Навошта патрэбны мемарыял

№ 14 (1297) 08.04.2017 - 14.04.2017 г

Навіна пра ўзвядзенне мемарыяла ў Курапатах выклікала чакана бурлівую рэакцыю.

/i/content/pi/cult/632/14050/4-11.jpgПытанне, навошта трэба нешта будаваць, задаюць, сярод іншых, і тыя энтузіясты, хто цягам гадоў на валанцёрскіх пачатках займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі некропалю. Маўляў, варта абмежавацца захаваннем таго, што ўжо ёсць — так званага “народнага мемарыялу”, які спарадычна ўзнік цягам дзесяцігоддзяў. Па прынцыпе “сціпла, але ад сэрца”.

Без сумневу, руплівасць энтузіястаў вымагае шчырай падзякі. Але, тым не менш, трэба адзначыць, што яе недастаткова. Ужо хаця б таму, што мемарыял — гэта не толькі канкрэтны мастацкі аб’ект, але і добраўпарадкаванне ды архітэктурнае вырашэнне ўсёй тэрыторыі помніка, якое ўключае сцяжынкі з тым ці іншым пакрыццём, лаўкі, сметніцы і многае-многае іншае. А па цяперашніх часах у мокрую пару года ў Курапаты ў гарадскім абутку лепей не сувацца.

Да ўсяго, мемарыял — гэта пад’езды і стаянкі. Чаму некропаль выключаны амаль з усіх турыстычных маршрутаў па горадзе? Можа, таксама і па той прычыне, што дабрацца да яго — цэлая праблема?

І ўрэшце, “last but not least”. Мемарыял — гэта таксама і адпаведны персанал, які абслугоўвае дадзеную тэрыторыю: дворнікі, вартаўнікі, рабочыя і гэтак далей. Яму выдзяляецца адмысловая тэхніка, за яго працай пільна сочаць, і таму яна належным чынам выконваецца. Мемарыял — гэта тэрыторыя, якая мае адмысловы юрыдычны статус і на якой пануе пэўны рэгламент паводзінаў. А калі камусьці з суграмадзянаў захочацца яго парушыць — напрыклад, накрэмзаць паскудства або проста пасмажыць шашлычкоў — будзе каму прыняць яго пад белыя ручкі.

Без найдрабнейшага каліва зларадства, варта ўсё ж адзначыць, што акрэсленыя вышэй задачы сіламі грамадства пакуль не выконваюцца. І за амаль трыццаць гадоў прагрэс тут, шчыра кажучы, не надта пераканаўчы. А што да тых крыжоў, якія ўжо ўсталяваныя ў Курапатах… Хочацца верыць, ніводзін архітэктар не выступіць з прапановай іх выкарчаваць.

Другая катэгорыя крытычных выказванняў тычыцца самога правядзення конкурсу. СМІ на гэтым тыдні паведамілі пра сустрэчу міністра культуры Барыса Святлова з прадстаўнікамі грамадскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”, куды апошнія прыйшлі з уласнай прапановай праекта мемарыяла. Але наколькі вартым ён бы ні быў, варта адзначыць: рэгламент ёсць рэгламент, і менавіта ён прадугледжвае абавязковы адкрыты конкурс. На маю думку, справа грамадскасці ў дадзеным выпадку — пільна сачыць за тым, каб правілы гульні няўхільна выконваліся, але ні ў якім разе не прасоўваць свой “адзіна верны” варыянт.

А пакуль правілы гульні — не зусім агульныя. Ухваліўшы саму ідэю правядзення конкурсу, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, аднак, звярнуў увагу на прыкрую акалічнасць: паводле ўмоваў, праект мемарыяльнага знака патрабуецца выканаць на геападаснове маштабам 1:500, а гэты тапаграфічны матэрыял з’яўляецца дакументам для службовага карыстання — і, адпаведна, кожны ахвотны атрымаць яго не можа. Без сумневу, трохі насцярожваюць і тыя кароткія тэрміны (усяго месяц!), якія вызначаны для падрыхтоўкі такога адказнага праекта. Застаецца спадзявацца, што камісія не задаволіцца “лепшым з таго, што ёсць” і пры адсутнасці годнага варыянту працягне конкурс. Дарэчы, розгалас не раз закранаў тэму адсутнасці інфармацыі пра тых, хто ў камісію ўваходзіць.

Наўрад ці можна спадзявацца, што выніковы праект (якім бы ні быў высокамастацкім!) задаволіць абсалютна ўсіх. Гэтага проста не можа быць — хаця б таму, што густы ў людзей розныя. Але самае важнае — каб працэдура выбару была настолькі празрыстай і аргументаванай, што гэта будуць вымушаны прызнаць і незадаволеныя. Напэўна, менавіта апошняе і з’яўляецца перадумовай да першага кроку па пераўтварэнні Курапатаў з эпіцэнтра жарсцяў у месца памяці і спакою.

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"