Беларусі”, “Дзеці і моладзь Беларусі”, “Беларусь спартыўная”, “Культура Беларусі”, “Міжнароднае супрацоўніцтва Беларусі”.
Па той жа схеме былі адабраны 22 сцэнарыі, з якіх 20 — зноў жа вытворчасці “Беларусьфільма”. З тэмы “Нашы сучаснікі” былі рэкамендаваныя сцэнарыі фільмаў “Савецкі Чалавек”, “Шахцёры”, “Участковы” В.Аслюка; “Паглядзець на неба” І.Волах; “Доктар Шуба” І.Осінскага; “Кіно пра Беларусь” В.Заічэнка; з тэмы “Сям’я Беларусі” — “Папоў і Кліп”; “Урокі чытання” І.Куракевіч; “Нарадзіць нельга пачакаць” Н.Жамойдзік; з тэмы “Беларусь спартыўная” — “Каманда” Г.Адамовіч; з тэмы “Міжнароднае супрацоўніцтва” — “Беларусь-Малдова. Межы супрацоўніцтва”, з тэмы “Культура Беларусі” “Адраджэнне Грушаўкі” (абодва — У.Мароза); “Пад купалам” А.Анісімава; “Віктар Карамазаў. Мае браты духоўныя” С.Агеенка; “Беларускі жартоўны фальклор” Ю.Цімафеева; з тэмы “Дзеці і моладзь Беларусі” — “Саша”, “Непаўторная” В.Дашук; “Невядомы рай” Д.Юркевіч; “Інклюзія” А.Маркава. Яшчэ дзве пазіцыі — сцэнарыі студыі “Стопкадр” (“Аркаша. Маналог шчаслівага чалавека” Ю.Галулева на тэму “Нашы сучаснікі”) і ТАА “Кінасфера” (“Ваўчок” В.Бандаровіч на тэму “Беларусь спартыўная”). Па гэтым жа спісе камісія зрабіла заўвагі да некаторых сцэнарыяў кінастудыі “Беларусьфільм” — паводле іх трэба ўдакладніць метраж або дапрацаваць канцэпцыю сцэнарыя.
Ігравыя фільмы
Па гэтай катэгорыі камісія праслухала прадстаўнікоў 9 кампаній, а таксама каля 20 аўтараў, якімі былі прадэманстраваны 87 сцэнарыяў фільмаў у ігравой форме. Адзначылі тэмы “Экранізацыя твораў класікаў беларускай і сусветнай літаратуры”, “Пантэон нацыянальных герояў”, “100-годдзе Узброеных Сілаў Беларусі”, “Жыццё сучасных дзяцей і падлеткаў”, “Меладрама пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей”, “Жыццё сучаснай моладзі”, “Навагодняя сямейная камедыя”, “Жыццё сучаснай Беларусі”.
У выніковы спіс пасля ўсіх абмеркаванняў патрапілі не толькі сцэнарыі “Беларусьфільма” (з тэмы “Экранізацыя твораў класікаў беларускай і сусветнай літаратуры” былі абраныя для далейшага ўдзелу ў рэспубліканскім адкрытым конкурсе сцэнарыі фільмаў “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Французскія лісты”, “Надлом. Смутак векавы”; з тэмы “100-годдзе Узброеных Сілаў Беларусі” — “Не выканаць немагчыма”; з тэмы “Навагодняя сямейная камедыя” — “Вар’яцкі пярэдадзень”; з тэмы “Жыццё сучаснай моладзі” — “Гадзіннікі”; з тэмы “Пантэон нацыянальных герояў” — “Спадар “Не”; з тэмы “Камедыя для сямейнага прагляду” — “Берагіце бычкоў”, “Дурань! або Неверагодныя падарожжы майго сябра Вовы Пачобута на новай мяжы”; з тэмы “Жыццё сучаснай Беларусі” — “Літасцівасць”, “Новы свет”). Прайшлі далей сцэнарый А.Курэйчыка “Традыцыя” на тэму “Навагодняя сямейная камедыя”, сцэнарый “Трафарэт” К.Ярохіна на тэму “Жыццё сучаснай моладзі”, сцэнарыі ТАА “Кінасфера” “Янка Купала. Пакуль будзе неба” і “Фаня” на тэму “Пантэон нацыянальных герояў”, сцэнарыі ТАА “Nonstop Media” “Рагнеда” і “Вітаўт” на тую ж тэму і сцэнарыі “Вясна” (ЗАТ “Тэлевізійны прадзюсарскі цэнтр”) і “Новы свет” А.Уладзімірскай на тэму “Жыццё сучаснай Беларусі”. Амаль усе праекты былі прапанаваны ці рэкамендаваны для сумеснай працы з “Беларусьфільмам”, некаторым параілі працягваць работу над сцэнарыем, работу “Спадар “Не” падтрымліваць з вынясеннем праекта на фінансаванне за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы.
Камісіі рэкамендавалі Міністэрству культуры абвясціць конкурс сцэнарыяў па тэмах: “Гісторыя Беларусі” (“Францыск Скарына”, “Грунвальдская бітва”) і “Жыццё сучаснай Беларусі” (“Моладзь Беларусі”).